«Наша Ніва» засталася з папярэджаннем


Падчас суда высветлілася, што ў беларускім заканадаўстве няма паняцця «грамадскага і дзяржаўнага інтарэсу».

А менавіта ў шкодзе грамадскім інтарэсам, а таксама дыскрэдытацыі органаў дзяржаўнай улады абвінаваціла Міністэрства інфармацыі выданне ў звязку з публікацыяй артыкулу «Дзяўчына знаходзілася пад заваламі, калі Лукашэнка ўскладаў кветкі» (матэрыял быў прысвечаны адной з ахвяраў тэракту ў менскім метро — студэнтцы Марыне Шубіч). На гэтай падставе 14 красавіка і было вынесенае папярэджанне, якое «Наша Ніва» абскарджвала сёння.

Суд не прыняў да ўвагі аргументы рэдакцыі, гаворыць рэдактар газеты Андрэй Скурко: «І тое, што мы адразу на сайце і ў газеце апублікавалі дакладную інфармацыю па Марыне Шубіч, і тое, што ніякіх праяваў парушэння грамадскіх інтарэсаў за паўтара месяца з моманту публікацыі не назіралася, і тое, што само вызначэнне «грамадскіх інтарэсаў» у заканадаўстве мае расплывістыя контуры, – суд не пераканала».

Суддзя Алена Маёрава прыняла рашэнне пакінуць папярэджанне Міністэрства інфармацыі ў сіле. Рэдакцыя заявіла пра намер абскардзіць яго ў Касацыйнай калегіі Вышэйшага гаспадарчага суда.

Андрэй Скурко правеў паралель: «Некалькі мінулых месяцаў дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі пісалі пра тое, што ў Беларусі не будзе дэвальвацыі рубля. А калі нават і будзе, то не разавая і не вялікая. Дэвальвацыя адбылася – парушэнне грамадскага інтарэсу відавочнае, людзі страцілі мільярд даляраў. Дыскрэдытацыя дзяржаўных органаў, падрыў даверу да іх таксама адбыліся. Ці будуць вынесеныя камусьці папярэджанні за гэта?»

Ці гатовая рэдакцыя да найгоршага выніку? «Калі ты ў Беларусі прыходзіш працаваць у сферу незалежнай прэсы, – адказвае рэдактар «Нашай Нівы», – ты заўсёды мусіш быць гатовы да горшага варыянту».

«У выпадку з «Нашай Нівай» улады ацанілі свой інтарэс як грамадскі, бо зразумела, што артыкул найперш нанёс шкоду менавіта яе іміджу», – зазначае чалец Праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў Таццяна Мельнічук. Што датычыць далейшага лёсу выдання, то ён, на меркаванне журналісткі, залежыць ад далейшага курсу беларускай улады: «Калі бліжэйшымі днямі будзе прынятае рашэнне, што краіна «пойдзе на Захад», то застануцца жывымі і «Наша Ніва», і «Народная Воля». Калі з курсам не вызначацца, то выданні будуць зачыненыя».

Абскардзіць сённяшняе рашэнне Вышэйшага гаспадарчага суда рэдакцыя мае права цягам месяца.

Belsat.eu

Стужка навінаў