Расея зноў атакуе ўкраінскія гарады. Атакі прыпадаюць на аб'екты крытычнай інфраструктуры


Каля 8:00 31 кастрычніка па ўсёй тэрыторыі Украіны абвешчаная паветраная трывога, акрамя Крыму. Паведамляецца пра ўзрывы ў Адэскай, Мікалаеўскай, Харкаўскай, Жытомірскай, Роўненскай, Вінніцкай, Кіраваградскай, Палтаўскай і Кіеўскай вобласцях. Таксама працуе СПА.

На 11:00 паветраныя сілы ЗСУ збілі 44 з 50 расейскіх ракетаў.

Намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Кірыла Цімашэнка заявіў, што праз масаваныя абстрэлы крытычнай інфраструктуры ўводзяцца экстраныя адлучэнні электраэнергіі. Магчымыя таксама перабоі з сувяззю ды інтэрнэтам.

У Запарожжы, Харкаве, Кіеве, Чаркаскай, Кіраваградскай і Чарнавіцкай вобласцях расейскія войскі атакавалі аб’екты крытычнай інфраструктуры.

«Ракетная атака працягваецца. СПА адпрацоўвае мэты. Заставайцеся ў сховішчах!» – напісаў кіраўнік Кіеўскай абласной вайсковай адміністрацыі (АВА) Аляксей Кулэба. Мэр Кіева Віталій Клічко пацвердзіў прылёты па абʼектах крытычнай інфраструктуры: «Частка сталіцы абясточана. У некаторых раёнах няма водазабеспячэння. Усе службы працуюць». Таксама ён паведаміў, што ў выніку ракетнага ўдару па Кіеве пашкоджаны аб’ект, які забяспечвае электраэнергіяй каля 350 тысяч кватэраў.

Пазней Аляксей Кулэба заклікаў кіяўлянаў рыхтавацца да працяглай адсутнасці электрычнасці.



У Вінніцкай вобласці збітая расейская ракета ўпала на цывільныя абʼекты, ёсць разбурэнні.

Расейскія ракеты таксама збіваюць у Львоўскай вобласці.

Вось што вядома пра ранішні абстрэл Харкава са словаў кіраўніка Харкаўскай АВА Алега Сынегубава: «Сёння прыблізна а 8:00 вораг нанёс па Харкаве і Чугуеўскім раёне ракетныя ўдары. Папярэдне, ракетамі комплексу С-300, якія запусцілі з Белгараду. Пашкоджаныя аб’екты крытычнай інфраструктуры. Таму магчымыя перабоі са святлом».

Каля 8:00 расейскія войскі таксама нанеслі ракетныя ўдары па Запарожжы. Пашкоджаныя абʼекты крытычнай інфраструктуры, таму магчымыя перабоі са святлом, напісаў кіраўнік Запарожскай АВА Аляксандр Старух. Пацярпелых пакуль няма, усе службы працуюць на месцах траплянняў.

«Укрзалізниця» паведамляе, што праз ранішнія ракетныя ўдары абясточаныя некалькі ўчасткаў чыгункі: Кіеў – Ужгарад, Кіеў – Краматорск, Кіеў – Дняпро.

Hавiны
Сакратар РНБА пра пагрозу з боку Беларусі: «Мы разумеем задумы ворага»
2022.10.30 23:34

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў