«Белсат» падводзіць вынікі апошняга дня лета – 387-га і наўрад ці апошняга дня беларускага паслявыбарчага пратэсту.
1 верасня – Дзень ведаў. За дзень да яго беларусы даведаліся, што ў школах заменяць вахцёраў на міліцыянтаў і збіраюцца замест сур’ёзных антывірусных захадаў паставіць «прапускны фільтр».
Раніцай з расейскай прэсы пайшло выказванне амбасадара Беларусі Уладзіміра Сямашкі аб тым, што Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падпішуць усе «дарожныя мапы» падчас візіту Лукашэнкі ў Маскву 9 жніўня. Пазней беларускі бок паправіў Сямашку. Аказалася, не 9-га, а 10-га, і не кіраўнікі дзяржаваў, а савет міністраў «саюзнай дзяржавы», і не падпішуць, а могуць падпісаць.
Далей – яшчэ загадкі. Першая: Сямашка таксама сказаў, што Беларусь атрымае нейкую кампенсацыю за расейскі падатковы манеўр. Якую – пакуль сакрэт. Другая: Лукашэнку накіравалі ўладны праект зменаў у Канстытуцыю, а што хочуць мяняць, не сказалі.
Генпракуратура спыніла справу супраць супрацоўнікаў «Прэс-Клуба», затое сілавікі прыйшлі з ператрусам да «Аховы птушак Бацькаўшчыны» і затрымалі аднаго супрацоўніка, а Вярхоўны суд ліквідаваў грамадскае аб’яднанне «Экадом».
Два гады «хатняй хіміі» становіцца стандартным пакараннем за каментар у інтэрнэце, на які пакрыўдзіўся чыноўнік. Толькі за сёння стала вядома пра яшчэ два такія выракі. Але калі пакрыўдзіўся міністр унутраных справаў Юрый Караеў, прысудам ужо не хатняя, а звычайная «хімія», з накіраваннем у папраўчую ўстанову. А проста паразмаўляць з АМАПам – 15 содняў, нават калі яны не абразіліся.
Польскі ўрад прапанаваў прэзідэнту ўвесці надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю ў сувязі з хваляй нелегальнай міграцыі з краінаў Азіі і Афрыкі. А прэзідэнт звярнуўся да беларусаў па-беларуску: сказаў уцекачам, каб адчувалі сябе як дома.
З Беларусі ж вымушана выехалі шэсць дыпламатаў Злучаных Штатаў – беларускія ўлады скарацілі штат амбасады да мінімуму.
Зборная Беларусі па хакеі зноў праляцела міма Алімпіяды. Беларускія хакеісты запісалі відэавіншаванне Лукашэнку, але многія гледачы параўналі гэтае відэа з «пакаяннямі», якія пад прымусам запісваюць затрыманыя сілавікамі.
У эканоміцы ўсё стабільна, дзяржаўны доўг крыху скараціўся з пачатку года. Новых крэдытаў Беларусі даюць няшмат, і толькі з усходу.
А галоўная навіна культуры за дзень – «Ашчушчэнія», новы альбом «Разбітага сэрца пацана». Паслухаць яго можна на ўсіх онлайн-пляцоўках.
АА belsat.eu