«The Washington Post»: Зяленскі сапраўды можа звольніць Залужнага, спрачаўся аб мабілізацыі


Чуткі аб звальненні галоўнакамандуючага Збройнымі сіламі Украіны Валерыя Залужнага не былі беспадстаўнымі, кажуць крыніцы амерыканскага выдання «The Washington Post».

Валерый Залужны
Галоўнакамандуючы Збройнымі сіламі Украіны Валерый Залужны. Кіеў, Украіна. 24 лютага 2023 года.
Фота: President Of Ukraine / Flickr

Ва Украіне даўно цыркулююць чуткі пра канфлікт прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і галоўнакамандуючага ЗСУ Валерыя Залужнага. 30 студзеня некаторыя ўкраінскія медыі распаўсюдзілі заяву аб тым, што Залужны нібыта быў звольнены, а на ягонае месца быў пастаўлены начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Кірыла Буданаў.

Навіна аказалася фэйкам. Але, паводле крыніцаў «The Washington Post», фэйкам не без падставаў.

«Далёка не відавочна, што любы новы камандзір зможа палепшыць цяжкую сітуацыю на полі бою ва Украіне без значнага павелічэння сілаў і зброі, – піша «The Washington Post». – Менавіта гэтага патрабаваў Залужны ад Зяленскага, дадаўшы напружанасці ў адносіны, якія і без таго былі папсаваныя».

Што кажуць пра спрэчку Зяленскага з Залужным

Два чалавекі на ўмовах ананімнасці распавялі «The Washington Post» пра сустрэчу Зяленскага з Залужным 29 студзеня.

Паводле крыніцы выдання, Зяленскі сказаў Залужнаму, што ўкраінцы стаміліся ад вайны і што краіны-саюзнікі Украіны замарудзілі вайсковую дапамогу, таму новы галоўнакамандуючы ЗСУ мог бы «асвяжыць» сітуацыю. Чакаецца таксама звальненне высокіх чыноў, звязаных з Залужным, кажа адна крыніца.

На той сустрэчы, як сцвярджаецца, між Зяленскім і Залужным была нязгода ў тым, колькі чалавек трэба мабілізаваць Украіне ў гэтым годзе: Залужны прапануе 500 тысяч, Зяленскі лічыць такую колькасць немэтазгоднай з улікам дэфіцыту зброі, навучальных установаў і нават вайсковай формы, а таксама патэнцыйных цяжкасцяў вербавання людзей.

Уладзімір Зяленскі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі разглядае мапу разам з вайскоўцамі. Купянск, Украіна. 30 лістапада 2023 года.
Фота: President Of Ukraine / Flickr

Залужны ж казаў, што ва Украіне ўжо бракуе сілаў праз рост стратаў, а трэба мець сілы, адпаведныя расейскім планам дадатковай мабілізацыі ў 400 тысяч чалавек, сцвярджае крыніца «The Washington Post».

Па словах высокапастаўленай крыніцы выдання, Залужнаму прапаноўвалі перайсці на іншую пасаду, але ён адмовіўся і збіраецца наогул звольніцца з вайсковай службы.

Вакол тэмы мабілізацыі ва Украіне сапраўды адбываецца штосьці дзіўнае

«The Washington Post» адзначае, што Зяленскі публічна заяўляў: ва Украіны бракуе сродкаў на 500 тысяч новых мабілізаваных. Гэта сапраўды было яшчэ 19 снежня, Зяленскі ацэньваў патэнцыйныя выдаткі на гэта ў 500 млрд грыўняў – звыш 13 млрд долараў.

Пра гэта Зяленскі казаў і пазней – напрыклад, у інтэрв’ю брытанскаму «Channel 4 News» 21 студзеня адзначаў, што пакуль не бачыў зразумелых абгрунтаванняў мабілізацыі 500 тысяч чалавек, хоць і адзначаў, што тыя, хто ваюе ад першага дня поўнамаштабнай вайны ва Украіне, справядліва заслужваюць, каб іх замянілі іншыя.

Чуткі пра новую мабілізацыю пайшлі па Украіне 16 снежня 2023 года – іх запусціла дэпутатка Вярхоўнай рады Мар’яна Бязуглая, якая распавяла на Facebook аб працы над законапраектам, які нібыта прадугледжваў нават мабілізацыю жанчын і інвалідаў. 19 снежня Зяленскі расказаў, што вайскоўцы прасілі мабілізаваць 450–500 тысяч чалавек. Законапраект унеслі ў Вярхоўную раду 25 снежня (там была мабілізацыя людзей з ІІІ групай інваліднасці, але не было мабілізацыі жанчын), але адклікалі 11 студзеня.

30 студзеня Кабінет міністраў зноў унёс у Вярхоўную раду законапраект пра мабілізацыю. У законапраекце прапісаныя грашовае забеспячэнне, тэрміны службы, адпачынкі, абавязковая вайсковая падрыхтоўка ў 2–3 месяцы і іншае. Пра мабілізацыю жанчын ці інвалідаў у праекце не вядзецца, канкрэтныя планы па колькасці мабілізаваных не акрэсленыя.

Сярод украінцаў чуткі пра мабілізацыю, а затым унясенне і адкліканне законапраекту выклікалі гарачыя абмеркаванні. Ды сярод палітыкаў не было тых, хто выступаў супраць мабілізацыі агулам –.крытыкавалі толькі асобныя аспекты і падыходы.

Ва ўкраінскіх медыях цыркулявала тэорыя пра нежаданне палітыкаў прымаць непапулярныя рашэнні пра мабілізацыю пры разуменні неабходнасці гэтых крокаў. «Українська правда», напрыклад, сфармулявала гэта так: пасля заявы Зяленскага пра 450–500 тысяч «пачалося своеасаблівае публічнае жангляванне, калі вышэйшыя палітычныя і вайсковыя чыноўнікі спрабавалі знайсці таго, хто б узяў на сябе адказнасць за новую мабілізацыю». А «РБК-Україна» напісала, што «цяпер наўрад ці існуе хоць адна канцэпцыя мабілізацыйнага працэсу, якая карысталася б абсалютнай падтрымкай сярод усіх украінцаў».

Агляд
Поспехі расейцаў на розных участках фронту. Што адбываецца ва Украіне?
2024.01.29 18:36

Хто можа замяніць Залужнага

«The Washington Post» звяртае ўвагу на тое, што леташні контрнаступ Украіны не апраўдаў чаканняў, а Залужны ігнараваў пэўныя парады Злучаных Штатаў наконт канцэнтравання сілаў. Але папулярнасць Залужнага сярод вайскоўцаў і цывільных грамадзянаў Украіны робіць ягонае зняцце рызыкоўным для Зяленскага, ды і нясе рызыкі ў час, калі Расея ўзмацняе атакі, а заходнія партнёры, з якімі Залужны мае наладжаны кантакт, запавольваюць дапамогу Украіне.

Што да патэнцыйных заменаў Залужнага, «The Washington Post» разважае: калі паставяць Буданава, гэта будзе значыць пераход да асіметрычнай тактыкі, як то нанясенне ўдараў беспілотнікамі ўглыб Расеі, але ж Буданаў не мае досведу камандавання ў звычайнай арміі.

Зяленскі, Залужны, Малюк, Буданаў
На пярэднім плане: прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. За ім злева направа: галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны, кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Малюк, начальнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Кірыла Буданаў. Цырымонія памяці ў Дзень памяці герояў Крутаў. Кіеў, Украіна. 29 студзеня 2024 года.
Фота: President Of Ukraine / Flickr

Іншы варыянт – генерал-палкоўкік Аляксандр Сырскі, камандуючы сухапутнымі войскамі Украіны, якому прыпісваюць кіраванне абаронай Кіева ў першы месяц поўнамаштабнай вайны і арганізацыю паспяховага контрнаступу на Харкаўшчыне восенню 2022 года. Але, піша «The Washington Post», Сырскі не надта папулярны сярод вайскоўцаў, яго «многія лічаць камандзірам савецкага тыпу, які занадта доўга трымаў сілы пад агнём у Бахмуце, калі Украіна павінна была адступаць».

Выданне прыводзіць словы ўкраінскіх вайскоўцаў, прозвішчаў якіх не называюць. Адзін кажа, што думкі Залужнага аб мабілізацыі слушныя. Другі – што не разумее, за што здымаць Залужнага, які «для 80 % вайскоўцаў вельмі аўтарытэтны», тады як «у войску ніхто не любіць Сырскага». Звальненне Залужнага адзін з вайскоўцаў у каментары выданню называе «катастрафічным крокам», бо ад гэтага ўпадзе мараль і вайскоўцаў, і цывільных.

Тым часам брытанскі «The Economist» піша, што Буданаў адмовіўся займаць пасаду Зяленскага, а брытанскі «The Times» распавядае, што адмовіўся і Сырскі.

Ваяры
Былы кантрактнік Лукашэнкі параўнаў армію Беларусі і ЗСУ
2024.01.28 18:45

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў