Залужнага не звольнілі?


Валерый Залужны апублікаваў у «Фэйсбуку» фота з начальнікам Генеральнага штабу Сяргеем Шапталам. Гэтак галоўнакамандуючы ЗСУ адказаў на чуткі пра ўласнае звальненне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Залужны зрабіў намёк, што ён на пасадзе застаецца і ўсё ў парадку для яго. Але, я думаю, гэта часова, – мяркуе палітолаг Уладзімір Фэсэнка. – Праблема ёсць, праблема застаецца, і рана ці позна яе давядзецца развязваць».

Інфармацыя пра адстаўку Залужнага з’явілася ў публічнай прасторы ў панядзелак увечары. Адным з першых пра яе паведаміў палітык Барыслаў Бяроза:

«Мае крыніцы паведамляюць пра звальненне Залужнага з пасады. Не ён звольніўся, а яго. Хаця будуць казаць інакш. На гэты момант вядома, што ён адмовіўся ад прапановы ўзначаліць Раду нацыянальнай бяспекі або стаць амбасадарам. Паколькі Залужны – вайсковец, яго пасады не цікавяць».

Услед за гэтым інфармацыю падхапілі медыі ды інфлюэнсеры. Напрыклад, дэпутаты парламенту Аляксей Ганчарэнка і Арцём Дмытрук.

«Гэта безадказна, калі падчас вайны некаторыя палітыкі і СМІ публічаць такую ​​неправераную інфармацыю. Больш за тое, гэта вельмі добра выкарыстоўвае РФ у сваёй гібрыднай вайне праз інфармацыйныя спецаперацыі», – мяркуе ўкраінскі палітолаг Аляксей Бурачэнка.

Прагучала нават прозвішча новага кіраўніка ЗСУ – гэта нібыта Кірыла Буданаў з Галоўнага ўпраўлення выведкі. Зрэшты, прэсавы сакратар прэзідэнта Украіны Сяргей Нікіфараў зняпраўдзіў інфармацыю. Сам Уладзімір Зяленскі ва ўчорашнім вячэрнім звароце ўвогуле ніяк гэтага не пракаментаваў.

Валерый Залужны падчас пасяджэння Вярхоўнай Рады Украіны. 28 ліпеня 2022 года.
Фота: president.gov.ua / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 4.0

«Ва ўмовах складанай сітуацыі на фронце Залужны актыўны ў сацыяльных сетках, а ягоная каманда яшчэ больш актыўная ў прасоўванні ідэі будучага прэзідэнцтва Залужнага, – разважае Уладзімір Фэсэнка. – І гэта, безумоўна, выклікае не проста негатыўныя эмоцыі, а вельмі вялікую незадаволенасць і нават раздражненне ў Офісе прэзідэнта. Таму ў прэзідэнцкай камандзе намагаюцца развязаць гэтую праблему. Учора была няўдалая спроба».

Выглядае, стасункі Зяленскага і Залужнага застаюцца напружаныя. Прычынаю разладу, імаверна, сталася інтэрвʼю кіраўніка Збройных сілаў выданню «Економіст» пра недастатковасць падтрымання. І рост незадаволенасці надзеямі на контрнаступ, што не спраўдзіліся. У любым выпадку гэта негатыўна адбіваецца на дзяржаўнай палітыцы і нясе небяспеку падчас вайны.

«На жаль, пакуль што няма гаворкі, каб Зяленскі і Залужны выступілі з якою-небудзь агульнаю заяваю, што яны будуць разам змагацца супраць Расеі да канца да перамогі», – мяркуе ўкраінскі палітолаг Яўген Магда.

Уладзімір Зяленскі можа звольніць Валерыя Залужнага ў любы момант. Ён мае такія паўнамоцтвы. Але пакуль не робіць гэтага з аглядкаю на палітычныя наступствы. Але, як зазначае Уладзімір Фэсэнка, акрамя рацыі ў палітыцы, існуюць таксама эмоцыі і псіхалогія.

Ян Федаровіч, «Белсат»