Украінскі палітолаг: «Заява Залужнага – гэта ўсё пра ўзаемадзеянне з партнёрамі»


ЗША адрэагавалі на артыкул у брытанскім часопісе «The Economist» галоўнакамандуючага Збройнымі сіламі Украіны Валерыя Залужнага, які заявіў, што вайна ва Украіне зайшла ў тупік і цяпер для перамогі неабходны магутны тэхналагічны прарыў і інавацыйныя падыходы. Палітолаг з Украіны Ігар Пятрэнка ўпэўнены, што Залужны зрабіў такую заяву спецыяльна для заходніх партнёраў, каб паўплываць на іхны падыход па забеспячэнні паставак тэхнікі. Пра гэта ён распавёў у жывым эфіры «Белсат».

Цалкам размову глядзіце тут:

«У сваю чаргу прэзідэнт Зяленскі ўчора ў звароце адказаў на скептыцызм Залужнага словамі пра тое, што мы гатовыя вас абараняць. Але зноў жа гэта ўсё павінна быць сумесна з нашымі партнёрамі і з той дапамогай, якую мы атрымліваем», – падкрэслівае Ігар Пятрэнка і заўважае, што ў цэлым трэба мяняць падыход Захаду да ўзбраення Украіны.

Тая ж тэхніка, якая цяпер пастаўляецца, паводле эксперта, не можа якасна змяніць сітуацыю на фронце.

«Пакуль мы, скажам, абаранялі Бахмут, і чакалі паставак узбраення ад нашых партнёраў, Расейская Федэрацыя цэментавала свае пазіцыі, умацоўвала іх, мінавала вельмі актыўна, і, безумоўна, мы гублялі час. Вельмі каштоўны для нас час. І гэтая страта канвертуецца цяпер у вялікую колькасць загінулых. Таму тут пытанне, што павінен быць больш тэхналагічны падыход», – кажа Пятрэнка.

Гэта ўсё датычнае не толькі сістэмаў размінавання, але і беспілотнікаў, робататэхнікі. І калі зараз замаруджвацца і прыйсці да пазіцыйнай вайны, то гэта толькі спрацуе на руку Расеі, якая, на думку палітолага, будзе працягваць працэс мінавання тэрыторыяў, будаўніцтва ўмацаванняў і мабілізацыі новых людзей.

«Таму абавязкова трэба захаваць за Украінай магчымасць прасоўвання. Няхай гэта будзе маруднае прасоўванне, няхай гэта будзе кіламетр за кіламетрам, але яно павіннае заставацца, таму што толькі ў такім выпадку мы не даем нашаму праціўніку мець магчымасць нарошчваць свой патэнцыял і ўмацоўвацца на ўкраінскай зямлі», – кажа украінскі палітолаг.

Гэта ўсё – вельмі важныя моманты, на якія працуюць цяпер розныя структуры краіны. І Ігар Пятрэнка ўпэўнены, што ў іх атрымаецца паўплываць на дыскусіі, якія цяпер адбываюцца вакол тэмы вайны, на сваю карысць.

Здымак вокладкі: CinCAFU / Telegram

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў