Расея рыхтуе новы наступ на Украіну? Хутчэй так, але наўрад ці будзе «паўтарэнне 24 лютага»


Залезці ў галаву прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна немагчыма, ды выглядае на тое, што ён можа рыхтаваць новы буйны наступ у вайне ва Украіне. Глядзім, што кажуць пра гэта аналітыкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі кулямётчык падчас агнявой падрыхтоўкі.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг 30 студзеня выступіў у карэйскім Інстытуце перспектыўных даследаванняў Чэі. Ён расказаў, што Паўночнаатлантычны альянс бачыць прыкметы падрыхтоўкі новага наступу Расеі на Украіну: Крэмль набывае новую зброю і боепрыпасы ў аўтарытарных дзяржавах, як то ў Іране і Паўночнай Карэі, нарошчвае ўласную вытворчасць узбраенняў, мабілізуе звыш 200 тысяч салдатаў і патэнцыйна нават больш… Галоўнае, што NATO не бачыць ніякіх прыкметаў таго, каб Уладзімір Пуцін «змяніў агульную мэту гэтага ўварвання, якая складаецца ў тым, каб кантраляваць суседа, кантраляваць Украіну».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі завочна адказаў на гэта. Падчас супольнага брыфінгу з прэм’ер-міністрам Даніі ў Адэсе вечарам 30 студзеня ён падкрэсліў, што з першага дня расейскага нападу ён атрымлівае інфармацыю ад выведкі Украіны і ад выведак дзяржаваў-партнёраў, камунікуе з лідарамі іншых дзяржаваў. Менавіта з магчымым рэваншам Расеі звязаныя запыты Украіны да партнёраў аб падтрымцы. Ён дадаў, што на Данбасе расейскі рэванш не спыняўся і нават пастаянна ўзмацняецца: штодня з’яўляюцца або новыя групы кадравых вайскоўцаў, або павелічэнне колькасці баевікоў «групы Вагнэра».

«Я думаю, што Расея вельмі хоча нейкага вялікага рэваншу, – казаў Зяленскі. – Я думаю, яна яго пачала. Я думаю, ім не ўдасца забяспечыць сваё грамадства ўпэўненым нейкім, пазітыўным рэзультатам у наступе. Я ўпэўнены ў нашай арміі. Я думаю, мы будзем іх усіх патрошку спыняць, разбіваць і рыхтаваць свой вялікі контрнаступ».

Словы Столтэнбэрга пракаментаваў таксама кіраўнік Рады рэзервістаў Сухапутных войскаў Украіны Іван Цімочка. Ён адзначыў, што нельга казаць пра нейкую новую тактыку ці стратэгію Расеі: на бахмуцкім і салядарскім напрамках Расея ўжывае тактыку малых групаў і павелічэння іх да ўзроўню ротаў, бо любая тэхніка ў раёне ўкраінскіх пазіцыяў адразу знішчаецца ўкраінскім войскам. Але пры пэўнай падрыхтаванай колькасці мабілізаваных Расея зможа пайсці ў наступ, лічыць ён, хоць тады будзе рызыка прарыву расейскай абароны і ўкраінскага контрнаступу.

Што плануе Расея?

Гэта невядома. Часопіс «Bloomberg» заяўляе, што крыніцы ў Крамлі расказалі пра падрыхтоўку Пуціным маштабнага наступу ў лютым-сакавіку, але агулам – падрыхтоўку да доўгай вайны. Ды ва ўмовах вайны план, аб якім загадзя вядома праціўніку, гэта кепскі план.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін запісаў навагодні зварот на фоне людзей у вайсковай форме. У некаторых з іх пазналі актораў, якія раней з’яўляліся побач з Пуціным у іншых ролях. 31 снежня 2022 года.
Фота: kremlin.ru

Нават калі здаецца, што план відавочны, вайскоўцы могуць пайсці іншым шляхам. Так, летам 2022 года шмат казалі пра будучы контрнаступ Украіны на Херсоншчыне, але ўкраінскія войскі спачатку нечакана вызвалілі амаль усю Харкаўскую вобласць, а толькі потым ўвайшлі ў Херсон.

Таму аналітыкам застаецца разглядаць ускосныя сведчанні і чакаць заяваў выведак – як таго папярэджання ад амерыканскай выведкі 23 лютага 2022 года аб расейскім нападзе на Украіну цягам наступных 48 гадзінаў. Пакуль жа ўкраінская выведка паведамляе, што вясной і пачаткам лета Данецкую і Луганскую вобласці чакаюць цяжкія баі, а выведкі іншых краінаў не кажуць пра штосьці, што б гэтаму супярэчыла.

Калі Расея атакуе, то на лініі Сватава-Крамянная?

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) штодзённа і падрабязна апісвае ход вайны ва Украіне. ISW называе «найбольш імаверным сцэнаром» спробу новага наступу Расеі ў бліжэйшыя месяцы – хутчэй за ўсё, у Луганскай вобласці, па лініі Сватава-Крамянная, са спробамі атак па іншых напрамках для адцягнення ўвагі. Галоўны аргумент – павялічаная канцэнтрацыя канвенцыйных войскаў уздоўж фронту ў Луганскай вобласці.

Мэтай атакі можа быць выхад на адміністратыўныя межы Луганскай вобласці – пакуль Расея кантралюе большую частку вобласці, але не ўсю. Адтуль Расея можа спрабаваць захапіць тэрыторыі вакол Ліману, спрабаваць пайсці далей на поўнач Данецкай вобласці ці на захад Харкаўскай. Але ISW лічыць вельмі малаімавернымі значныя поспехі Расеі на гэтым напрамку, нават калі будзе вялікая наступальная аперацыя.

Мапы баявых дзеянняў ва Украіне станам на 30 снежня:

Таксама ISW бачыць, што Расея на стратэгічным узроўні хоча сысці ад залежнасці ад баевікоў «групы Вагнэра» да падтрымкі звычайнага войска. Аб гэтым кажа вяртанне Валерыя Герасімава на пасаду кіраўніка расейскіх войскаў ва Украіне. Таксама на карысць гэтай тэорыі тое, што канвенцыйныя войскі, як то сілы 3-й мотастралковай дывізіі, стаяць уздоўж лініі Сватава-Крамянная і не падтрымліваюць наступ баевікоў на бахмуцкім напрамку. На Луганшчыну падвозяць новую зброю і выкарыстоўваюць цяжкія агнямётныя сістэмы ТОС-1А «Санцапёк», выганяюць насельніцтва з паселішчаў уздоўж фронту… Да таго ж, як заўважыла украінская выведка, з Беларусі ў Расею і адтуль у Луганскую вобласць перакінулі 2-ю мотастралковую дывізію.

ISW звяртае ўвагу на пасты расейскіх праваенных блогераў: расейскую інфапрастору рыхтуюць да новага наступу, які, як сцвярджаюць блогеры, будзе прарыўным, бо асноўныя сілы яшчэ нібыта не ўвайшлі ў бой.

Ці пойдуць праз Беларусь?

У сярэдзіне снежня галоўнакамандуючы Збройнымі сіламі Украіны Валерый Залужны казаў, што не сумняецца ў новай спробе паходу Расеі на Кіеў. Рабіць гэта найбліжэй праз Беларусь, але словы Залужнага не значаць, што Украіна бачыць падрыхтоўку нападу з Беларусі проста зараз – значаць толькі, што не сумняюцца ў жаданні зноў атакаваць Кіеў у нейкі момант.

Аналітыка
Ці ўступіць Беларусь у вайну? Пяць аргументаў на карысць і супраць найгоршага сцэнара
2023.01.06 07:00

Нягледзячы на павялічаную актыўнасць расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, ISW лічыць вельмі малаімаверным тое, што наступны напад Расеі будзе з беларускага боку. Фармаванне наступальнай групоўкі ў Беларусі не бачаць. Войскі ў Беларусь давезлі пасля таго, як частку забралі ў Луганскую вобласць, але агулам у Беларусі бачаць толькі 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Як ISW, так і ўкраінскія вайскоўцы і выведнікі пастаянна падкрэсліваюць: калі сітуацыя з расейскімі войскамі ў Беларусі зменіцца, пра гэта раскажуць.

Амерыканскі часопіс «The Hill» дадае да гэтага згадку пра нізкую матываванасць і падрыхтаванасць беларускіх войскаў – наўрад ці яны будуць карыснымі ў падтрымцы расейскага наступу.

Калі і будзе новы наступ, то не такі, як у лютым-2022

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Украіны Аляксей Данілаў у інтэрв’ю радыё «Свабода» 27 студзеня заявіў, што Расея рыхтуе новы наступ, гэта «не сакрэт». На ягоную думку, Расея рыхтуецца да новага нападу нават пад гадавіну ўварвання, у канцы лютага 2023 года.

Ды Данілаў адзначыў, што наўрад ці гэта будзе поўнамаштабны наступ на ўзор таго, што быў у лютым 2022 года. Як такі наступ можна паўтарыць, Данілаў не ўяўляе. На сёння, заўважыў ён, пільнасць ЗСУ і пільнасць на межах ужо зусім не такая, як была год таму, а таксама моцна змянілася сітуацыя з вайсковай дапамогай саюзнікаў Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падрыхтоўка расейскіх мабілізаваных. Кастрамская вобласць, Расея. 28 лістапада 2022 года.
Фота: минобороны.рф

Супраць таго, што Расея зладзіць поўнамаштабны наступ, выказваюць і мноства іншых аргументаў. Праблема з аргументамі ў тым, што яны грунтуюцца на логіцы аўтараў, якая можа не супадаць з логікай Пуціна і вайсковага кіраўніцтва Расеі. Але аргументы, напрыклад, такія:

  • год таму Расея нападала раптоўна і поўнымі сіламі, а цяпер няма ні раптоўнасці, ні тых сілаў – самыя элітныя ўжо страцілі ў баях;
  • той напад рыхтавалі вельмі доўга, і падрыхтоўка была добра заўважнай – бачнай на спадарожнікавых здымках;
  • цяпер Расея не вырабляе дастаткова тэхнікі, каб кампенсаваць свае страты і тым больш будучыя пастаўкі заходняй тэхнікі Украіне, а прадаваць Расеі зброю мала хто хоча;
  • нават калі пачаць мабілізацыю ў Расеі заўтра, будзе ўжо цяжка паспець добра падрыхтаваць мабілізаваных і не сарваць вясновы прызыў, ды і пасля мінулай мабілізацыі ахвочых «здавацца» ваенкамату будзе менш;
  • найбольш эфектыўныя, калі лічыць паводле захопу тэрыторыяў, у апошні час баевікі «групы Вагнера», але яны нясуць неймаверна высокія страты, таму немагчыма маштабаваць іхную тактыку на ўвесь фронт і на рэгулярнае войска і гэтак далей.

Што дакладна, дык тое, што ні ўкраінскія вайскоўцы і выведнікі, ні выведкі іншых краінаў не папярэджваюць аб падрыхтоўцы Расеяй поўнамаштабнага наступу на ўзор лютага-2022, а толькі кажуць пра магчымасць новага наступу меншых маштабаў.

Hавiны
«Да чагосьці рыхтуюцца». Гамяльчук распавёў пра змены на аэрадроме ў Зябраўцы і вакол яго
2023.01.28 21:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў