NATO бачыць прыкметы падрыхтоўкі новага наступу Расеі на Украіну


Арганізацыя паўночнаатлантычнай дамовы (NATO) бачыць прыкметы падрыхтоўкі новага наступу расейскіх войскаў на Украіну. Аб гэтым заявіў Генеральны сакратар арганізацыі Енс Стольтэнбэрг, выступаючы ў Інстытуце перспектыўных даследаванняў (CHEY) у Сеуле.

Енс Стольтэнбэрг падчас выступлення ў Сеуле. Скрыншот з відэа: NATO News / youtube

Паводле інфармацыі NATO, бачныя прыкметы падрыхтоўкі новага наступу Расеі на Украіну. Енс Стольтэнбэрг расказаў 30 студзеня ў Сеуле, што РФ набывае новую зброю і боепрыпасы, нарошчвае ўласную вытворчасць узбраенняў, павялічвае асабовы склад войска. Выступаючы ў CHEY, ён заявіў, што няма «прыкмет таго, што прэзідэнт Пуцін і ўлады ў Маскве рыхтуюцца да міру».

«Мы бачым адваротнае. Мы бачым, што яны рыхтуюцца да новага наступу, што яны мабілізуюць больш салдат, 200 000 чалавек, а магчыма, нават больш. Што яны актыўна набываюць новую зброю, больш боепрыпасаў. Нарошчваюць уласную вытворчасць, а таксама набываюць больш зброі ў іншых аўтарытарных дзяржаў, такіх як Іран і Паўночная Карэя. І самае галоўнае, мы не бачым ніякіх прыкмет таго, што прэзідэнт Пуцін змяніў агульную мэту гэтага ўварвання, якая складаецца ў тым, каб кантраляваць суседа, кантраляваць Украіну«, – сказаў Енс Стольтэнбэрг.

Генсек NATO таксама зазначыў, што наўрад ці хто сёння можа назваць тэрміны сканчэння гэтай вайны, аднак прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін мог бы яе скончыць прама сёння. Стольтэнбэрг асабліва падкрэсліў, што ўсім сілам, якія вераць у дэмакратыю і ў заснаваны на правілах міжнародны парадак, вельмі важна, каб Пуцін гэтую вайну не выйграў. Пры гэтым натаўскі кіраўнік дапускае, што і гэтая вайна «на нейкім этапе скончыцца за сталом перамоваў».

«Ваенная падтрымка сёння дазваляе дасягнуць мірнай дамовы заўтра. Але пакуль прэзідэнт Пуцін верыць, што можа перамагчы на полі бою, ён не сядзе і не пачне добрасумленна дзейнічаць. Так што парадокс у тым, што насамрэч ваенная падтрымка Украіны – лепшы спосаб дамагчыся мірнага перамоўнага рашэння ў вайне», – патлумачыў Стольтэнбэрг.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў