Калі не ведаеш, што рабіць, – вышывай і чакай

На маім стале ляжыць гатовая вышыўка з выяваю палітвязня Жэні Рубашкі. Заўтра я папрасую яе, прыгожа сфатаграфую, выстаўлю ў «Інстаграм» і буду шукаць, як перадаць яе ў сямейства іншых вышывак. Так-так, гэта праект Руфіны Базловай – беларускай мастачкі, якая жыве ў Празе. Напэўна, вы ўжо бачылі гэтыя стылізаваныя вышыўкі – чырвоным па белым, усё ў найлепшых каляровых традыцыях. Частка гэтых вышывак сюжэтная і прысвечаная групавым кейсам. У выпадку Жэні гэта анархісцкая групоўка «Прамень».

Фота: Віка Біран

Гэта другая мая гатовая вышыўка. На першай была выява Алены Талкачовай – журналісткі TUT.by. Дарэчы, якое шчасце, што на сайце аднаго экстрэмісцкага медыя можна пісаць без усялякіх зорачак назву іншага экстрэмісцкага медыя! Адразу чалавекам сябе пачуваеш. З Аленай мы калісьці вучыліся на журфаку. Я дагэтуль, здаецца, памятаю ейны почырк – роўны, акруглы, вытрыманы. Я адразу ведала, што хачу вышываць кагосьці, з кім знаёмая асабіста. Мяркую, не адна я ў Руфіны такая. Падчас працэсу вышывання я даведалася, што Алена выйшла на волю. Стаілася думка – а ці трэба вышываць далей? Ці не губляецца сэнс праекту? Стаілася – і знікла. Вядома, трэба! Кожны дзень, кожная гадзіна ў палоне дзяржаўных катаў вартая фіксавання. Калі ты выходзіш на волю – твой вопыт не анулюецца, ён назаўжды застаецца з табою.

Праз гэтую вышыўку я трымаю сувязь з Жэнем, нават калі ён не здагадваецца пра гэта. У мяне не так шмат механізмаў выявіць сваю любоў і павагу да яго. Калі чалавек сядзіць у СІЗА, спосабаў зрабіць гэта трошкі больш. Калі чалавека пераводзяць у турму ці ў калонію – усё, сувязь амаль цалкам абрываецца. Застаецца толькі памятаць і чакаць.

Памятаць і чакаць – не самы актыўны стан, пагадзіцеся. Тут лёгка праваліцца ў віну, безнадзейнасць, бессэнсоўнасць. Цалкам пераключыць увагу на больш актуальныя рэчы з жыцця тут і цяпер: праца, рамантычныя драмы, падтрыманне фізічнай формы…

Тэма турмы настолькі сумная і безнадзейная, што яе хочацца адрынуць. Турма – гэта ўжо не сэксі, так вам скажа кожны паважаны рэдактар медыя. Ну што я, маленькі чалавек, магу зрабіць, каб наблізіць волю Жэні і тысячаў іншых? Я нават пасылку не магу даслаць, не тое каб разбурыць турмы муры. Але ж ці не ўсе экзістэнцыйныя тэмы настолькі ж сумныя, безнадзейныя і папросту патрабуюць прыняцця? Як у вас з гэтым, ужо ўсё пралечана? У мяне з пераменным поспехам. Памятаю, напрыклад, што ўсе мы старэем і аднойчы памром, але фэйс-ёгу раблю ўсё роўна – каб раўнейшая скура была ў труне.

Чаканне і актыўная памяць – гэта тое, што нас, людзей на волі, нябачнымі нітачкамі аб’ядноўвае з тымі, хто цяпер у турме. І няхай гэта ўсё не сэксі і нагнала аскому – мы не інстаграм-зоркі, каб паварочвацца кожны дзень да гледача самым апетытным сваім бокам і гнацца за прывабнасцю.

Але «Інстаграмам» у пытаннях памяці не пагрэбуем і скажам дзякуй Руфіне і ўсім тым, каго яшчэ хапае на крэатыўнасць і хто дазваляе нам аб’яднацца ў сваім не сэксі болі і траўме, калектыўна перажыць іх – і ўсё ж дачакацца.

Вышыванне запавольвае. На волі час так хутка ідзе, занадта хутка. Зусім не так, напэўна, як у адзіночнай камеры. Калі вышываеш – не чытаеш навінаў, не скроліш паведамленняў, не правяраеш лайкаў. Прымаеш рэальнасць, якая цячэ сваёй хадою. Прымаеш гэтак сама, як рашэнне людзей не выязджаць з Беларусі, калі ім пагражае палон. Бо, калі верыць экзістэнцыйнай, а заадно і фемінісцкай мудрасці, няма адзінага правільнага адказу пра з’язджаць ці заставацца, сядаць ці не сядаць, эміграваць унутрана ці вонкава. І рэч не ў колькасці аргументаў за і супраць таго ці іншага рашэння, а ў тым, што ўсе мы – галоўныя эксперты свайго жыцця і робім свой уласны выбар. Як і Жэня зрабіў свой.

Меркаванні
Сіні пашпарт, як жа ты мне дораг
2023.08.22 12:31

Віка Біран belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў