Ірына Халіп у «Гарачым каментары»


«Я проста адмаўляюся верыць у тое, што Андрэя не будзе 5 гадоў».

Кажа жонка і давераная асоба экс-кандыдата Андрэя Саннікава, асуджанага ў суботу на 5 гадоў пазбаўлення волі.

16 траўня суд Заводскага раёну Менску вынес выракі давераным асобам экс-кандыдатаў на прэзідэнта Віталя Рымашэўскага, Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча. Павел Севярынец атрымаў тры гады «хіміі», Ірына Халіп і Сяргей Марцалеў – па два гады з адтэрміноўкаю.

Ірына Халіп пасля 3,5 месяцаў арышту нарэшце можа выйсці пагуляць са сваім малым сынам Данькам, якому ўчора споўнілася чатыры гады. Калі журналісты Першага расейскага каналу прывезлі Ірыну дадому, працаўнікі КДБ ужо пакінулі кватэру.

«Яны паводзілі сябе вельмі карэктна, некаторыя нават адкрыта казалі, што ім няёмка, што ім не хочацца тут знаходзіцца, але нічога не могуць зрабіць. Самым цяжкім часам быў месяц у СІЗА КДБ, калі я нічога не ведала пра свайго сына, акрамя таго, што яго збіраліся забраць у дзіцячы дом. А потым было цяжка аказацца ва ўласным доме і разумець, што я тут не гаспадар. Але я была закладніцай і застаюся закладніцай – Андрэй казаў, што яго шантажавалі маім жыццём і жыццём Даніка», – кажа журналістка.

Аднак, у адрозненне ад некаторых іншых палітыкаў, Саннікаў не паддаўся на шантаж уладаў. Пра што і заявіў на судзе, дзе распавёў пра факты катавання і псіхалагічны ціск. На жаль, суд не надаў гэтаму ўвагі.

«Андрэй аказаўся сапраўдным героем. Я ганаруся сваім мужам. Вядома, мне цяпер вельмі цяжка, калі я думаю пра тое, што яму далі 5 гадоў зняволення, я не ўяўляю сабе, як буду без яго жыць… Але я спадзяюся, што ён вернецца раней. Я проста адмаўляюся верыць у тое, што Андрэя не будзе 5 гадоў», – заявіла Ірына Халіп.

belsat.eu

Стужка навінаў