Антыўрадавыя пратэсты ў Сербіі і масаваны абстрэл Украіны. Фатаграфіі тыдня


Разліў рэк у Нямеччыне і Вугоршчыне пасля дажджоў, пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў у Сербіі, масаваны абстрэл Украіны – падвялі апошнія тыднёвыя вынікі гэтага года.

Украінскі вайсковец дорыць кветкі жанчынам у традыцыйным адзенні, якія спяваюць калядкі на станцыі метро ў Кіеве, Украіна. 25 снежня 2023 года.
Фота: Valentyn Ogirenko / Reuters / Forum
Дрэвы, часткова схаваныя пасля разліву ракі Ліпэ ў горадзе Гам (Hamm) на захадзе Нямеччыны. Рызыка паводкі ўзрастае ў некалькіх рэгіёнах Нямеччыны пасля павышэння ўзроўню вады ў шматлікіх рэках пасля моцных дажджоў. Гам, Нямеччына. 27 снежня 2023 года.
Фота: Ina Fassbender / AFP / East News
Кенгураня-альбінос, якое нарадзілася ў турэцкім заапарку Сінджан (Sincan), сядзіць у сумцы сваёй маці. Анкара, Турцыя. 25 снежня 2023 года.
Фота: Mehmet Futsi / Anadolu Press / Abaca Press / East News
Мужчыны, апранутыя ў фальшывую вайсковую форму, удзельнічаюць у яечна-мучной бітве «Els Enfarinats» у іспанскім горадзе Ібі. Падчас гэтага 200-гадовага традыцыйнага фестывалю ўдзельнікі імітуюць дзяржаўны пераварот з выкарыстаннем мукі і яек у рамках ушанавання Дня святых немаўлят. Ібі, Іспанія. 28 снежня 2023 года.
Фота: Jaime Reina / AFP / East News
Вайскоўцы праходзяць паблізу пашкоджанага гарадскога трамвая ў Запарожжы пасля масаванага ракетнага абстрэлу Украіны. Выбухі прагучалі ў Кіеве, Львове, Харкаве, Адэсе, Дняпры і іншых гарадах. У атацы былі выкарыстаныя гіпергукавыя «Кінжалы», балістычныя і крылатыя ракеты іншых відаў, ракеты С-300, а таксама авіяцыйныя Х-22 або Х-32 і беспілотнікі. Сама меней 30 чалавек загінулі і больш за 160 атрымалі раненні. Запарожжа, Украіна. 29 снежня 2023 года.
Фота: Andriy Andriyenko / AP Photo / East News
Студэнты блакуюць вуліцу каля будынку Міністэрства дзяржаўнага і мясцовага самакіравання Сербіі з плакатам з выявай сербскай паліцыі падчас акцыі пратэсту ў Бялградзе. Пратэсты ў Сербіі пачаліся пасля мясцовых і парламенцкіх выбараў, што адбыліся 17 снежня. Пратэстоўцы абвінавацілі ўлады ў падтасоўванні вынікаў выбараў шляхам укідвання бюлетэняў, подкупу выбарнікаў і іншых злоўжыванняў. Бялград, Сербія. 25 снежня 2023 года.
Фота: Andrej Isakovic / AFP / East News
Жанчыны сядзяць на лаўцы ля ракі Дунай, якая пасля моцных дажджоў выйшла з берагоў. Будапэшт, Вугоршчына. 28 снежня 2023 года.
Фота: Ferenc Isza / AFP / East News
Украінка Ганна Бойчук плача падчас цырымоніі пахавання свайго сына Васіля Бойчука, украінскага вайскоўца, які загінуў у Мікалаеве ў сакавіку 2022 года. 22 снежня Украіна вярнула з Расеі целы 66 загінулых вайскоўцаў у рамках абмену. Вэрхавына, Івана-Франкоўская вобласць, Украіна. 26 снежня 2023 года.
Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News
Паліцыя затрымлівае дэманстранта пасля акцыі пратэсту супраць рэформаў прэзідэнта Хавіера Мілея ў Буэнас-Айрэсе. Пратэст ініцыявала Усеагульная канфедэрацыя працы (CGT). 20 снежня новы ўрад падпісаў указ больш чым пра 300 рэформаў, накіраваных на аслабленне ўплыву дзяржавы на эканоміку Аргентыны, уключаючы крокі да прыватызацыі дзяржаўных кампаніяў, спрашчэння экспарту і спынення кантролю над коштамі, што выклікала хвалю пратэстаў. Буэнас-Айрэс, Аргентына. 27 снежня 2023 года.
Фота: Luis Robayo / AFP / East News
Людзі коўзаюцца на санках па замерзлым возеры ў Летнім палацы падчас заходу сонца ў Пекіне, Кітай. 28 снежня 2023 года.
Фота: Jade Gao / AFP / East News
Фота
Топ-20 фотаздымкаў «Белсату» за 2023 год
2023.12.09 13:15

Андрэй Шаўчэнка belsat.eu

Стужка навінаў