Супраць заснавальніцы «Саюзу маці Беларусі» і ейнага мужа распачалі крымінальную справу


Крымінальная справа паводле фактаў стварэння і кіравання экстрэмісцкім фармаваннем, знявагі і паклёпу на Лукашэнку, а таксама за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці заведзеная Баранавіцкай пракуратурай Беларусі супраць заснавальніцы арганізацыі «Саюз маці Беларусі» і ейнага мужа.

Матулі супраць вайны. Такі флэшмоб арганізавалі ўдзельніцы арганізацыі «Саюз маці Беларусі».
Фота: Союз Матерей / Telegram

Паводле матэрыялаў справы, 60-гадовая заснавальніца «Саюзу маці Беларусі» не пазней за люты 2022 стварыла «экстрэмісцкае фармаванне» і кіравала ім.

Яе вінавацяць у тым, што на адным з рэсурсаў яна размясціла відэазапіс, у якім прагучаў паклёп на Аляксандра Лукашэнку, «у тым ліку абвінавачанні ў здзяйсненні цяжкага злачынства».

Акрамя таго, паведамляецца, што муж заснавальніцы таксама падазраваны, бо даў інтэрв’ю выданню, прызнанаму «экстрэмісцкім фармаваннем» і ў сацсетках размясціў абразы на адрас Лукашэнкі.

Крымінальныя справы былі накіраваныя ў Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэту для правядзення расследавання.

Цяпер сужэнцы за межамі Беларусі.

Нагадаем, што 29 верасня 2023 года КДБ прызнаў «Саюз маці Беларусі» экстрэмісцкім фармаваннем, адзначыўшы людзей, нібыта датычных да дзейнасці арганізацыі (сярод іх Анцілеўская Святлана, Здановіч Вольга, Якавенка (Ліфанава) Таісія, Алесінская Наталля, Тарпанава (Васільцова) Таццяна).

Арганізацыя «Саюз маці Беларусі» была створаная пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. На яе сайце пазначана, што «мы не хочам вайны, мы хочам міру і росквіту нашым краінам, нашым сем’ям, нашым дзецям. Мы не жадаем, каб адны маці адпраўлялі забіваць дзяцей іншых маці. Мы за мір! Тут дапамагаем маці праяўляць антываенную пазіцыю, знаходзіць аднадумцаў і важную інфармацыю для выратавання жыццяў сваіх дзяцей!»

Hавiны
У Беларусі новы флэш-моб: матулі супраць вайны
2022.07.06 17:11

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў