Колькасць забітых перавысіла 200 тысячаў? Аналізуем звесткі пра страты Украіны і Расеі


У нядзелю 25 лютага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўпершыню за доўгі час агучыў лічбы стратаў у поўнамаштабнай вайне з Расеяй: паводле яго, загінула 31 тысяча ўкраінскіх вайскоўцаў і 180 тысяч расейскіх. Гэтыя звесткі выклікаюць шмат пытанняў, аднак выглядаюць значна больш праўдападобна, чым афіцыйныя дадзеныя Мінабароны РФ. Belsat.eu сабраў і прааналізаваў усю даступную інфармацыю пра страты арміяў Расеі і Украіны.

Прэс-канферэнцыя прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў другую гадавіну пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Страты Украіны

Заява Уладзіміра Зяленскага наконт стратаў украінскага войска стала важнай падзеяй, бо афіцыйныя асобы не выказваліся на гэтую тэму са снежня 2022 года. Тады дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Міхайла Падаляк паведаміў, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання загінулі ад 10 да 12,5-13 тысяч вайскоўцаў.

Разам з тым, лік, агучаны Зяленскім, выклікае шмат пытанняў. Некаторым ён падаўся заніжаным. Напрыклад, крыніцы выдання «The New York Times» яшчэ паўгода таму, у жніўні 2023-га, казалі, што Украіна страціла каля 70 тысяч жаўнераў забітымі і 100-120 тысяч параненымі. А праект «UALosses», які вядзе пайменны падлік, мае звесткі пра больш чым 42 тысячы загінулых.

Чаму ацэнкі настолькі моцна адрозніваюцца? Зяленскі адмовіўся называць колькасць зніклых без вестак і параненых, што дазволіла б скласці паўнейшую карціну стратаў Украіны. Гэта пакідае прастору для розных інтэрпрэтацыяў агучанага ліку.

Як патлумачыў у эфіры «Киів 24» афіцэр ЗСУ і вядомы валанцёр Міраслаў Гай, паводле закону Украіны вайсковец не лічыцца загінулым, пакуль ягонае цела не забралі з поля бою. Калі цела ўкраінскага ваяра засталося на кантраляванай расейцамі тэрыторыі, ён будзе лічыцца зніклым без вестак, нават калі ў ягонай гібелі няма сумневаў.

«На жаль, нават калі мы дакладна ведаем, былі сведкі ці нехта асабіста бачыў, што чалавек загінуў, атрымаў раненні, несумяшчальныя з жыццём, і яго не змаглі эвакуяваць праз тое, што гэта было немагчыма зрабіць пад агнём ворага, ён будзе лічыцца зніклым без вестак», – зазначыў Міраслаў Гай.

У кастрычніку 2023 года намеснік міністра ўнутраных справаў Украіны Леанід Тымчэнка заявіў, што з пачатку поўнамаштабнай вайны зніклі 26 тысяч украінцаў – 15 тысяч вайскоўцаў і 11 тысяч цывільных. Натуральна, не кожны зніклы без вестак загінуў: потым можа высветліцца, што чалавек проста трапіў у палон (Зяленскі якраз гэтым і патлумачыў сваё нежаданне называць колькасць зніклых без вестак). Аднак многіх з іх сапраўды няма ў жывых.

Дэпутатка Вярхоўнай Рады Мар’яна Бэзугла распавяла, што чальцы парламенту атрымалі ад Генеральнага штабу ЗСУ той лік загінулых (31 тысяча), аднак разам са зніклымі без вестак страты могуць дасягаць 50 тысяч асобаў. Дэпутат Раман Кастэнка ўдакладніў, што прадстаўнікі Генштабу ў Вярхоўнай радзе казалі толькі пра 7-8 тысяч зніклых – такім чынам, страты могуць складаць да 40 тысяч.

Ёсць і іншыя асаблівасці, якія варта ўлічваць. Зяленскі, напэўна, казаў выключна пра баявыя страты. Тады як база праекту «UALosses» уключае ў сябе таксама выпадкі небаявых смерцяў вайскоўцаў – ад няшчасных выпадкаў, неасцярожнага абыходжання са зброяй, хваробаў, суіцыду і г. д. Як зазначыў намеснік дырэктара Нацыянальнага вайскова-гістарычнага музею  Яраслаў Тынчэнка ў інтэрв’ю DW, колькасць небаявых стратаў можа дасягаць траціны ад баявых – то бок каля 10 тысячаў, у выпадку з дадзенымі прэзідэнта.

Ілюмінацыю «Прамень памяці» відаць над магіламі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі на вайне з Расеяй, падчас наведвання Лычакоўскіх могілак у Львове, Украіна. 23 лютага 2024 года.
Фота: Yuriy Dyachyshyn / AFP / East News

Акрамя таго, расейскі незалежны вайсковы аналітык Ян Мацвееў выказаў думку, што Зяленскі мог казаць толькі пра ЗСУ і не ўлічыць страты ў падраздзяленнях, падпарадкаваных МУС. Тады як падраздзяленні МУС складаюць да 20 % усіх Сілаў абароны Украіны.

Незалежная аналітычная суполка «Conflict Intelligence Team» выказвае думку, што не адпавядаюць рэчаіснасці ні лік Зяленскага, ні ацэнкі крыніцаў «The New York Times». Паводле CIT, насамрэч страты Украіны з улікам зніклых без вестак можна ацаніць прыкладна як 50-60 тысяч асобаў.

Страты Расеі

Зяленскі 25 лютага агучыў таксама лік расейскіх стратаў: 180 тысяч толькі загінулымі, а разам з параненымі – паўмільёна.

Гэтая заява цікавая тым, што супярэчыць звесткам Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны. Генштаб у зводцы за 28 лютага паведамляў, што страты расейскага войска з пачатку вайны склалі ўжо 412 610 асобаў. У зводках традыцыйна выкарыстоўваецца менавіта тэрмін «страты», які можа інтэрпрэтавацца як у шырокім сэнсе (страты забітымі і параненымі), гэтак і ў вузкім (толькі забітымі або забітымі і скалечанымі). У першым выпадку ў параўнанні з заявай Зяленскага страты занадта малыя, у другім выпадку – занадта вялікія. Аднак наколькі ў прынцыпе рэалістычныя ацэнкі ўкраінскага боку?

Журналісты выданняў BBC і «Медиазона» станам на люты здолелі высветліць імёны больш чым 45 тысяч расейскіх вайскоўцаў. Гаворка выключна пра пацверджаныя факты гібелі, звесткі пра якія з’явіліся ў адкрытых крыніцах. З улікам інфармацыі з могілак, таксама аналізаванай журналістамі, BBC прыйшло да высновы, што страты расейскага войска забітымі могуць быць удвая большыя – каля 90 тысяч асобаў.

Яшчэ адно важнае даследаванне супольна правялі «Медиазона» і «Медуза». Яны разлічылі залішнюю смяротнасць расейскіх мужчынаў паводле рэестру спадчынных справаў і зрабілі выснову, што агульныя страты Расеі ў вайне да 1 студзеня 2024 года склалі 75 тысяч асобаў (без уліку зніклых без вестак). Гэта не дакладныя лічбы, а статыстычная ацэнка, якая залежыць у тым ліку ад выпадковасці – то бок найбольш верагоднае значэнне ўнутры даволі шырокага дыяпазону ад 66 да 88 тысяч асобаў. Прычым туды не ўвайшлі дадзеныя за першыя месяцы 2024 года, калі працягваўся крывавы штурм Аўдзееўкі. Нават паводле некаторых расейскіх крыніцаў агульныя незваротныя страты Расеі пад Аўдзееўкай склалі 16 тысячаў асобаў (гэта больш, чым страціў СССР за 10 гадоў вайны ў Афганістане).

Аналітыка
Расея захапіла Аўдзееўку, але з пазіцыйнага тупіка не выйшла. Тлумачым, што адбываецца
2024.02.20 17:43

Усе гэтыя даследаванні не ўлічваюць салдатаў узброеных фармаванняў непрызнаных ЛНР і ДНР, а яны зазналі за час баявых дзеянняў велізарныя страты. На аснове адкрытых крыніцаў журналісты зрабілі выснову пра гібель прынамсі 23 200 байцоў самаабвешчаных утварэнняў. Таму агульныя страты агрэсара ў поўнамаштабнай вайне BBC ацэньвае больш як на 113 тысяч асобаў.

Гэта зноў-ткі вельмі кансерватыўная ацэнка. У жніўні 2023-га «The New York Times» са спасылкаю на афіцыйных асобаў ЗША паведамляла, што сумарныя страты РФ ва Украіне ўжо тады набліжаліся да 300 тысяч асобаў: 120 тысяч загінулых і 170-180 тысяч параненых. Лік 300 тысяч забітымі і параненымі восенню 2023 года таксама фігураваў у заяве генеральнага сакратара NATO Енса Стольтэнбэрга і дадзеных брытанскай выведкі.

Незалежны аналітык Ян Мацвееў кажа, што з улікам байцоў ЛДНР колькасць загінулых з расейскага боку цалкам можа дасягаць 150 тысяч асобаў.

Высновы

Такім чынам, лічбы Зяленскага, імаверна, заніжаныя адносна Украіны і, магчыма, завышаныя адносна Расеі. Аднак адарванымі ад рэальнасці іх назваць нельга. На адрозненне ад абсалютна фантастычных звестак Міністэрства абароны РФ, якое ацэньвае ўкраінскія страты як 444 тысяч асобаў.

Вайскоўцы аднаго з мабільных падраздзяленняў супрацьпаветранай абароны брыгады Нацгвардыі Украіны нясуць баявое дзяжурства ў невядомых мясцінах ва Украіне. 27 лютага 2024 года.
Фота: Ukrinform / East News

Цалкам імаверна, што агульная колькасць забітых вайскоўцаў Украіны і РФ сапраўды набліжаецца да 200 тысяч асобаў ці ўжо перавысіла гэтую планку. Нават калі прыбраць максімальная і мінімальныя ацэнкі, якія выглядаюць найменш пераканаўча, рэальныя страты Украіны загінулымі за час вайны, імаверна, могуць складаць каля 40-60 тысяч вайскоўцаў. Страты Расеі – 110-150 тысячаў.

Пры гэтым, паводле ранейшай ацэнкі эксперта Цэнтру вайскова-марскога аналізу Майкла Кофмана, падчас вайны на кожнага загінулага прыпадае ў сярэднім 3,5 параненага. Гэта значыць, што звесткі Зяленскага наконт 500 тысяч забітых і параненых з боку РФ, хутчэй за ўсё, цалкам адпавядаюць рэчаіснасці. Формула Кофмана дазваляе зразумець і прыкладную колькасць параненых з боку Украіны: нават калі абапірацца на заяву Зяленскага пра 31 тысячу загінулых, раненні мусілі атрымаць ніяк не менш за 100 тысяч вайскоўцаў.

Варта звярнуць увагу на два важныя моманты. Па-першае, фактычна ніхто не ставіць пад сумнеў, што страты ўкраінскай арміі ў гэтай вайне ніжэйшыя за расейскія. Як мінімум, гаворка ідзе пра суадносіны 1 да 1,7 (калі абапірацца на звесткі NYT) або 1 да 2 (ацэнка CIT). Як максімум, суадносіны могуць дасягаць 1 да 5 (інтэрв’ю Зяленскага «Fox News») або 1 да 5,8 (заява Зяленскага 25 лютага). Праўда, апошняе ўсё-ткі малаімаверна, бо інакш на такую каласальную розніцу звярнулі б увагу заходнія выведкі, а яны ніколі пра гэта не казалі.

Па-другое, ёсць падставы меркаваць, што ў 2023 годзе страты з абодвух бакоў былі істотна вышэйшыя, чым у 2022-м (нягледзячы на тое, што лінія фронту цягам года змянілася нязначна). З украінскага боку на гэта ўказвае параўнанне цяперашніх лічбаў Зяленскага і лічбаў, агучаных у снежні 2022-га Падаляком. З расейскага боку пра гэта сведчаць даследаванні незалежных журналістаў паводле адкрытых крыніцаў. «Медуза» піша, што ў 2023-м колькасць загінулых у расейскіх падраздзяленнях павялічылася больш чым удвая, дасягнуўшы піку падчас бітвы за Бахмут. Тады штотыдзень гінулі да 2 тысяч вайскоўцаў агрэсара.

Аналітыка
Ад 100 да 500 тысячаў. Якія страты зазнала Расея і Украіна за 1,5 года вайны
2023.08.24 09:32

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў