Амаль 500 новых палітвязняў: рэпрэсіі ў Беларусі ў 2022 годзе


Мы сустракалі 2022 год з 969 палітвязнямі, на развітанне з ім маем амаль паўтары тысячы зняволеных паводле палітычных матываў. І гэта толькі тыя, пра каго вядома праваабаронцам. Рэпрэсіі ў бягучым годзе ўзмацніліся, турэмныя тэрміны стала большымі. Мы паглядзелі, што сёлета было характэрным для палітычнага пераследу, у чым найчасцей абвінавачвалі, у якіх пенітэнцыярных установах палітвязняў найбольш, колькі зняволеных адбылі свае тэрміны і выйшлі на волю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Бел-чырвона-белы сцяг з прозвішчамі беларускіх палітвязняў, які стварыла журналістка «Белсату» і грамадская актывістка Марыя Грыц. На ім ад рукі яна напісала імёны ўсіх беларускіх палітвязняў, якія зазналі палітычны пераслед з 1996 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Усцяж пераследуюць удзельнікаў пратэстаў 2020 года

Адсочваннем сітуацыі з рэпрэсіямі ў Беларусі займаюцца Праваабарончы цэнтр «Вясна», а таксама ініцыятыва dissidentby. Акрамя таго, статыстыку асобна аб пераследзе працаўнікоў сферы культуры збірае Беларускі ПЭН-цэнтр, а пра медыкаў – і Фонд медычнай салідарнасці Беларусі.

Паводле «Вясны», на дзень 28 снежня ў Беларусі 1456 чалавек прызнаныя палітвязнямі. Гэта на 487 асобаў больш, чым было 1 студзеня 2022 года. Сярод зняволеных – 166 жанчын. І гэта толькі афіцыйныя лічбы, якія называюць праваабаронцы. Не ўсіх пакуль прызналі палітвязнямі і не пра ўсе палітычна матываваныя затрыманні праваабаронцам вядома.

Значная частка асуджаных – удзельнікі пратэсных акцыяў 2020 года, якіх спачатку каралі паводле адміністратыўных артыкулаў. У 2022 годзе працягнулася і замацавалася тэндэнцыя 2021 года, калі ўдзельнікаў мірных мітынгаў пачалі прыцягваць да крымінальнай адказнасці. «Адміністратыўкі» за парушэнне заканадаўства аб арганізацыі і правядзенні масавых мерапрыемстваў цяпер ужо не даюць – адразу «крыміналкі» за ўдзел у беспарадках, блакаванне дарог, распальванне варожасці і да т. п.

Адміністратыўныя «трэнды»: арышты за рэпосты з «экстрэмісцкіх» рэсурсаў, перазатрыманні

Самы папулярны адміністратыўны артыкул сёння – 19.11, «Выраб, захоўванне і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Паводле яго караюць за падпіску на так званыя «экстрэмісцкія» рэсурсы і за рэпосты з іх, захоўванне беларускай нацыянальнай сімволікі, фотаздымкі з ёй у сацсетках. Дагэтуль «у трэндзе» непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Працягнулі ў 2022 годзе і практыку шматразовых перазатрыманняў на содні. «Рэкардсменам» сёлета стаў праваслаўны святар Уладзіслаў Багамольнікаў, якога судзілі 7 разоў. Агулам ён правёў на Акрэсціна больш за 100 содняў.

Толькі ў лістападзе «Вясне» стала вядома пра 206 выпадкаў палітычна матываванага адміністратыўнага пераследу. 31 чалавек атрымаў штраф, 95 асудзілі да адміністратыўнага арышту. За снежань поўнай статыстыкі пакуль няма, але калі скласці інфармацыю за 11 месяцаў, можна ўбачыць, што ў 2022 годзе ў адміністратыўных справах былі затрыманыя каля 3,5 тысячы чалавек.

За што судзілі палітвязняў: самыя папулярныя і рэдкія артыкулы Крымінальнага кодэксу

Што датычыць крымінальных справаў «экстрэмісцкай накіраванасці», 29 лістапада Следчы камітэт адсправаздачыўся, што з 9 жніўня 2020 года іх было заведзена 11 506. А за 11 месяцаў 2022 года былі выяўленыя 5000 новых выпадкаў «злачынства экстрэмісцкай скіраванасці», паводле генеральнага пракурора Беларусі Андрэя Шведа.

«Ільвіную долю складаюць злачынствы, звязаныя з абразамі прадстаўнікоў улады, паклёпам, дыскрэдытацыяй нашай рэспублікі, распальваннем варожасці», – заявіў пракурор.

Самым «папулярным» артыкулам, паводле якога судзілі палітвязняў, стаў арт. 342 Крымінальнага кодэксу РБ – «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Паводле яго, сведчыць статыстыка «Вясны», агулам асудзілі 504 чалавекі. На другім месцы – арт. 369 КК – «Абраза прадстаўніка ўлады», у якой абвінавацілі 283 чалавекі. На трэцім – арт. 368 КК – «Абраза прэзідэнта», за якую асудзілі 248 чалавек. Далей ідзе арт. 130 КК – «Распальванне варожасці» – за яго сядзяць 243 асуджаныя. 148 палітвязняў судзілі паводле ч. 2 арт. 293 КК – «Удзел у масавых беспарадках», 143 – паводле арт. 364 – «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўнікаў органаў унутраных справаў».

Самымі рэдкімі ў судовых справах супраць палітвязняў сталі артыкулы: 130-1 – «Рэабілітацыя нацызму», 235 – «Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам», 342-2 – «Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў», 346 – «Здзек з гісторыка-культурных каштоўнасцяў», 377 – «Знішчэнне афіцыйных дакументаў», 400 – «Заведама непраўдзівы данос», 407 – «Раскрыццё звестак дазнання, папярэдняга следства або закрытага судовага паседжання», 435 – «Ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу», ч. 1 арт. 333 – «Незаконны абарот моцнадзейных або атрутных рэчываў», ч. 1 арт. 375-1 – «Незаконнае збіранне звестак, якія ўяўляюць дзяржаўныя сакрэты», ч. 3 арт. 214 – «Згон транспартнага сродку, здзейснены з ужываннем гвалту або з пагрозай яго ўжывання». Паводле гэтых артыкулаў, кажуць праваабаронцы «Вясны», асудзілі па адным чалавеку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: чытачы / Белсат

У якой турме найбольш палітвязняў?

Палітвязні сёння ёсць амаль ва ўсіх пенітэнцыярных установах Беларусі. Найбольш іх, паводле «Вясны», у менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага – 177. На другім месцы – калонія № 2 у Бабруйску – там 99 палітвязняў. За Бабруйскам ідзе магілёўская калонія № 15, дзе адбываюць пакаранні 97 палітвязняў. Таксама вельмі шмат – 92 палітвязні – у Гомельскім СІЗА № 3.

Найменш палітвязняў у калоніі № 13 у Глыбокім – 3 чалавекі, у калоніі № 24 у Зарэччы Рэчыцкага раёну – таксама 3 чалавекі, у калоніі № 12 у Воршы – 1 палітвязень. Таксама па адным палітвязні – у папраўчых установах адкрытага тыпу («хімія») № 47 у Мсціславе, № 3 у Бярозе, № 51 у Менску.

Агулам у СІЗА цяпер утрымліваюць 409 палітвязняў, у калоніях – 563, у папраўчых установах адкрытага тыпу («хімія») – 268, у крытых турмах – 112. Тры чалавекі застаюцца на прымусовым лекаванні ў РНПЦ псіхіятрычнага здароўя ў Менску, 103 – на волі чакаюць адбыцця пакарання.

Падрабязней пра тое, у якіх пенітэнцыярных установах колькі палітвязняў, глядзіце нашую інфаграфіку.

Палітвязняў працягваюць катаваць

У 2022 годзе вязняў працягвалі катаваць. Катаванні зазнала палітзняволеная праваабаронца Наста Лойка. Яе некалькі разоў арыштоўвалі на 15 содняў, а ўрэшце завялі крымінальную справу паводле арт. 342 КК – «Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх». Наста распавяла, што ў зняволенні супрацоўнік ГУБАЗіКу біў яе электрашокерам. Акрамя таго, яе выводзілі на вуліцу без вопраткі і пакідалі пры нізкай тэмпературы паветра на некалькі гадзінаў.

Палітвязняў адпраўляюць у штрафныя ізалятары па некалькі разоў запар. Вядома, што два месяцы ў ШІЗА правёў Сяргей Ціханоўскі. Больш за 4 месяцы ўтрымліваецца ў ШІЗА Уладзімір Кніга, былы сілавік і валанцёр каманды Святланы Ціханоўскай.

Пра ціск распавядалі былыя палітвязні Бабруйскай калоніі № 2 – іх змяшчалі ў штрафныя ізалятары, памяшканні камернага тыпу, распачыналі крымінальныя справы за парушэнне рэжыму, пазбаўлялі спатканняў і перадачаў. Асуджаных паводле «палітычных» артыкулаў у калоніі пазначаюць жоўтымі біркамі, а некаторых – чырвонымі як схільных да ўцёкаў.

Адсутнасць медычнай дапамогі і прымусовае псіхіятрычнае лекаванне

Зняволеныя ў Беларусі не могуць атрымаць у час належную медычную дапамогу. Гэтак, Марыя Калеснікава, якая адбывае пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі № 4, у цяжкім стане з прабадной язвай страўніка трапіла ў рэанімацыю гомельскага шпіталю. Адну з лідарак беларускага пратэсту працяглы час трымалі ў ШІЗА, а ейныя скаргі на пагаршэнне здароўя ігнараваліся.

У другой палове снежня стала вядома пра смерць зняволенай у калоніі № 4. Імя не называецца.

Вядома, што ў медычнай дапамозе адмаўляюць палітзняволенаму Аляксандру Патапаву. На судзе ён казаў пра дрэнны стан здароўя, але замест лекара яго адправілі ў ШІЗА.

У той жа час у Беларусі працягваюць ужываць прымусовае псіхіятрычнае лекаванне ў якасці пакарання. Так, на палітвязня Юрыя Кавалёва, які адбываў тэрмін за абразу Лукашэнкі ў калоніі № 11 у Ваўкавыску, за тры дні да вызвалення завялі справу паводле арт. 411 КК – «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі». У выніку Юрыя прызналі няздольным адказваць за свае ўчынкі, суд прызначыў яму прымусовае лекаванне ў псіхіятрычным стацыянары, дзе палітвязня працягваюць утрымліваць супраць ягонай волі.

Прымусовае псіхіятрычнае лекаванне ў чэрвені 2022 года прызначылі Марыі Успенскай, удаве Андрэя Зельцара, якую судзілі за ўдзел у забойстве супрацоўніка КДБ.

Пераслед сваякоў вязняў і палітзняволеныя сем’і

У 2022 годзе ў Беларусі ўзмацніўся пераслед сваякоў палітвязняў. Так, у кастрычніку затрымалі Дар’ю Лосік, жонку Ігара Лосіка. Супраць яе распачалі крымінальную справу з «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК РБ).

4 лістапада затрымалі Вольгу Анішчук, жонку палітвязня Арцёма Анішчука. Жанчыну чатыры разы арыштоўвалі за перасланыя ў асабістай перапісцы паведамленні з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. У Магілёўскім ІЧУ Вольга абвяшчала галадоўку.

Дар’я Лосік.
Фота: Белсат

Гучным стаў суд над маці траіх дзяцей Юліяй Лаптановіч. Ейны муж Ігар Лаптановіч быў затрыманы і асуджаны ў «справе карагодаў» да двух з паловай гадоў зняволення яшчэ ў 2021 годзе. Юлію затрымалі ў кастрычніку 2021 года, абвінавацілі паводле сямі артыкулаў КК, асудзілі на 4 гады і 9 месяцаў зняволення.

Згодна са статыстыкай ініцыятывы dissidentby, у Беларусі цяпер 58 палітзняволеных сем’яў – дзе асудзілі разам мужа і жонку ці бацькоў і дзяцей. 109 палітвязняў – бацькі няпоўнагадовых дзяцей.

Dissidentby: у Беларусі 1729 палітвязняў

Крыху іншая, чым у «Вясны», статыстыка ў ініцыятывы dissidentby. У іх ад самага пачатку крыху іншы падыход да таго, каго прызнаваць палітвязнямі. На дзень 28 снежня 2022 года прадстаўнікі dissidentby налічваюць у Беларусі 1729 палітвязняў. З іх – 203 жанчыны, 6 няпоўнагадовых у зняволенні ці з абмежаванай свабодай. 14 чалавек, паводле ініцыятывы, накіраваныя на прымусовае лекаванне.

Dissidentby класіфікуюць палітзняволеных паводле сямейнага статусу, наяўнасці няпоўнагадовых дзяцей, прафесіі, віду зняволення.

Калі казаць пра від зняволення, то з 1729 вязняў на хатнім арышце застаюцца тры асобы, непасрэдна ў зняволенні – 1309, у папраўчых установах адкрытага тыпу – 398. Адбываюць адміністратыўны арышт 5 чалавек.

Хутка расце спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. На канец лістапада ў ім былі 2059 чалавек, пры гэтым толькі за лістапад спіс павялічыўся амаль на 600 чалавек. 28 кастрычніка ў спіс за адзін дзень унеслі 625 чалавек.

Прадстаўнікоў якіх прафесіяў затрымлівалі часцей і колькі палітвязняў ужо на волі?

У 2022 годзе стала заўважнай тэндэнцыя затрыманняў паводле прафесіяў – сёлета адбыліся масавыя аблавы на медыкаў, навукоўцаў, экскурсаводаў. У dissidentby падзел палітвязняў паводле прафесіяў і роду дзейнасці такі: актывістаў – 41, анархістаў – 20, антыфашыстаў – 8, блогераў – 22, вернікаў – 51, лекараў – 14, дзяржаўных службоўцаў – 36, чыгуначнікаў – 1, рабочых – 25, пенсіянераў – 17, няпоўнагадовых – 1, палітыкаў – 10, праваабаронцаў – 8, прадпрымальнікаў – 36, настаўнікаў – 10, спартоўцаў – 29, студэнтаў – 42, працаўнікоў сферы паслугаў – 14, творчых людзей – 84, юрыстаў – 3, ІТ-спецыялістаў – 36.

У 2022 годзе працягнуўся і ўзмацніўся ціск на медыкаў. Паводле Фонду медычнай салідарнасці, на сярэдзіну лістапада супраць як мінімум 17 медыкаў былі заведзеныя крымінальныя справы. Мінімальны атрыманы тэрмін пакарання – 1,5 года хатняй хіміі, максімальны – 6 гадоў калоніі.

Працягнуўся пераслед працаўнікоў сферы культуры. Паводле Беларускага ПЭНу, на сярэдзіну снежня ў Беларусі ў няволі заставаліся 120 дзеячаў культуры, з іх 26 – «людзі слова».

Працягнуўся ціск на журналістаў. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, на 28 снежня за кратамі сядзяць 33 журналісты і супрацоўнікі медыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

На пачатак снежня 2022 года ў Беларусі налічваецца 6 палітзняволеных адвакатаў, з’явіліся святары-палітвязні – гэта Уладзіслаў Багамольнікаў і Сяргей Разановіч, асуджаны ў «справе Аўтуховіча» да 16 гадоў калоніі.

Вызвалілі станам на снежань з прычыны змянення меры стрымання ці поўнага адбыцця тэрміну пакарання, паводле праваабаронцаў, 610 палітвязняў.

Палітвязням, у тым ліку былым, патрэбнае нашае падтрыманне. Тым, хто застаецца за кратамі, можна даслаць паштоўку, грашовы перавод – тут мы распавядалі, як гэта зрабіць. Тым жа, хто вызваліўся, дапамагае BYSOL – можна заданаціць на праграму падтрымання былых палітвязняў.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў