Што вядома пра хвалю пагромаў у сваякоў чальцоў КР і НАУ


Ранкам 28 лістапада стала вядома пра хвалю пагромаў у хатах праціўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Прыйшлі да блізкіх чальцоў Каардынацыйнай рады і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. «Белсат» збірае, што пра гэта вядома і што кажуць палітыкі.

Пагром у кватэры Сяргея Чалага
Пагром у кватэры Сяргея Чалага. Менск, Беларусь. 28 лістапада 2023 года.
Фота: звязаны з ГУБАЗіК ананімны канал / Telegram

Колькі было пагромаў

Гэта не вядома дакладна, але не менш за дзясятак. Праваабаронцам вядома пра пагромы ў кватэрах і дамах старшыні Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Паўла Латушкі і некалькіх чальцоў каманды НАУ (па словах Латушкі, прынамсі васьмі), у старшыні руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, у эканаміста і сябра КР Сяргея Чалага, у сябра КР і праваабаронцы Рамана Кісляка, у сябра КР Міхаіла Таўбэ, у колішняга лідара «Маладога фронту» Артура Фінкевіча, прэс-сакратаркі Святланы Ціханоўскай Ганны Красулінай.

Як яны адбываюцца

Латушка расказаў «Белсату», што «сілавікі заходзяць узброеныя, апісваюць маёмасць і накладваюць арышт на маёмасць».

Усе названыя людзі цяпер за межамі Беларусі, даўно не жывуць у разгромленых хатах. Так, Фінкевіч адзначаў, што па месцы рэгістрацыі не жыў каля 9 гадоў, не мае ў Беларусі рэчаў і маёмасці. Латушка ж думаў, што ягоны дом ужо быў канфіскаваны, а аказалася, што не: дом цяпер толькі арыштавалі.

Каментар
Латушка пра хвалю пагромаў: сілавікі ўзброеныя, арыштоўваюць маёмасць сваякоў актывістаў
2023.11.28 15:13

Мяркуючы па фота, якія публікуюць сілавікі, у хатах наўрад ці нешта шукаюць: адны рэчы ламаюць і раскідваюць, іншыя (дзе можна было б нешта схаваць) пакідаюць на месцах. На здымках сілавікоў бачная дзіўная колькасць бутэлек з-пад алкаголю – нібы ў кватэрах жылі хворыя на алкагалізм, якія гадамі не выносілі смецця і аб’едкаў.

Прапагандыст Рыгор Азаронак фактычна пацвердзіў у сваім Telegram-канале, што жытло грамяць, маёмасць хочуць канфіскаваць: «Вывернем усё навыварат. І раздамо дзецям і сілавікам». Следчы камітэт жа заявіў, што пагромы ладзяць «з мэтаю накладання арышту» (а гэта не пастаянная канфіскацыя).

З чым яны звязаныя

Гэтыя пагромы адбыліся ў дзень прэзентацыі Канцэпцыі нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінету, але наўрад ці звязаны з ёю.

Паводле звестак «Вясны», ператрусы ладзяць паводле «справе выбараў у Каардынацыйную Раду», у якой ёсць крымінальныя артыкулы за «Здраду дзяржаве», «Змову з мэтай захопу ўлады», «Заклікі да санкцыяў», «Экстрэмісцкае фармаванне» і «Экстрэмісцкую дзейнасць». Сайт Каардынацыйнай рады трапіў пад DDoS-атаку, паведаміў выданню «Медыязона» прэс-сакратар Антон Раднянкоў.

Інтэрв’ю
На выбарах-2024 апазіцыя наўрад ці «пахісне рэжым». Але будзе альтэрнатыўная кампанія
2023.11.23 07:16

Следчы камітэт заявіў, што ў «справе Каардынацыйнай рады» з’явіліся больш за 100 падазраваных (публічна вядомыя імёны толькі 64 чальцоў дзейнага склікання КР). Як сцвярджаюць у ведамстве, яны атрымалі нейкі пералік «экстрэмістаў» ад асобы, якая вярнулася ў Беларусь праз «камісію для вяртання». З увагі на гэтае паведамленне СК можна меркаваць, што гэта будзе новая справа, якая датычыцца Каардынацыйнай рады.

Што думаюць палітыкі

Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў выказаў такое меркаванне: «Лукашэнка баіцца сумленных выбараў, баіцца пабудовы альтэрнатыўных інстытутаў улады». На ягоную думку, пагромы дэманструюць важнасць выбараў у Каардынацыйную раду, а рэакцыя ўладаў значыць, што дэмакратычныя сілы рухаюцца ў слушным кірунку. Ён таксама заклікаў міжнародную супольнасць падтрымаць Каардынацыйную раду ў барацьбе за аднаўленне дэмакратыі і ўзмацніць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Латушка ж у каментары «Белсату» заўважае, што гэта не першы выпадак такіх дзеянняў супраць каманды НАУ. Каля трох месяцаў таму адбываліся актыўныя дзеянні спецслужбаў Лукашэнкі супраць сваякоў каманды НАУ. На думку Латушкі, мэта пагромаў – дэматываваць актывістаў дэмакратычных сілаў, каб яны спынілі дзейнасць або былі менш актыўнымі і публічнымі. На думку Латушкі, ператрусы значаць, што дэмакратычныя сілы маюць моц: «Калі б мы былі слабыя, то нашто было б рэжыму тады атакаваць нас, нашых блізкіх, нашых родных?». Спыняць сваю дзейнасць ён не збіраецца.

Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч расказаў «Белсату» сваю тэорыю прычынаў пагромаў: «Хутчэй за ўсё, гэта канец года, нявыкананыя планы ў сілавікоў. Недастаткова людзей яны знаходзяць у Беларусі, каб затрымаць і пасадзіць. Планы не выконваюцца, людзі працягваюць супраціў. Не пахне тым, што сітуацыя пераменіцца, а грамадзяне Беларусі пачнуць падтрымліваць рэжым. Вось такая злосць ад бяссілля».

Ганна Красуліна сказала радыё «Свабода», што асабіста ёй пра пагром у ейнай кватэры ўлады не паведамілі, пра яго яна даведалася з медыяў. На ейную думку, Лукашэнка не мае іншых інструментаў акрамя такіх рэпрэсіяў, а «такія пагромы – сведчанне слабасці і набліжэння канца рэжыму».

Святлана Ціханоўская таксама выказалася. Перш за ўсё яна просіць беларусаў дапамагаць тым, каму гэта цяпер неабходна, не панікаваць і працаваць на вызваленне Беларусі далей.

«Нас называюць тэрарыстамі, выстаўляюць пагрозай для грамадства, бяруць у закладнікі нашых блізкіх. Але сапраўдныя злачынцы – зусім не актывісты ў выгнанні, а тыя, хто працягваюць ператвараць Беларусь у турму. Тыя, хто сілай знішчаюць любое іншадумства. Таму я прашу вас паклапаціцца пра сваю бяспеку і бяспеку блізкіх. Людзі – наша галоўная каштоўнасць», – падкрэсліла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага Кабінету.

Каментар
Навошта ўладам Беларусі ладзіць пагромы ў сваякоў чальцоў КР і НАУ? Губарэвіч мае тлумачэнне
2023.11.28 15:43

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў