Беларус Юрый Зайцаў расказаў, як украінскія пракуроры хацелі звольніць яго з ЗСУ, каб перадаць Беларусі


Нашае папярэдняе інтэрв’ю з беларусам Юрыем Зайцавым, які паўтара года ваюе ў складзе ВМС ЗСУ Украіны, але дагэтуль не можа атрымаць статус міжнароднай абароны, было перарванае ракетным абстрэлам па Адэсе. Таму зараз Юрый просіць удакладніць інфармацыю пра ягоны магчымы пераход у беларускае падраздзяленне. І дапаўняе сваю гісторыю расповедам пра тое, як цягам 9 месяцаў за ім палявалі ўкраінскія пракуроры, спрабуючы звольніць яго з ЗСУ і экстрадаваць у Беларусь – на запатрабаванне беларускіх калегаў…

«Хачу перайсці ў батальён «Тэрор»

«Інфармацыя, пададзеная ў артыкуле пра мяне – развернутая і актуальная. Але праз тое, што нашая размова ў канцы была перарваная паветранай трывогай, я не паспеў цалкам адказаць на пытанне аб маім пераходзе ў беларускія падраздзяленні. Гэты прабел журналіст запоўніў тым, чаго я не казаў, назваўшы ў артыкуле полк Каліноўскага і штурмавую роту ДШБ як тыя, куды хацеў бы перайсці.

Гэта не так. Я хачу перавесціся выключна ў батальён «Тэрор» Беларускага добраахвотніцкага корпусу (БДК), якім камандуе Радзівон Батулін. І для мяне вельмі важна, каб гэта прагучала», – сказаў Юрый Зайцаў, калі мы выйшлі з ім на сувязь паўторна.

Сапраўды, аўтар папярэдняга матэрыялу пра Юрыя Зайцава памылкова дапоўніў ягоную думку пералікам існых ва Украіне беларускіх падраздзяленняў, назваўшы полк Каліноўскага і дэсантна-штурмавую роту, сфармаваную Валерыем Сахашчыкам. Яшчэ раз перапрашаем Юрыя. Пазней мы прыбралі з тэксту назвы падраздзяленняў, але яны засталіся ў перадруках матэрыялу «Белсату» іншымі выданнямі.

Беларус Юрый Зайцаў – старшы матрос Ваенна-марскіх сілаў ЗСУ. Фота з асабістага архіву героя публікацыі.

Юрый Зайцаў просіць падкрэсліць, што размаўляе са СМІ не як беларускі добраахвотнік, а як звычайны грамадзянін.

Як удакладняе мужчына, пра існаванне беларускай роты ў складзе адной з ДШБ Украіны, ён нават не ведаў, таму планаваць пераход у яе склад проста не мог. Што да іншых беларускіх фармаванняў, то думаў пра пераход туды з самага пачатку вайны, бо «хацеў ваяваць побач са сваімі землякамі».

Яшчэ ў сакавіку 2022 года, будучы мабілізаваны ў ВМС ЗСУ, Юрый звязваўся з Радзівонам Батуліным, якога ведаў раней як намесніка кіраўніка БДУ і які ўжо ўдзельнічаў на той момант у баявых дзеяннях як добраахвотнік (тады – без кантрактаў ЗСУ). Але на той час Зайцаву параілі не сыходзіць з украінскага падраздзялення, каб не нарабіць сабе клопатаў, бо іншага дакументу, апроч ваеннага білету, у яго не было.

Улетку 2022-га, калі, здавалася б, можна было лёгка перайсці ва ўжо сфармаваны полк Каліноўскага, узніклі новыя перашкоды: ПКК быў у падпарадкаванні ГУР, і, каб перайсці, Зайцаву трэба было заключыць кантракт з ЗСУ, а потым звольніцца. Кантракту ў яго пакуль не было.

Гісторыі
«Аформілі ў ЗСУ як украінца». Беларус паўтара года бароніць Украіну, а яму адмаўляюць у міжнароднай абароне
2023.07.24 12:40

Між тым, беларуса ўжо пераследавалі ўкраінскія пракуроры, якія праз ваенкамат скасавалі ягоны статус мабілізаванага ў ЗСУ, каб дамагчыся ягонай экстрадыцыі ў Беларусь (пра пракурораў – троху ніжэй).

«Не хачу ўвязвацца ў палітычныя спрэчкі»

Калі восенню 2022 года ў палку Каліноўскага адбыўся канфлікт і батальён «Тэрор» выйшаў з ягонага складу, Юрый Зайцаў пастанавіў дамагацца пераходу менавіта ў «Тэрор» (цяпер – у складзе БДК), каб ваяваць пад камандаваннем Радзівона Гены Батуліна. Сваё нежаданне пераходзіць у ПКК ён тлумачыць тым, што кіраўніцтва палка Каліноўскага пачало займацца не толькі вайной, але і палітыкай.

«Я зразумеў, што гэтая арганізацыя не для мяне. Я не хачу ўвязвацца ў палітычныя спрэчкі, калі адны беларусы канфліктуюць з іншымі беларусамі, замест таго, каб разам, плячо ў плячо, біць агульнага ворага», – кажа Юрый Зайцаў.

Ён адзначае, што цяпер, калі ўжо мае падпісаны кантракт з ЗСУ і гатовы адтуль звольніцца (камандаванне ўкраінскай часткі не супраць ягонага пераходу), усё ўскладняецца павелічэннем тэрмінаў праверкі анкет для ўступлення ў батальён. У сітуацыі, калі Дзяржаўная міграцыйная служба (ДМС) Украіны працягвае марудзіць з пераглядам справы беларуса наконт надання яму статусу міжнароднай абароны, звальняцца з ЗСУ вельмі рызыкоўна: Зайцаў апынецца без аніякіх дакументаў. Таму зараз – у чаканні.

Беларус Юрый Зайцаў разам з іншымі ваярамі ЗСУ едзе на баявое заданне. Фота пераслаў рэдакцыі герой матэрыялу.

«І хачу дадаць пра Батуліна. Гэты чалавек ёсць сапраўды вельмі сурʼёзным камандзірам, які выконвае рэальныя і вельмі цяжкія баявыя задачы. Нядаўна ён быў паранены падчас вельмі складанай аперацыі. Гэта круты камандзір, баец, патрыёт Беларусі і проста чалавек, гатовы дапамагчы, якога цікавяць толькі справядлівасць і вайна супраць Расеі. Таму калі я і буду ваяваць у якім-небудзь іншым падраздзяленні, дык толькі пад ягоным камандаваннем», – падсумоўвае Юрый Зайцаў.

«Спрабавалі ўздзейнічаць мярзотнымі мусарскімі метадамі»

Нагадаем, зараз беларус Юрый Зайцаў – старшы матрос аднаго з падраздзяленняў Ваенна-марскіх сілаў ЗСУ Украіны, быў узнагароджаны ганаровым знакам галоўкама ЗСУ «За ўзорную воінскую службу». Ваюе ў складзе ВМС з першых дзён вайны (з 25 лютага 2022 года). У мабілізацыйны пункт у Адэсе прыйшоў з арыштанцкім бранзалетам на назе, бо да гэтага правёў 7 месяцаў у СІЗА, а пасля – 11 месяцаў на хатнім арышце, таму што ўкраінскія службы хацелі перадаць яго ў Беларусь – як фігуранта крымінальнай справы, заведзенай на яго ў РБ (Юрый Зайцаў – былы анархіст).

Як аказалася, украінскія пракуроры пераследавалі беларуса і тады, калі ён рызыкаваў жыццём, баронячы Украіну ў складзе ЗСУ. Працягвалі ціск, нягледзячы і на тое, што ўкраінскія праваабаронцы дамагліся завядзення супраць іх крымінальнай справы за дзяржаўную здраду ў сувязі з пераследам вайскоўца ЗСУ.

Мaю прaвa
Беларускага добраахвотніка хацелі аддаць у Беларусь. СБУ распачало справу па факце дзяржаўнае здрады
2022.04.23 11:00

Па словах Юрыя Зайцава, пасля пачатку вайны ён сам паведаміў пракуратуры, дзе знаходзіцца, каб усё было легальна («Маўляў, я нікуды не збег, усё нармальна, ваюю за вашую краіну»). Атрымаўшы інфармацыю аб месцазнаходжанні беларуса, пракуроры заявіліся ў вайсковую частку і запатрабавалі выдачы Зайцава. Камандаванне падраздзялення ім адмовіла.

Тады супрацоўнікі пракуратуры націснулі на ваенкамат, адкуль быў мабілізаваны беларус, і дамагліся скасавання ягонага статусу мабілізаванага. Зноў зʼявіліся ў падраздзяленні – і яшчэ раз атрымалі адмову.

«Спрабавалі ўздзейнічаць нейкімі сваімі мярзотнымі мусарскімі метадамі на маё камандаванне, якое, дзякуй Богу, адэкватна паставілася да маёй сітуацыі, бо ведала пра ўсе нюансы і бачыла бранзалет на назе, які мне давялося зрэзаць.

Я нічога не хаваў ад іх і яшчэ да першага майго баявога выезду прайшоў неабходныя праверкі», – распавёў Юрый Зайцаў.

Крымінальная справа супраць пракурораў

Ціск на беларуса доўжыўся аж да снежня 2022 года! Пакуль Юрый Зайцаў знаходзіўся на баявых, у Адэсе з ініцыятывы пракуратуры адбываліся суды, на якіх інтарэсы Зайцава баранілі адвакаты з праваабарончай арганізацыі «Праве діло». Пракуроры дамагаліся звальнення Зайцава з ЗСУ. Але, як адзначае Юрый, суддзя быў на ягоным баку і адмаўляў патрабаванням пракуратуры.

«Уявіце сабе абсурднасць сітуацыі. Цягам 9 месяцаў гэтыя пракуроры выконвалі запыты беларускай пракуратуры, каб экстрадаваць мяне, ваяра ЗСУ, які ваюе за іх свабоду, у Беларусь – краіну, якая, па сутнасці, удзельнічае ў гэтай вайне супраць Украіны… Гэта абсалютна неадэкватна», – заўважае наш суразмоўца.

GPS-бранзалет, які заставаўся на назе Юрыя Зайцава пасля хатняга арышту. Фота пераслаў рэдакцыі герой публікацыі

Згодна з заканадаўствам Украіны, экстрадыцыя асобаў, якія дапамагалі ЗСУ, – пад забаронай. Праваабаронцам удалося праз суд вымусіць СБУ распачаць крымінальную справу супраць пракурораў, якія дамагаліся экстрадыцыі Зайцава.

Але, як заўважае беларус, следства ў той справе, на жаль, не мела ніякага развіцця.

«Расследаванне не мела поспеху – ніхто нічога не расследаваў. Невядома чаму, але так. Аднак пракуроры прыцішыліся…» – гаворыць Юрый Зайцаў.

Паводле Зайцава, пракурорская актыўнасць у дачыненне яго цалкам заглухла толькі ў снежні 2022 года. У сакавіку 2023-га беларус атрымаў з Офісу Генпракурора Украіны паперу, у якой паведамлялася пра спыненне ў яго дачыненні экстрадыцыйнай праверкі. Паводле дакументу, гэтая працэдура была спыненая ў сувязі з выхадам Украіны з так званай Менскай канвенцыі (Канвенцыя аб прававой дапамозе).

Паведамленне, якое даслалі Юрыю Зайцаву з Офісу Генеральнага пракурора Украіны, аб прыпыненні разгляду запыту з боку беларускай пракуратуры аб яго экстрадыцыі.

Закон аб спыненні дзеяння канвенцыі набыў моц 23 снежня 2022 года. З гэтай прычыны разгляд запыту Генпракуратуры Беларусі аб выдачы Зайцава быў нарэшце прыпынены.

Цяпер беларускі ваяр ЗСУ, які ўжо мае кантракт, чакае рашэння міграцыйнай службы, якая мусіла перагледзець ягоную справу аб наданні статусу ўцекача яшчэ год таму. Калі рашэнне будзе пазітыўным, яму ўжо нічога не перашкодзіць перайсці ў шэрагі батальёну «Тэрор» БДК.

Меркаванні
Абарона Адэсы. Сілы няроўныя, як і 82 гады таму. Тады Румынія і Нямеччына, цяпер Расея
2023.07.27 19:59

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў