«Аформілі ў ЗСУ як украінца». Беларус паўтара года бароніць Украіну, а яму адмаўляюць у міжнароднай абароне


32-гадовы беларус Юрый Зайцаў ужо паўтара года са зброяй у руках бароніць Украіну ў складзе ЗСУ. І адначасова – судзіцца з дзяржаўнай міграцыйнай службай (ДМС), дамагаючыся статусу ўцекача, у якім яму адмаўляюць. Украінскія праваабаронцы і сам Юрый лічаць рашэнне чыноўнікаў ДМС незаконным і абсурдным. Беларус распавёў сваю гісторыю «Белсату».

Беларус Юрый Зайцаў ваюе за Украіну з 26 лютага 2022 года, але ў статусе ўцекача Украіна яму адмаўляе. Фота пераслаў рэдакцыі герой матэрыялу.

Дзесяць гадоў таму Юрый Зайцаў быў актывістам адной анархісцкай арганізацыі ў Беларусі. У 2011-2012 гадах маладыя людзі змагаліся з наркакур’ерамі і былі косткай у горле так званых беларускіх сілавікоў. Юрыя некалькі разоў затрымлівалі, у 2013-м – са стралянінай. Ён быў вымушаны выехаць у Расею, адкуль перабраўся ва Украіну.

«Ведаў, што мяне чакае ў Беларусі»

Праз год беларус зноў апынуўся ў Расеі, дзе праз некаторы час даведаўся пра завядзенне на яго ў Беларусі крымінальнай справы. Зайцава вінавацілі ў стварэнні «злачыннай групоўкі», правялі ператрусы ў блізкіх. У Расеі Юрыю ўдалося пазбегчы затрымання, хоць МУС РБ ужо абвесціла яго ў міжнародны вышук.

Схапілі Зайцава, па запыце беларускіх службаў, ва Украіне, куды ён вярнуўся ў 2020 годзе. Удакладнім – у жніўні 2020 года.

«Так, у жніўні. Мяне затрымалі ў Адэсе, вельмі хутка даслалі звесткі ў Беларусь і кінулі ў СІЗА. У Беларусі мяне апазналі літаральна за суткі і вярнулі дакументы. Украінцы прапанавалі мне заключыць дамову на добраахвотную экстрадыцыю, паскораная працэдура. Я, натуральна, адмовіўся.

Ведаў, што чакае мяне ў Беларусі. І ўжо тады, са следчага ізалятару, я накіраваў у міграцыйную службу просьбу аб прызнанні мяне ўцекачом», – расказвае Юрый Зайцаў.

У адэскім СІЗА ён правёў 7 месяцаў, бо разглядаць справу ў судзе пачалі толькі праз 4 месяцы па затрыманні. На хатні арышт Зайцава не перавялі, бо ўкраінскія сілавікі вельмі сурʼёзна паставіліся да словаў сваіх беларускіх калегаў аб «асаблівай небяспецы», якую ўяўляў Зайцаў (на той момант «беларускія калегі» ужо пралівалі кроў мірных грамадзян у нашай краіне).

Адмовілі ў статусе, спаслаўшыся на «Аргументы і факты»

«Неяк усё адбывалася ненармальна, неадэкватна. У выніку на адным з паседжанняў я даведаўся, што міграцыйная служба Украіны  мне адмовіла ў надаванні статусу ўцекача і ў міжнароднай абароне. Прычым адмовіла яшчэ напрыканцы красавіка 2021 года ці на пачатку траўня, а паведамілі мне толькі ў жніўні. То бок і тут былі парушэнні», – удакладняе беларус.

Рашэнне ў адмове міжнароднай абароны падпісала намесніца міграцыйнай службы Украіны Наталля Навуменка. Сваё рашэнне чыноўніца тлумачыла «паляпшэннем стану» з правамі чалавека ў Беларусі (у 2021 годзе!), спасылаючыся на артыкул у дзяржаўным выданні «Аргументы і факты».

Рашэнне міграцыйнай службы Украіны.
Фота: Олег Михайлик / Facebook

Дамагчыся вызваліцца з СІЗА ўдалося толькі тады, калі справай заняліся юрысты праваабарончай арганізацыі «Праве діло», бо да гэтага Зайцава «абараняў» адвакат, якога цяпер беларус называе проста махляром («вымагаў грошы і нічога не рабіў»). На хатні арышт Юрыя перавялі ў кастрычніку 2021 года.

«Пайшоў ваяваць з GPS-бранзалетам на назе»

Мужчына знаходзіўся пад хатнім арыштам аж да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, дакладней – да 25 лютага 2022 года, калі меўся адбыцца чарговы суд над ім (аб працягненні мераў стрымання). Але ў той дзень Зайцава не пусцілі нават у будынак суду. Ён аўтаматычна стаўся свабодны.

Ужо на наступны дзень – з GPS-бранзалетам на назе! – Юрый пайшоў у мабілізацыйны пункт ЗСУ, каб са зброяй у руках бараніць незалежнасць Украіны. І яго ўзялі.

GPS-бранзалет, які заставаўся на назе Юрыя Зайцава пасля хатняга арышту. Фота пераслаў рэдакцыі герой публікацыі

«Я не ведаю. Можа, здарылася памылка. Можа, усё так атрымалася з-за майго моцнага жадання. Але мяне аформілі як украінца, і я адправіўся ў вайсковую частку. З таго моманту ваюю ў складзе ЗСУ», – тлумачыць Юрый.

На той час (як, зрэшты, і на цяперашні) у яго не было ні беларукага, ні ўкраінскага пашпарту – толькі даведка з міграцыйнай службы. І – бранзалет адсочвання на назе…

«З тым бранзалетам было так. Ужо праз суткі пасля таго, як мы прыбылі ў частку, я вызваўся паехаць на баявы выезд. Але не мог абуць вайсковыя берцы – перашкаджаў бранзалет, які застаўся пасля арышту. А ў красоўках на баявыя ехаць нельга. Ну я пайшоў і нажом проста зрэзаў той бранзалет. Надзеў берцы і паехаў», – расказвае Юрый Зайцаў.

«Я чалавек без пасведчання»

Цяпер Юрый – старшы матрос ВМФ ЗСУ. Быў ушанаваны ганаровым знакам галоўкама ЗСУ «За взірцевість у військовій службі» («За ўзорную воінскую службу»). Але дагэтуль не мае статусу ўцекача і дакументаў, без якіх не можа наўпрост атрымаць нават заробак за службу.

«З дакументаў у мяне толькі ваенны білет ды тая самая даведка з міграцыйнай службы. Усё. Я застаюся чалавекам без пасведчання. Не магу завесці нават банкаўскую картку, каб мне туды пераводзілі заробак за службу, то бок грашовае забеспячэнне. Пішу даверанасць на хлопцаў з падраздзялення, і яны атрымліваюць за мяне грошы», – кажа Юрый.

Гісторыі
«Расейцы будуць драпаць». Добраахвотнік Чарлі распавёў пра фармаванне беларускай роты ў складзе ДШБ Украіны
2023.06.15 08:00

Ён распавядае, што праваабаронцы з «Праве діло» абскардзілі рашэнне міграцыйнай службы Украіны ў судзе. Адэскі адміністрацыйны суд задаволіў апеляцыю і абавязаў ДМС перагледзець справу яшчэ ў 2022 годзе. Рашэнне набыло моц яшчэ ў ліпені 2022 года. На выкананне таго рашэння ў траўні 2023 года быў выдадзены выканаўчы ліст.

«Але я дагэтуль чакаю яго, хоць усе тэрміны даўно скончыліся. Ужо была паўторная размова ў міграцыйнай службе, я прайшоў чарговую праверку ў СБУ, я ваюю ў складзе Збройных сілаў Украіны… А рашэння – няма. З боку міграцыйнай службы зноў нездаровая сітуацыя», – наракае ваяр ЗСУ.

Беларус кажа, што якраз у ЗСУ, у адрозненні ад міграцыйнай службы, да яго ставяцца «сапраўды па-чалавечы» і з разуменнем. Юрый выказвае ўдзячнасць сваім камандзірам і кажа, што яму вельмі пашанцавала з падраздзяленнем. Але адсутнасць дакументаў не дае развівацца.

«Я, напрыклад, не магу зараз выехаць за мяжу на еўрапейскія ваенныя базы на трэнаванне, куды ездзяць усе мае хлопцы. Ну бо я застаюся ў міжнародным вышуку і не атрымаў міжнароднай абароны! Я шмат у чым абмежаваны ў сваіх правах цягам двух з паловай гадоў. Хоць сёння, па-мойму, зусім не час так рабіць дзяржаўным органам. Абсалютна», – гаворыць Юрый.

«Хачу ўдзельнічаць у гэтай вайне на баку Украіны»

«Цяпер я проста не магу рэалізаваць сябе больш глыбока і прафесійна ў складзе збройных сілаў Украіны. Вельмі спадзяюся, што бліжэйшым часам у мяне зʼявяцца ўсё ж нейкія дазвольныя дакументы», – кажа Юрый Зайцаў, хоць у ягоным голасе чуецца глыбокі скептыцызм што да міграцыйнай службы Украіны.

Беларус Юрый Зайцаў (у цэнтры) разам з іншымі ваярамі ЗСУ едзе на баявое заданне. Фота пераслаў рэдакцыі герой матэрыялу.

«Юрый, але ж ты ў лютым 2022 года мог зʼехаць з Украіны ў Польшчу і атрымаць там міжнародную абарону. Чаму не зрабіў гэта?» – пытаемся ў беларуса.

«Не ведаю. Напэўна, я б тады быў бы не я. Я хачу ўдзельнічаць у гэтай вайне на баку Украіны, хачу атрымаць баявы досвед, хачу ў гэтым развівацца. Хачу, каб Украіна была вольная», – гаворыць Юрый Зайцаў.

Украінскія праваабаронцы канстатуюць, што такіх гісторыяў, звязаных з замежнымі грамадзянамі, і не толькі Беларусі, шмат. Украінская дзяржава не заўжды хоча заўважаць людзей, якія цяпер змагаюцца за яе незалежнасць. Праваабарончае абʼяднанне «Праве діло» нагадвае ДМС, што за невыкананне рашэння суду ва Украіне прадугледжаная крымінальная адказнасць (арт. 382 КК).

Каментар
Найміты могуць быць скарыстаныя супраць Лукашэнкі
2023.07.21 14:59

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў