«Bloomberg»: краіны ЕЗ змогуць блакаваць пастаўкі звадкаванага газу з Расеі без санкцыяў


Ствараецца механізм, выкарыстоўваючы які дзяржавы – удзельніцы ЕЗ змогуць блакаваць пастаўкі расейскага звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) без увядзення новых санкцыяў. Аб гэтым паведамляе агенцыя «Bloomberg».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Карабель для перавозу звадкаванага прыроднага газу.
Фота: eqt.com

28 сакавіка стала вядома, што Еўразвяз стварае механізм блакавання імпарту расейскага ЗПГ без неабходнасці ўводзіць новыя санкцыі. Аб гэтым гаворыцца ў дакументах, якія маюцца ў распараджэнні «Bloomberg’у».

Паведамляецца, што прапанову гатовыя ўхваліць міністры энергетыкі краінаў ЕЗ. Яе сутнасць у тым, што ўрады атрымаюць права часова забараняць расейскім экспарцёрам загадзя рэзерваваць інфраструктурныя магутнасці, неабходныя для паставак ЗПГ. Пры гэтым, каб прывесці такі механізм у дзеянне, некаторым дзяржавам спатрэбяцца кансультацыі з іншымі чальцамі супольнасці і Еўракамісіяй, але дадатковыя санкцыі не будуць патрэбныя. Выкарыстанне такога механізму, як чакаюць, паспрыяе далейшаму зніжэнню залежнасці Еўразвязу ад энерганосьбітаў з РФ.

Пасля пачатку Расеяй вайны ва Украіне краіны ЕЗ увялі ўжо 10 пакетаў санкцыяў. Пакуль што новых санкцыяў не абмяркоўваюць.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў