БЧБ, ды не той. Што за бела-чорна-белыя сцягі луналі на святкаванні Дня Волі ў Варшаве?


На акцыі да Дня Волі, што зладзілі 25 сакавіка ў Варшаве, некаторыя ўдзельнікі са схаванымі тварамі неслі бела-чорна-белыя сцягі з выяваю крыжа і мяча. «Белсат» даведаўся, адкуль гэтыя асобы і што азначаюць гэтыя сімвалы.

Прадстаўнікі нацыяналістычнай арганізацыі «Рух» на акцыі да Дня Волі. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Бела-чорна-белыя сцягі ў Дзень Волі ў Варшаве луналі побач з нацыянальнымі флагамі Беларусі, Украіны ды Польшчы. Іх неслі асобы ў балаклавах, некаторыя хавалі вочы пад сонцаахоўнымі акулярамі.

Гэта былі сябры нацыяналістычнай арганізацыі «Рух». Іхны прадстаўнік, які прамаўляў са сцэны на канцэрце, таксама схаваў свой твар.

Святочны канцэрт да 105-й гадавіны абвяшчэння БНР. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

У «Руху» такую ананімнасць тлумачаць захадамі бяспекі. У арганізацыі паведамілі «Белсату», што разглядаюць розныя шляхі «аднаўлення незалежнасці Беларусі», у тым ліку сілавы, таму мусяць асцярожнічаць.

«Рух» – прадстаўнік нацыянальна арыентаваных сілаў і актыўнай беларускай моладзі. Мы бачым розныя шляхі ў аднаўленні незалежнасці нашай Радзімы, у тым ліку, як адзін з варыянтаў, і сілавы. Зараз мы актыўна супрацоўнічаем і займаемся разам з Паспалітым рушэннем. Усё гэта небяспечна для сябраў нашай арганізацыі, таму мы дзейнічаем ананімна», – кажуць у аб’яднанні.

Рэпартаж
Манро з аўтаматам, граната пад нагамі Халілава… Пабывалі на вучэннях варшаўскай харугвы
2023.03.24 07:26

Сімволіка арганізацыі – бела-чорна-белыя колеры з крыжам і мячом. Крыж з дзвюма папярэчынамі называюць Патрыяршым ці Латарынгскім, існуе і беларуская народная назва: Ярылаў крыж.

«Менавіта такая форма шырока рэпрэзентаваная як у старадаўнасці на «Пагонях» часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, так і ў нядаўнім часе: на гербе Беларускай Народнай Рэспублікі, сцягу Слуцкіх паўстанцаў, на сімволіцы шматлікіх беларускіх арганізацыяў і вайсковых фармаванняў у XX стагоддзі», – распавёў суразмоўца «Белсату».

Сцяг «Руху» на святочным канцэрце да 105-й гадавіны абвяшчэння БНР. Варшава, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Меч унутры крыжа сімвалізуе імкненне «Руху» змагацца за беларушчыну і гераічнае мінулае беларускага народу, адзначылі ў арганізацыі.

«Чорны колер на нашым сцягу сімвалізуе родную беларускую зямлю і цёмны час, у які нам даводзіцца дзейнічаць, а белы – наш чысты і сумленны дух, а таксама веру ў светлую будучыню і перамогу над сіламі цемры», – растлумачылі ў аб’яднанні.

Там не выключылі, што, калі для Беларусі настануць светлыя часы, колер на сцягу зменяць: «Будзем разглядаць гэтае пытанне ў вольнай, незалежнай і нацыянальнай Беларусі, да чаго мы зараз і імкнёмся».

Рэпартаж
«Каб усе людзі, якія абслугоўваюць рэжым, адчувалі сябе здраднікамі». Як адзначылі Дзень Волі ў Варшаве
2023.03.25 16:07

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў