«Закон супраць Павука». Як і чаму новая пастанова Саўміну абараняе чыноўнікаў ад народу


Беларускія чыноўнікі працягваюць адмяжоўвацца ад уласных грамадзянаў. Паводле афіцыйных зменаў, ім цяпер дазволена радзей праводзіць тэлефонныя лініі. Больш за тое, прадстаўнікам рэжыму далі права спыняць размовы, калі грамадзянін «злоўжывае правам на зварот» або «дыскрэдытуе» Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

27 снежня ў Беларусі была апублікаваная новая пастанова Савету міністраў, якая змяняе правілы працы са зваротамі грамадзянаў у дзяржаўныя органы. У прыватнасці, дакумент дазваляе радзей ладзіць жывыя тэлефонныя лініі. Раней кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і прадстаўнікі мясцовай улады мусілі ладзіць іх штосуботу з 09:00 да 12:00, але цяпер кіраўнікоў дзяржорганаў і аблвыканкамаў ды Менгарвыканкаму вызвалілі ад гэтага абавязку. Да іх можна будзе патэлефанаваць наўпрост толькі ў другую суботу кожнага месяца.

У каментары «Белсату» Яўген Каравулаў, магістр сацыяльных навук у публічнай палітыцы, адзначыў, што тым самым урад вызваліў топ-чыноўнікаў ад часткі іхных абавязкаў, каб яны маглі больш часу прысвячаць палітычным кампаніям, як напрыклад, «выбарам» 2024 года.

Як не размаўляць з грамадзянамі

Дакумент таксама дазволіў чыноўнікам часцей класці слухаўку. Раней гэта было можна толькі ў выпадку нецэнзурнай лаянкі і абразаў. Цяпер жа дадаліся яшчэ дзве прычыны з даволі шырокімі фармулёўкамі. Гэтак, чыноўнікі змогуць спыняць размову, калі звароты змяшчаюць пагрозы жыццю, здароўю і маёмасці, прымушэнне да ўчынення супрацьпраўнага дзеяння ці калі грамадзянін або прадстаўнік юрыдычнай асобы «іншым спосабам злоўжывае правам на зварот».

Таксама звароты можна будзе спыняць, калі «ёсць падставы меркаваць, што мэтай звароту падчас жывой тэлефоннай лініі з’яўляецца дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, у тым ліку яе дзяржаўных органаў і службовых асоб».

Як падкрэсліў у размове з нашымі карэспандэнтамі Вадзім Мажэйка, рэдактар «Беларускага штогодніка», улады такім чынам скасоўваюць яшчэ адзін канал камунікацыі з уласнымі грамадзянамі. Саму ж новую пастанову Саўміну ён ахарактарызаваў як «закон супраць Павука» ў гонар блогера і вядоўцы «Шухер-шоу» на «Белсаце» Андрэя Павука, які тэлефануе з рознымі пытаннямі прадстаўнікам рэжыму.

«Калі не працуюць нармальныя сістэмы зваротнай сувязі, як выбары, людзі і актывісты пачынаюць скарыстоўваць усе астатнія інструменты, якія існуюць. Улады самыя стваралі дадатковыя каналы камунікацыі, якія ў царскай Расеі называліся «чалабітная ізба», у выглядзе асабістых прыёмаў і жывых лініяў», – заявіў Мажэйка.

Ён адзначыў, што гэтыя інструменты сталі выкарыстоўваць актывісты. Гэтак, напрыклад, з дапамогай petitions.by (рэсурс быў заблакаваны ў Беларусі яшчэ ў жніўні 2021 году) пачалі збіраць подпісы пад зваротамі і такім чынам мабілізаваць грамадства.

«А Андрэй Павук гэтыя жывыя лініі фактычна ператварае на шоу, медыйны кантэнт, калі гэта не проста «чалабітная» ад народу, а выцягванне чыноўнікаў у эфір. Натуральна, што ім гэта не падабаецца. І яны спрабуюць гуляць на апераджэнне», – сказаў аналітык.

Сам блогер Павук, асабісты праект якога ў траўні быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем», лічыць новую пастанову не толькі сваёй заслугай, а ўсіх, хто тэлефануе чыноўнікам на жывыя лініі. Хоць, паводле яго, эфект ад такіх тэлефанаванняў невялікі.

«Я так разумею, што жыхары зараз кажуць пра багата якія праблемы. Але эфектыўнасць прамых лініяў нізкая. Яшчэ калі я не быў экстрэмістам і тэлефанаваў у свой райвыканкам, я б не сказаў, што моцна паляпшалася якасць жыцця. Я заўсёды пісаў пісьмовыя скаргі – гэта працавала лепш», – сказаў блогер.

Расплывіста і незразумела

Каравулаў мяркуе, што чыноўнікі з дапамогай гэтай пастановы наўрад ці будуць пазбаўляцца ад любых пытанняў грамадзянаў. Тым больш, што яны ўжо ведаюць, як на іх адказваць і «як адпіску даваць». На думку суразмоўцы, чыноўнікі будуць  намагацца вырашаць побытавыя праблемы, каб гэта «потым не дайшло да іх кіраўніцтва».

Аднак Мажэйка падкрэсліў, што ўлады сваімі ж дзеяннямі скарачаюць каналы камунікацыі для людзей, якія б сапраўды хацелі звярнуцца са сваёй праблемай да чыноўнікаў. І не прапануюць замест гэтага аніякай альтэрнатывы.

У Менску ўпершыню выпаў снег
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Самыя падставы, па якіх чыноўнікі могуць кінуць слухаўку, вельмі расплывістыя. Чыноўнікам фактычна самім дазволена вырашаць, калі чалавек «дыскрэдытуе» Беларусь або «злоўжывае» зваротам. Напрыклад, увосень 2022 года старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава казала, што апаненты дзейнай улады робяць «брудную палітыку, спрабуючы ўнесці дэструктыў у нашае грамадства», нават проста кажучы, што «калодзеж не зачынены ці яшчэ нешта».

Як заявіў Мажэйка, чыноўнікам цяпер проста даецца магчымасць заўжды кінуць слухаўку.

«У чыноўніка можа быць падстава так меркаваць [пра дыскрэдытацыю ці злоўжыванне. – рэд. belsat.eu] проста таму, што ён дурны, адказы яго дурныя і гэта беларускую ўладу дыскрэдытуе. Таму калі чыноўнік ведае, што ён дурань, ён можа ўвогуле слухаўку не здымаць, спасылаючыся на гэты закон», – сказаў Мажэйка.

Гэта, на яго думку, дакладна не падвысіць давер да ўлады і адчуванне яе блізкасці да народу. Тым больш, што, як сказаў аналітык, нават прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі не асабліва любяць ягоных чыноўнікаў.

«Фактычна для таго, каб было зручней, каб не адказваць на запыты актывістаў, занадта актыўных людзей ці гарадскіх вар’ятаў, чыноўнікам проста дазваляюць кідаць слухаўку, калі хочаш. Акцэнт на тым, каб было зручней чыноўнікам, а не на тым, каб было больш камфортна людзям. І гэта само па сабе каларытна, што з’яўляецца для ўлады прыярытэтам», – сказаў Мажэйка.

З гэтым згодны і Павук, паводле якога, «главары Рэспублікі Беларусь» клапоцяцца не пра якасць жыцця беларусаў, а «пра сваю вертыкаль».

«Народ зараз крыўдзіцца афіцыйна не можа, народ можа толькі нахвальваць, нягледзячы ні на што», – сказаў блогер.

Пры гэтым, на яго думку, нават чыноўнікі разумеюць, што «гэтая сістэма дэградуе», і ўжо «задзяўбліся» адказваць на пытанні да іх. У выніку ўлады ім такім чынам «спрабуюць узняць маральны дух».

«Але няма ніякага маральнага духа. Ніхто не верыць Лукашэнку. Ведаюць, што ўсё хлусня, усё сфальсіфікавана. Усё трымаецца на гвалце. І будучыні ніякая сістэма нам не абяцае. Толькі страшнае мінулае», – сказаў ён.

Пры гэтым Павук не думае, што гэтая «аптымізацыя» будзе перашкаджаць яму тэлефанаваць чыноўнікам. Паводле яго, званкі будуць залежыць толькі ад ягонага жадання гэта рабіць.

Аналітыка
Для абароны «маральнасці» у Беларусі ўзаконілі ўтойванне статыстыкі. Але хаваюць яе даўно
2023.01.09 19:53

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў