Праект блогера Андрэя Павука прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»


Міністэрства ўнутраных спраў прызнала праект блогера Андрэя Павука «Рудабельская паказуха» «экстрэмісцкім фармаваннем», паведамляе тэлеграм-канал, набліжаны да сілавікоў.

Андрэй Павук. Крыніца: petitions.by

«За публічныя заклікі да санкцый, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб, арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы да ўчынення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь – група грамадзян, аб’яднаных пад назвай «Рудабельская паказуха», прызнана экстрэмісцкім фармаваннем», – гаворыцца ў паведамленні.

У спісе «экстрэмісцкіх фармаванняў» на сайце МУС праекту «Рудабельская паказуха» пакуль няма.

«Натуральна, уладам не падабаецца, што я здабываю інфармацыю, ды яшчэ легальна. На тых жа прамых лініях. Ім не падабаецца, што інфармацыйная заслона, якой яны хочуць адгарадзіцца ад захаду, ад беларусаў, парушаная. Вось яны паспрабавалі такую сістэму, правераць, як яна будзе працаваць. Я таксама пагляджу», – так пракаментаваў «Белсату» прызнанне праекту «экстрэмісцкім фармаваннем» Андрэй Павук.

Наконт адпісак праз прызнанне «экстрэмісцкім фармаваннем» ён не турбуецца. Андрэй кажа, што падпісчыкі і зараз адпісваюцца пачкамі, пры гэтым колькасць праглядаў сведчыць, што людзі глядзяць іх без падпіскі. «І, вядома ж, калі гэта пытанне бяспекі, то няхай людзі адпісваюцца», – кажа ён.

Таксама сілавікі адзначаюць, што за любую перадачу звестак прадстаўнікам «Рудабельскай паказухі» пагражае крымінальная адказнасць па артыкуле 361-1 КК, які прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

«Я так разумею, што асобы, якія перадаюць «Рудабельскай паказухе» любую інфармацыю, а гэта ў тым ліку і чыноўнікі, якія на прамых лініях даюць нам каментары, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. І сілавікі нам даюць каментары. Як гэта будзе працаваць? Пакуль не разумею», – дадае блогер.

У Беларусі на Андрэя Павука ўжо заведзены некалькі крымінальных спраў, у тым ліку за абразу прадстаўніка ўлады, здзек з дзяржаўнага сцяга і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Ён аб’яўлены ў вышук і знаходзіцца па-за межамі Беларусі. У траўні мінулага года ў Павука адбыўся ператрус, падчас якога сілавікі разграмілі ягоную кватэру.

Аналітыка
Захоп родных у закладнікі і разгром маёмасці. Як сілавікі спрабуюць ціснуць на палітычных уцекачоў
2022.05.29 16:44

Алена Рувіна, Алёна Дубовік belsat.eu

Стужка навінаў