news
Агляд
Францыя капітулюе, туарэгі абвяшчаюць вайну. Што адбываецца ў «пасе пераваротаў» у Афрыцы
Ці здолеюць Расея і ПВК Вагнэра абараніць вайсковыя хунты?
28.09.202314:18

Прарасейскія рэжымы ў афрыканскім «пасе пераваротаў» застаюцца ў топе сусветных навінаў. З аднаго боку, іх канчаткова пакідаюць французскія войскі, а з другога – на арэну выходзяць мясцовыя паўстанцы, не задаволеныя прыходам да ўлады вайсковых хунтаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Antonin Burat / Zuma Press / Forum

Рэгіён Заходняй Афрыкі атрымаў неафіцыйную назву «пасу пераваротаў» пасля таго, як вайсковыя хунты прыйшлі да ўлады ў Малі ў 2020 і 2021 гадах, у Гвінеі, Чадзе і Судане – у 2021-м, двойчы ў Буркіна-Фасо – у 2022-м. 26 ліпеня 2023 года здарыўся пераварот у Нігеры, а 30 жніўня – у Габоне. Заяўлялася таксама пра магчымы пераварот у Конга. Але ці не найбольшая ўвага свету прыцягнутая да Малі, Нігеру і Буркіна-Фасо, дзе мясцовыя хунты навязалі стасункі з расейскаю ПВК Вагнэра і стварылі вайсковы альянс паміж сабою. Аднак стабільнасці ім гэта не прыносіць.

Трэці за два гады пераварот у Буркіна-Фасо

Вайсковая хунта Буркіна-Фасо, што скінула папярэднюю хунту ў верасні 2022 года, заявіла, што 27 верасня папярэдзіла новую спробу дзяржаўнага перавароту. Як заяўляецца, афіцэры ды іншыя асобы планавалі дэстабілізаваць краіну з «цёмным намерам атакаваць інстытуты рэспублікі і пагрузіць нашую краіну ў хаос».

Як паведамляецца, чатыры чалавекі былі затрыманыя, а два ўцяклі. Пачатае расследаванне на падставе «пэўных абвінавачанняў у змове супраць афіцэраў дзяржаўнай бяспекі».

Hавiны
Кіраўніца МЗС Швецыі паставіла Беларусь у адзін шэраг з Буркіна-Фасо, Эфіопіяй і талібамі
2022.02.17 09:55

25 верасня хунта прыпыніла дзейнасць французскага навінавага часопісу «Jeune Afrique» за публікацыю «ілжывых» артыкулаў пра напружанасць і незадаволенасць у збройных сілах Буркіна-Фасо.

Францыя выводзіць войскі

Тым часам трохі выдыхнуць можа суседні Нігер, супраць якога пасля перавароту гэтым летам краіны, аб’яднаныя ў Эканамічную супольнасць заходнеафрыканскіх краінаў (ECOWAS), увялі вельмі моцныя санкцыі і запатрабавалі аднавіць на пасадзе зрынутага прэзідэнта. У ECOWAS нават распрацавалі план дзеянняў і ўзгаднілі «дзень Д» для магчымага вайсковага ўмяшання.

Таксама ў вяртанні зрынутага прэзідэнта быў зацікаўлены і Парыж, бо для французскай эканомікі вельмі важны ўран з Нігеру. Заяўлялася нават, што Францыя нібы атакавала пазіцыі нігерскіх нацгвардзейцаў, гвалтам вызваліла 16 «экстрэмістаў» і прасіла Алжыр дазволіць пралёт над сваёй паветранаю прастораю дзеля вайсковай аперацыі ў Нігеры.

Аналітыка
Вялікая вайна Шрэдынгера ў Афрыцы. Хто за каго будзе ў Нігеры, і якімі будуць наступствы
2023.08.23 18:07

Але выглядае ўсё ж, што вайсковай інтэрвенцыі ў Нігер не будзе. У тым ліку таму, што хунту актыўна падтрымліваюць мясцовыя жыхары. Выказвалі ёй падтрыманне баевікі расейскай ПВК Вагнэра. Дый лідары суседніх Малі і Буркіна-Фасо, якімі кіруюць прарасейскія вайсковыя хунты, падпісалі з Нігерам 16 верасня пакт аб бяспецы, абяцаючы прыйсці на дапамогу ў выпадку ўнутранага паўстання або вонкавай агрэсіі. Усё гэта стварала пагрозу вялікай вайны ў Афрыцы, якая б у тым ліку праз міграцыйны крызіс ударыла па Еўропе.

Як вынік – Парыж 24 верасня абвясціў, што выведзе свае войскі з Нігеру да канца года, а таксама адклікае амбасадара, чым фактычна выканае ўмовы хунты, што захапіла ўладу ў краіне. У Нігеры заставаліся 1500 французскіх вайскоўцаў на запыт мясцовых уладаў і бралі ўдзел у змаганні з ісламісцкімі групоўкамі.

«Мы спыняем нашую вайсковую супрацу ў Нігеры. Салдаты, якія дыслакуюцца там, вернуцца да канца года», – адзначыў Эманюэль Макрон.

Улады Нігеру віталі вывад французскіх войскаў, назваўшы яго «новым крокам на шляху да суверэнітэту». У 2022 годзе вывесці войскі са сваёй тэрыторыі Францыю ўжо вымусіла хунта ў Малі, а ў пачатку 2023-га – у Буркіна-Фасо.

На думку гісторыка і палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана, «пакуль выглядае, што Парыж капітуляваў перад путчыстамі, выканае іхнае патрабаванні і кідае легітымнага прэзідэнта Базума на волю лёсу».

Але сыход французаў непакоіць аналітыкаў у пытаннях бяспекі і дыпламатаў, якія чакаюць усплёск нестабільнасці. Пагатоў улады Нігеру ў змаганні з ісламістамі больш не здолеюць абапірацца на французскую выведку і наземнае падтрыманне. Як піша «Reuters», бяспека ў рэгіёне будзе залежаць ад ЗША, якія маюць вайсковую базу на поўначы Нігеру і паводзяць сябе стрымана ў дачыненні хунты. Не спяшаюцца разрываць стасункаў з новымі ўладамі таксама Італія з Нямеччынай, што імкнуцца кантраляваць міграцыйныя маршруты ў Еўропу. Але з заходніх краінаў толькі Францыя наўпрост брала ўдзел у супрацьстаянні джыхадыстам.

Агляд
«Кашмар для Захаду». Што значыць вайсковы пераварот у Нігеры і што ад таго беларусам
2023.07.27 17:49

Нігер «разглядаецца як важны цэнтр збору выведнай інфармацыі ды надання дапамогі ў сферы бяспекі. Я думаю, яны не захочуць ад гэтага адмаўляцца», адзначаў Натэньел Паўэл (Nathaniel Powell), заходнеафрыканскі аналітык кансалтынгавай фірмы «Oxford Analytica».

«Важна, каб мы як свет і надалей мелі ўплыў у Сахэлі. І я думаю, добра, што Злучаныя Штаты ўсё яшчэ там, нам давядзецца пераасэнсаваць еўрапейскую ролю без ролі Францыі. І гэта для нас сур’ёзная задача на будучыню. Гэта тое, што нам трэба зрабіць за найбліжэйшыя пару месяцаў», – сказаў «DW» нямецкі дэпутат, сябар парламенцкага камітэту ў пытаннях абароны Крыстоф Шмід (Christoph Schmid).

Паводле дэпутата, Захад, які прасоўвае палітыку каштоўнасцяў і не прымае вайсковых пераваротаў, мусіць усё ж знайсці «залатую сярэдзіну ў пытанні легітымнасці і прыняць рэаліі ды тое, што адбываецца ў Нігеры». То бок ісці на перамовы з лідарамі хунты, як гэта ўжо робяць ЗША.

Францыя як прычына?

Паколькі пераважная большасць дзяржаўных пераваротаў у краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары адбываецца ў былых калоніях Францыі, існуе думка, што Афрыку дэстабілізуе менавіта французскі ўплыў. У межах свайго рэгіянальнага пераасэнсавання Парыж звярнуўся па больш узгодненую еўрапейскую дапамогу. Але, паводле дыпламатаў, у еўрапейскіх хаўруснікаў няма асаблівага жадання дапамагаць Францыі, тым больш з улікам вайны ва Украіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фарпост французскага войска ў Малі. 6 верасня 2021 года.
Фота: Antonin Burat / Zuma Press / Forum

Парыж мог бы скіраваць свае войскі ў суседні Чад, дзе застаюцца каля 1000 вайскоўцаў. Але гэта можа павялічыць антыфранцузскія настроі ўжо тут. Дый сам Чад далёка ад цэнтру джыхадысцкага руху. Таксама ісламісцкая пагроза рушыць у бок прыбярэжных краінаў, у тым ліку такіх рэгіянальных эканамічных цэнтраў, як Гана і Кот-дʼІвуар. І яны б маглі зрабіць афіцыйны запыт на вайсковую дапамогу з боку Францыі. Але застаецца пытанне ў здольнасці Парыжу мяняць свае падыходы.

«Адміністрацыя Макрона сутыкнулася са шматлікімі няўдачамі на афрыканскім кантыненце з 2017 года, але ніводная з іх не спрычынілася да пераацэнкі стратэгіі, мыслення або персаналу», – сказаў Джалель Харшаўі (Jalel Harchaoui), навуковы працаўнік Каралеўскага інстытуту абʼяднаных службаў у Лондане.

Новая старая вайна

Тым часам у суседнім – і галоўнае – саюзным Нігеры Малі, дзе прарасейская хунта ва ўладзе з 2021 года, разгараецца з новаю моцаю канфлікт, які раней удалося спыніць з дапамогаю французскіх войскаў і міратворцаў ААН. Яшчэ ў канцы жніўня эксперты ААН падкрэслівалі, што «Ісламская дзяржава» і так за год павялічыла сваю тэрыторыю амаль удвая. А апошнія падзеі давалі ёй і канкурэнтнай «Аль-Каідзе» яшчэ больш шанцаў «аднавіць сцэнар 2012 года», калі супраць цэнтральнага ўраду паўсталі ісламісты і плямёны туарэгаў на поўначы краіны, якія змагаюцца за больш шырокую аўтаномію.

Адмыслоўцы папярэджвалі пра рызыку «новага паўстання» з прычыны вываду міратворцаў ААН, якім пакінуць краіну загадала вайсковая хунта. Яны былі таксама занепакоеныя сексуальным гвалтам з боку хаўруснікаў малійскай вайсковай хунты – баевікоў расейскай ПВК Вагнэра – ды «іншымі формамі сурʼёзных парушэнняў правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права», якімі вагнэраўцы тэрарызавалі насельніцтва.

І вось цяпер, падобна, гэтыя прагнозы пачалі здзяйсняцца. Туарэгі непакояцца, што вайсковая хунта пасля вываду французскіх войскаў і міратворцаў паспрабуе зліквідаваць іхную аўтаномію, якая сталася вынікам дамовы 2015 года. «Каардынацыя рухаў Азаўаду» (КРА), што яднае разнастайныя групоўкі туарэгаў, абвінавачвае малійскае войска і вагнэраўцаў у бамбаванні сваіх пазіцыяў і мірных жыхароў, у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавецтва. Яна фактычна абвясціла ім вайну і заклікала цывільнае насельніцтва трымацца далей ад пазіцыяў тэрарыстаў – малійскай арміі ды ПВК Вагнэра. Лідары туарэгаў заяўляюць, што не хочуць падзелу краіны, а імкнуцца вызваліць Малі, «узяты ў закладнікі пяццю палкоўнікамі».

«Цяпер мы хочам падзення хунты», – заявіў адзін з прадстаўнікоў паўстанцаў.

Паўстанцы ўжо заявілі пра шэраг паспяховых атак, у выніку чаго былі захопленыя некаторыя вайсковыя базы і мясцовасці ды забітыя, як заяўляецца, сотні малійскіх вайскоўцаў ды іхных хаўруснікаў з ПВК Вагнэра.

Фуд’е Танджыгура (Fodié Tandjigora), прафесар сацыялогіі ва Універсітэце Бамако і даследнік бяспекі ў Малі, у размове з «Голасам Амерыкі» заявіў, што бачыць прыкметы супрацы паміж туарэгамі ды ісламістамі, як гэта было ў 2012 годзе.

Паўстанцам – як туарэгам, гэтак і ісламістам – удаецца таксама актыўна знішчаць авіяцыю праціўніка: самалёты, верталёты і беспілотнікі, у тым ліку пастаўленыя з Расеі ў студзені 2023 года. Ці не самым гучным сталася падзенне Іл-76 раніцаю 23 верасня, які нават памылкова звязвалі з беларускаю кампаніяй «Rubystar Airways». Паводле французскіх медыяў, там былі амаль толькі «беласкурыя параненыя» і «амаль адны расейскія вайскоўцы з ПВК Вагнэра». Крыніцы адзначалі, што Іл-76 перавозіў вайсковае абсталяванне, а колькасць загінулых і матэрыяльная шкода – высокая. У ПВК Вагнэра прызналіся, што самалёт быў збіты. І хоць ён мог належаць наймітам, яны заяўляюць, што вагнэраўцаў там не было.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Tanguy Vabatte / Zuma Press / Forum

Тым часам расейскае выданне «The Insider» паведамляе, што кантроль над аб’ектамі вагнэраўцаў у Малі пераходзіць прадстаўнікам Міністэрства абароны Расеі. Прынамсі гэта адбылося з вайсковаю базай у Сэварэ. Пра тое, што вагнэраўцы ў краінах «пасу пераваротаў» цяпер служаць пад камандаваннем абароннага ведамства Расеі, можа сведчыць і візіт у сярэдзіне верасня расейскага вайсковага кіраўніцтва ў суседняе Буркіна-Фасо.

Але ці здолеюць расейскія войскі і найміты дапамагчы хунце Малі спыніць паўстанне ісламістаў і туарэгаў, няясна. Падчас мінулай вайны менавіта французскія войскі дапамаглі спыніць канфлікт, а міратворцы ААН – захоўваць мір. Цяпер жа іх з краіны выганяюць. У выніку ўлады ў Бамако застаюцца сам-насам з паўстанцамі і з хаўруснікамі, якія мала таго што занятыя вайною ва Украіне, дык яшчэ і сваёй жорсткасцю дадаткова правакуюць праціўніка.

Аналітыка
Як Прыгожын браў пад кантроль краіны Афрыкі і ці можа такі сцэнар паўтарыцца ў Беларусі
2023.07.21 10:00

Макар Мыш belsat.eu