Азараў: Раскол у BYPOL быў праз супольную аперацыю з СБУ і надта жорсткі паліграф украінцаў


Атака на расейскі «лятучы радар» у Мачулішчах была супольнай аперацыяй BYPOL з СБУ. Праз яе BYPOL пазбавілі фінансавання. А пытанні пра фінансы пачаліся пасля таго, як частка супрацоўнікаў адмовілася прайсці «дэтэктар хлусні» ўкраінцаў праз надта жорсткія пытанні. Пра гэта заявіў лідар BYPOL Аляксандр Азараў – пераказваем ягоныя словы.

У чэрвені 2023 года ў аб’яднанні былых сілавікоў BYPOL разгарэўся скандал, праз які арганізацыя раскалолася на дзве: ад BYPOL адкалоўся BELPOL.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў аднаўленні правапарадку Аляксандр Азараў у інтэрв’ю беларускай блогерцы Таццяне Мартынавай (вядомай па суполках «Хватит бояться!») пра лютаўскую аперацыю з падрывам расейскага «лятучага радару», самалёту А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах і пра план «Перамога», а таксама пра канфлікт у BYPOL, які, паводле яго, звязаны з рэакцыяй на атаку на самалёт.

«Белсат» звярнуўся па каментар да BELPOL. Пачытаць яго можна тут:

Інтэрв’ю
«Хтосьці дзеля самапіяру гатовы падставіць грамадзян». «BELPOL» пракаментаваў заяву Азарава пра датычнасць СБУ да дыверсіі ў Мачулішчах
2023.07.28 08:00

А ніжэй – што казаў Азараў.

Пасля Мачулішчаў BYPOL пазбавілі фінансавання

Атака дронаў на самалёт у Мачулішчах, расказаў Азараў, была аперацыяй не толькі BYPOL, але і Службы бяспекі Украіны, якая аказвала спрыянне.

Правядзенне такой акцыі, адзначыла вядоўца, у свеце можа лічыцца актам тэрарызму. Азараў растлумачыў, што BYPOL спачатку не браў на сябе адказнасць за гэтую акцыю, бо гэткія дзеянні ў Беларусі «адмоўна ўспрымаюцца нашымі партнёрамі за мяжою». Але пасля перамоваў з украінскімі партнёрамі BYPOL вырашыў узяць адказнасць на сябе без згадкі ўдзелу ўкраінскага боку. І толькі цяпер украінскі бок, паводле Азарава, дазволіў казаць аб сваім удзеле.

Паводле Азарава, прычына расколу BYPOL банальная: «Гэта грошы». BYPOL, тлумачыць ён, гэта некамерцыйная арганізацыя, якая не можа рэгулярна выплочваць супрацоўнікам заробкі, атрыманыя з прыбытку, а можа толькі плаціць грошы з грантаў, выдадзеных на пэўныя мэты і пэўных людзей. Фінансаванне спынілі ў лютым 2023 года ў сувязі з атакай на самалёт А-50, новага дагэтуль не знайшлі. Азараў сцвярджае, што за сакавік, красавік і травень выплачваў супрацоўнікам толькі частку заробкаў, каб тыя маглі прынамсі заплаціць за жытло. Гэтую частку ўзялі з грошай, што BYPOL атрымаў праз данаты і «пазычыў» да атрымання наступнага фінансавання.

«Нашыя міжнародныя партнёры, донары казалі: „Аляксандр, ты малайчына“. За рогам. А калі выходзілі кудысьці пры грамадскасці, [казалі:] „Мы з вамі мець больш адносінаў ніякіх не можам, усё, фінансавання ў вас больш не будзе“. Адпаведна, без фінансавання і пачаліся праблемы ў калектыве, людзі патрабавалі заробкі», – распавёў Азараў.

Ён не адказаў на пытанне вядоўцы аб тым, ці выклікалі яго польскія спецслужбы і ці пагражалі, што «яшчэ адна такая акцыя – дамоў паедзеш». Але прызнаў, што правядзенне такой акцыі на тэрыторыі Беларусі з тэрыторыі Польшчы – гэта «фактычна падрыхтоўка вайны іншай дзяржавай, у гэтым выпадку Польшчай», таму такія акцыі забараняюць адпаведныя спецслужбы, «не вітаюць» іх правядзення.

Разбор
«Мачулішчы атакавала СБУ, а не беларусы» – адкуль узялася гэтая версія і што было ў першакрыніцы
2023.04.13 15:33

Нагодай да расколу стаў «дэтэктар хлусні» ўкраінскага спецыяліста

Яшчэ адным аспектам канфлікту было праходжанне паліграфу – «дэтэктару хлусні». Як сцвярджае Азараў, у BYPOL прынятае правіла рэгулярна праходзіць паліграф – хоць гэта і «не панацэя», але самы эфектыўны спосаб праверыць, ці не супрацоўнічае хтосьці з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. У 2021 і 2022 гадах, кажа ён, усе ў BYPOL прайшлі паліграф, агентаў не выявілі. Таксама прайсці паліграф прасілі партнёры BYPOL, каб паказаць, што пасля мінулай праверкі чалавека не завербавалі.

На чарговую праверку партнёры з Украіны запрасілі вядомага ўкраінскага паліграфолага – паводле Азарава, «пытанні былі вельмі жорсткімі, не ўсе пагадзіліся іх праходзіць», пра што ён расказаў калегам. Сярод пытанняў было, напрыклад такое: «За якую суму ты прадасі Радзіму – за 50 тысяч еўра, за 100 тысяч, за 500 тысяч?» Або такое: «Ці здрадзіш ты пад пагрозай згвалтавання тваёй жонкі, тваіх дзяцей, твайго згвалтавання?» Азараў заяўляе, што прайшоў гэтую праверку.

Ён прызнаў, што ягонай памылкай было тое, што ён раскрыў калегам гэтыя пытанні перад тым, як выправіць іх на паліграф, бо праз гэта частка супрацоўнікаў адмовілася ад праверкі. Адзін супрацоўнік, кажа Азараў, нават напісаў дакладную аб тым, што паліграфолаг з Украіны нібыта з’яўляецца агентам расейскай Федэральнай службы бяспекі. Азараў кажа, «пачаліся бурленні ў калектыве, што мы не пройдзем гэты паліграф», але ён настойваў на тым, каб усе прайшлі гэтую праверку пад пагрозай звальнення.

У канцы траўня 2023 года, пасля праходжання паліграфу, Азараў пайшоў у адпачынак, расказала вядоўца. Азараў адказаў, што вывозіў у адпачынак дзвюх сваіх дачок, якія праз асаблівасці ягонай працы нячаста бачаць бацьку, а таксама што з ім у адпачынак паехаў яшчэ адзін супрацоўнік BYPOL. У час адпачынку Азарава аб праходжанні паліграфу дамаўляўся іншы супрацоўнік, расказвае ён, і калі гэты супрацоўнік паведаміў, што людзі адмаўляюцца ад паліграфу, ён напісаў у чат: «Хто не пройдзе паліграф, будзе звольнены».

Каментар
Наколькі раскол «BYPOL» – бяда для дэмакратычных сілаў? Каментуе спікер Каардынацыйнай рады
2023.06.13 15:35

Пасля гэтага, сцвярджае Азараў, «пачаліся пагрозы, шантаж» і патрабаванні выслаць усе фінансавыя дакументы, справаздачы і дамовы па грантах BYPOL з 2021 года на электронную пошту супрацоўнікаў, якія адмовіліся праходзіць паліграф. Азараў заяўляе, што раней такога супрацоўнікі не патрабавалі, а за месяц да канфлікту, у красавіку 2023 года, усе чатыры чальцы праўлення арганізацыі (ён і Станіслаў Лупаносаў, які цяпер застаўся з ім у BYPOL, а таксама Мацвей Купрэйчык і Уладзімір Жыгар, якія ўтварылі BELPOL) вывучылі фінансавую справаздачу BYPOL ад бухгалтарскай арганізацыі і зацвердзілі спецыяльным дакументам з подпісамі. Скан дакументу з подпісамі Азараў паказаў вядоўцы ў эфіры.

Азараў заяўляе, што ён разам з Лупаносавым (як «рада заснавальнікаў») вырашыў не высылаць усю фінансавую справаздачу на мэйлы людзям, якія адмовіліся ад паліграфу, бо BYPOL названы ўладамі Беларусі «тэрарыстычнай арганізацыяй» – кожны афіляваны з арганізацыяй пад пагрозай крымінальнай справы і пераследу родных, якія засталіся ў Беларусі.

Калі супрацоўнікі канчаткова адмовіліся праходзіць паліграф, Азараў з Лупаносавым вырашылі выключыць з праўлення Купрэйчыка і Жыгара, з якімі былі заключаныя працоўныя дамовы. Азараў кажа, што польскае заканадаўства дазваляла яму як дырэктару ў такім выпадку разарваць дамовы на падставе грубага парушэння працоўнай дысцыпліны. Астатнія, хто адмовіўся ад паліграфу, не мелі дамоваў з BYPOL – ім Азараў паабяцаў, што з імі не стануць заключаць дамоваў у выпадку паступлення новага фінансавання, і прапанаваў здаць працоўную тэхніку Лупаносаву. З Лупаносавым, паводле Азарава, адмовіліся размаўляць, тэхніку не аддалі.

План «Перамога» не адмяняецца

Азараў заяўляе, што людзі, якія займаліся планам «Перамога», засталіся з ім у BYPOL, а тая частка людзей, якая сышла, займалася «больш медыйнай часткай». Як кажа Азараў, менавіта план «Перамога» стаў «косткай у горле» пасля атакі на расейскі самалёт і пазбаўлення фінансавання, «таксічным» для грантадаўцаў, таму некаторыя патрабавалі «прыбраць „Перамогу“ з „Байполу“». Як і раней, Азараў абяцае, што фінансавы аўдыт BYPOL будзе праведзены.

Праца над планам «Перамога» ўсё яшчэ вядзецца, запэўнівае Азараў. Дагэтуль, кажа ён, не «адпрацаваныя» ўсе, хто запісаўся ў план: з 200 тысяч апрацавалі паведамленні 10 тысяч чалавек (астатнія атрымалі аўтаматычныя паведамленні ад бота і толькі паверхневыя пытанні). Раней разборам паведамленняў ніхто не займаўся на поўную стаўку, цяпер Азараў знайшоў людзей на поўны працоўны дзень для разбору паведамленняў і падтрымкі кантактаў (і гэтыя людзі прайшлі ўкраінскі паліграф).

Акрамя таго, расказаў Азараў, украінскія ўлады прапанавалі стварыць у Кіеве прадстаўніцтва BYPOL. Цяпер Азараў ва Украіне шукае кандыдатаў, сустракаецца з актывістамі і ўдзельнікамі BYPOL, якія служаць ва ўкраінскім войску, верыць у паспяховае развязанне пытання з фінансаваннем.

Аналітыка
КДБ пужае тэрарыстамі. Чаму беларусы не перайшлі ад мірнага пратэсту да гвалту і забойстваў?
2023.05.04 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў