«Хтосьці дзеля самапіяру гатовы падставіць грамадзян». «BELPOL» пракаментаваў заяву Азарава пра датычнасць СБУ да дыверсіі ў Мачулішчах


«BELPOL» сцвярджае, што заява кіраўніка «BYPOL» Аляксандра Азарава пра датычнасць да дыверсіі ў Мачулішчах СБУ можа моцна нашкодзіць затрыманым у справе, а таксама зняпраўджвае амаль усе заявы Аляксандра Азарава. Пасля ягонага інтэрв’ю Таццяне Мартынавай мы задалі свае пытанні «BELPOL».

– Ці можаце вы пацвердзіць, што падчас дыверсіі ў Мачулішчах «BYPOL» дапамагаў СБУ?

– Мы не можам ні пацвердзіць гэтых словаў, ні зняпраўдзіць. У першую чаргу, з увагі на бяспеку людзей. Большасць працаўнікоў «BYPOL» пра акцыю ў Мачулішчах даведалася толькі пасля таго, як яна адбылася. Азараў растлумачыў, што падрыў самалёта ўчынілі беларускія партызаны – удзельнікі плану «Перамога». Пасля, калі пра акцыю пачало з’яўляцца больш інфармацыі, Азараў агучыў крыху іншую версію. Пра падрабязнасці ўдзелу «BYPOL» у гэтай аперацыі станавілася вядома цягам некалькіх тыдняў. Але цяпер мы не можам выдаваць нюансаў аперацыі, ад гэтага залежыць бяспека многіх людзей.

Hавiны
Азараў: Раскол у BYPOL быў праз супольную аперацыю з СБУ і надта жорсткі паліграф украінцаў
2023.07.27 18:40

– На вашую думку, чаму менавіта цяпер Аляксандр Азараў зрабіў заяву пра датычнасць СБУ да дыверсіі ў Беларусі?

– Варта запытаць яго. Калі хтосьці дзеля самапіяру ў неспакойны час гатовы падставіць грамадзянаў, у тым ліку тых, якія цяпер бяздоказна пад следствам, пытанні пра мэтазгоднасць іх агучвання неабходна накіроўваць яму.

З нашага боку мы можам сказаць, што бяздумнае агучванне падобнай інфармацыі абяцае ўсім затрыманым грамадзянам дадатковае прыцягненне да адказнасці за «здраду дзяржаве» паводле арт. 356 КК Рэспублікі Беларусь. Відэа, дзе Азараў расказвае пра датычнасць СБУ, можа быць скарыстанае ў якасці доказу ў судах.

Самалёт-лакатар А-50.
Фота: wikimedia.org

– У інтэрв’ю Таццяне Мартынавай Азараў расказвае, што пасля дыверсіі было спыненае фінансаванне «BYPOL». Менавіта гэта, паводле Азарава, сталася прычынай распаду арганізацыі. «Усё банальна – гэта грошы… Людзі пачалі патрабаваць заробку», – кажа ён. Ці пацвярджаеце вы, што фінансавае пытанне стала прычынай распаду арганізацыі?

– Фінансаванне арганізацыі фактычна спынілася да так званай дыверсіі. 2023 год працаўнікі сустракалі без заробкаў. Але паколькі ўсе прадстаўнікі арганізацыі ніколі не ўдаваліся ў падрабязнасці працэсу фінансавання, дакладная карціна нам была невядомая. У сваю чаргу, старшынём фонду інфармацыя падавалася дазавана, разрознена і індывідуальна кожнаму з прадстаўнікоў. Агульная карціна выглядала і падавалася так, быццам праблемы з фінансамі пачаліся пасля дыверсіі, але ўсе ведалі, што гэтым пытаннем Азараў займаўся яшчэ з восені, бо гэта быў ягоны адзіны абавязак у арганізацыі.

– Прадстаўнік «BELPOL» расказвае мне, што толькі праз нейкі час была ўстаноўленая наяўнасць міжнароднай грантавай дапамогі для «BYPOL»…

– Аказалася, што гранты ішлі і пасля дыверсіі ў Мачулішчах. Але адкуль ішлі грошы і каму даставалася, нам было невядома. І вось пасля гэтага мы пачалі задаваць пытанні пра фінансаванне і якраз тады з’явіўся паліграф. Роўна такія ж пытанні ў сярэдзіне ліпеня 2022 года задаваў Алег Талерчык, пасля чаго, уступіўшы ў канфлікт з Азаравым, ён быў вымушаны пакінуць калектыў.

Ілюстрацыйны здымак. Крыніца https://t.me/bypol/689

– Ці заставаліся працаўнікі «BYPOL» у 2023 годзе без заробкаў? Аляксандр Азараў у інтэрв’ю Таццяне Мартынавай запэўнівае, што выплачвалася хаця б частка заробку, на арэнды кватэраў.

– У 2023 годзе перад працаўнікамі была запазычанасць у заробках за 2 месяцы. Наконт заявы Азарава аб наяўнасці ў «BYPOL» данатаў, можам толькі сказаць, што сам Азараў ніякіх данатаў для арганізацыі не знаходзіў. Гэта было заслугай працаўнікоў, якія цяпер прадстаўляюць «BELPOL».

– Удакладніце. Вышэй вы сцвярджаеце, што ў арганізацыі не ведалі пра гранты, якія ішлі і пасля дыверсіі ў Мачулішчах. А цяпер кажаце, што сам Азараў ніякіх данатаў для арганізацыі не знаходзіў.

– Справы былі размеркаваныя паміж працаўнікамі. Азараву фармальна былі аддадзеныя кіраўнічыя функцыі. Гэтага патрабавалі абставіны. Патроху ён узяў на сябе і функцыі размеркавання грошай, набыцця грантаў.

Гранты – гэта пастаяннае фінансаванне паводле дамовы ад міжнародных фондаў. Данаты – гэта разавая фінансавая падтрымка ад прыватных асобаў. Данатамі займаліся іншыя асобы. Неяк так… Падрабязней патлумачыць наўрад ці выйдзе…

– Калі «BYPOL», паводле Азарава, быў пазбаўлены фінансавання, то за якія грошы існуе цяпер новая арганізацыя «BELPOL»?

– Пакуль мы працуем на валанцёрскіх пачатках і сканцэнтраваныя на працы і на вяртанні даверу людзей. Астатнія пытанні другасныя, але яны, натуральна, цяпер вырашаюцца.

Hавiны
Азараў расказаў што з «BYPOL»: Наглядальная рада, незалежны аўдыт і план «Перамога»
2023.07.09 17:57

– Якія ў «BELPOL» цяпер узаемаадносіны з «BYPOL»? Ці ёсць у вас супольныя праекты ці працоўныя пытанні?

– Узаемадзеянне спыненае і ў будучыні не плануецца. З улікам, што ўсе інтэлектуальныя, тэхнічныя і медыйныя магчымасці засталіся ў «BELPOL», у кантэксце падзеяў, што адбываюцца, няма ніякай мэтазгоднасці ў зносінах з юрыдычнай асобай, якая нічога з сябе не ўяўляе. На дадатак, да гэтага часу самаабвешчаны «кіраўнік» «BYPOL» не выканаў абавязкаў, не адказвае на запыты і спрабуе маніпуляваць інфармацыяй.

– Што за абавязкі не выканаў Азараў?

– На медыяльнай сустрэчы бакоў, на якой прысутнічалі таксама прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай, былі заключаныя дамоўленасці. Пра іх была інфармацыя і на канале АПКБ. Азараў, у тым ліку ў сваім канале і ў інтэрвʼю Мартынавай, заяўляе, што ён выконвае некаторыя з гэтых дамоўленасцяў. Гэта хлусня. Ён падмяняе паняцці і падае непраўдзівую інфармацыю.

– Азараў у інтэрвʼю кажа, што людзі, якія займаліся планам «Перамога», засталіся з ім у «BYPOL», а тая частка людзей, якая сышла, займалася «больш медыйнай часткай». Паводле вашай інфармацыі, асноўныя людзі засталіся ў «BELPOL»? Дзе праўда?

– Як мы адказалі раней, Азараў маніпулюе інфармацыяй і падае яе так, як зручна яму. Практычна ўсе працаўнікі «BYPOL», у тым ліку тыя, хто цяпер у «BELPOL», так ці інакш займаліся планам «Перамога». У кожнага былі свае кавалкі працы. Азараў асабіста планам «Перамога» займаўся павярхоўна і быў яго «говорящей головой», ён мае пра яго толькі агульнае ўяўленне. І ў інтэрвʼю Мартынавай ён няправільна расказаў пра сутнасць «Перамогі».

– Тады раскажыце вы правільна пра сутнасць «Перамогі», і ў чым Азараў нахлусіў ці памыліўся?

Гэта тэма вельмі складаная. Дробязяў шмат. Людзі займаліся кожны сваёй справай. Той, хто галава «Перамогі», застаўся з Азаравым. Пытайцеся там.

Hавiны
Абʼяднанне сілавікоў Беларусі змяніла назву на «BELPOL»
2023.07.05 18:40

Алёна Дубовік belsat.eu

Стужка навінаў