Абʼяднанне сілавікоў Беларусі змяніла назву на «BELPOL»


Абʼяднанне сілавікоў Беларусі змяніла назву з «BYPOL» на «BELPOL», у арганізацыю вярнуўся Андрэй Астаповіч. АСБ працягне выконваць ранейшыя задачы. Аб гэтым у інтэрвʼю «Белсату» паведаміў прадстаўнік «BELPOL» Мацвей Купрэйчык.

Матвей Купрейчик, представитель инициативы BYPOL
Мацвей Купрэйчык, прадстаўнік «BELPOL».
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

5 ліпеня Абʼяднанне сілавікоў Беларусі (АСБ) абʼявіла аб змене назвы з «BYPOL» на «BELPOL». Прадстаўнік арганізацыі Мацвей Купрэйчык паведаміў «Белсату», што ўжо зменены лагатыпы ва ўсіх сацыяльных сетках. Апроч таго, створаны новыя акаўнты ў Facebook і Twitter. Усе гэтыя рэсурсы АСБ будзе выкарыстоўваць дзеля таго, каб «як мага больш людзей маглі атрымаць спраўджаную інфармацыю».

Купрэйчык таксама пацвердзіў, што ў каманду АСБ вярнуўся заснавальнік абʼяднання сілавікоў Андрэй Астаповіч.

«Аб гэтым ужо можна казаць адкрыта, ён да нас далучыўся і ўжо вядзе сумесную працу з намі. І мы ўдзячны яму за давер. Андрэй вельмі зараджаны да працы, хоча працаваць на карысць таго, каб хутчэй вярнуцца да дому ў Беларусь», – расказаў Мацвей Купрэйчык.

Прадстаўнік АСБ падкрэсліў, што структура ў арганізацыі застаецца гарызантальнай – «кіраўнікоў у нас, як і раней, няма».

Што тычыцца задач «BELPOL», то яны «застаюцца ранейшымі» – правядзенне расследаванняў, выкрыццё агентуры, праца з людзьмі ў Беларусі і за мяжой, дапамога сродкам масавай інфармацыі. Таксама Купрэйчык анансаваў, што будуць адноўленыя некалькі праектаў, «якія раней былі забытыя».

«Будзем працаваць на карысць народу Беларусі з адной мэтай – знішчыць рэжым Лукашэнкі і аднавіць закон у Беларусі», – заявіў прадстаўнік «BELPOL».

Адносна вынікаў сустрэчы з прадстаўнікамі Абʼяднанага пераходнага кабінету, якая павінна была паспрыяць урэгуляванню канфлікту ў АСБ, Мацвей Купрэйчык пакуль што не стаў даваць ніякай інфармацыі, спасылаючыся на дамову аб захаванні да пэўнага часу «рэжыму цішыні».

У сваю чаргу, тэлеграм-канал «BELPOL» паведаміў, што ў выніку сходу супрацоўнікаў арганізацыі зацверджаны:

  • новая назва і новы лагатып арганізацыі – BELPOL;
  • напрамкі дзейнасці і агульная стратэгія арганізацыі;
  • праект статута арганізацыі;
  • удасканалены сістэмы адміністрацыйнай бяспекі;
  • новыя падыходы ў працы са СМІ;
  • парадак фінансавай справаздачнасці.

Таксама паведамляецца, што з АСБ выключаныя Аляксандр Азараў і Станіслаў Лупаносаў, з імі і з фондам «BYPOL» спынена «любое супрацоўніцтва».

«Перайменаванне арганізацыі – гэта мера выключна тэхнічная. Поўным праваўладальнікам абсалютна ўсіх магчымасцяў і інструментаў, як тэхнічных, так і інтэлектуальных, зʼяўляецца АСБ «BELPOL». Юрыдычная назва «BYPOL» і план «Перамога» застаецца за фондам А.Азарава», – гаворыцца ў паведамленні тэлеграм-канала.

Таксама арганізацыя праінфармавала, што блогер і экс-палітвязень Аляксандр Кабанаў будзе працаваць у «BELPOL» ў якасці прэс-сакратара.

Раней Аб’яднанне сілавікоў Беларусі паведаміла пра вырашэнне ўнутранага крызісу і аднаўленне працы арганізацыі. У пачатку чэрвеня сёлета ў абʼяднанні сілавікоў разгарэўся канфлікт паміж Аляксандрам Азаравым і некаторымі прадстаўнікамі арганізацыі. Былыя сілавікі заяўляюць аб тым, што ўсе памылкі лікідаваны:

«Працаўнікі арганізацыі прыносяць свае шчырыя выбачэнні грамадзянам нашай краіны за дапушчаныя намі памылкі пры ажыццяўленні сваёй працы. Са свайго боку адказна заяўляем, што крызісная сітуацыя была дэталёва вывучана, усе зробленыя памылкі, якія прывялі да яе, выяўлены, прааналізаваны і ліквідаваны, прыняты меры па недапушчэнні падобнага надалей», – гаворыцца ў паведамленні арганізацыі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў