«Іду следам пушчанскіх прабабак». Хто такая Ганна Кандрацюк, пераможца прэміі Гедройця


«Пішу, бо адчуваю подых постіндустрыяльнай рэчаіснасці», – адзначала журналістка і пісьменніца Ганна Кандрацюк. У 2023 годзе яна стала пераможцаю найбуйнейшай незалежнай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы».

Пераможца прэміі Гедройця Ганна Кандрацюк (1 месца) з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы». Гданьск, Польшча. 25 лістапада 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Ганна Кандрацюк (Ганна Кандрацюк-Свярубская) нарадзілася ў вёсцы Кутлоўка на Падляшшы.

«Я родам з такой мясціны, якая літаральна вымерла на маіх вачах. І можна сказаць, што я апошняя сведка прамінулага свету, якая хоча захаваць ад забыцця фрагменты той прамінулай рэчаіснасці. Я ў жыцці не люблю азірацца назад, не люблю сантыментаў, не шукаю вінаватых за свае паразы і памылкі. Тут, думаю, хацелася мне запісаць той непаўторны ментальны краявід, які выспеў у прысценку старога лесу», – расказала яна «Радыё Свабодзе».

У 1991 годзе Ганна Кандрацюк скончыла Варшаўскі ўніверсітэт. І з 1993-га працуе ў тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва». Спецыялізацыя Кандрацюк – рэпартажы. Ейныя працы перакладзеныя на польскую і англійскую мовы.

Hавiны
«Многа любові, якая бʼе ад неба да зямлі». Назвалі пераможцу прэміі імя Гедройця ў 2023 годзе
2023.11.26 00:10

«Час, у якім мне прыйшлося працаваць, паказаўся самым складаным у гісторыі газеты. Кожны год мы рэальна адчувалі пагрозу ліквідацыі. Нашыя крыніцы творчасці – беларуская мова і дабрыня – таксама высыхаюць у маланкавым тэмпе. Усякая пашана для слова і этнічнага сваяцтва страціла значэнне. Я пішу, бо адчуваю подых постіндустрыяльнай рэчаіснасці, дзе чутны і наш голас лясоў. Іду следам сваіх пушчанскіх прабабак. Усе мае рэпартажы-доследы, апавяданні, песні ў вялікай ступені маюць тэрапеўтычны характар», – адзначала пісьменніца.

Пераможца прэміі Ежы Гедройця Ганна Кандрацюк у цэнтры. Каля мікрафону пісьменніца Ева Вежнавец (Святлана Курс). Гданьск, Польшча. 25 лістапада 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Праца над кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» пачалася яшчэ пяць гадоў таму. Гэта рэпартажы, якія пісаліся з беларускага і польскага бакоў памежжа.

«Кніга з’яўляецца такім аповедам пра людзей пушчы. Для мяне гэта важна, каб хтосьці праз гады адкрыў кніжку і пабачыў сваю мясцовасць, людзей, якія там жылі, каб адчуў той дух», – казала Кандрацюк на прэзентацыі кнігі.

Па ейных словах, кнігай яна спрабавала паказаць, што перад тым, як не было мяжы, беларусы і палякі былі адным народам.

«Мы падобна марым, падобна апранаемся, маем аднолькавы кулінарны густ. Маем аднолькавыя адносіны да прыроды, да зямлі, а асабліва да лесу. Ён даваў энергію, даваў пачуццё бяспекі. Пушча ўплывала і на наш побыт, і на наш характар. Яна заўсёды вызначала і прызначала», – упэўнена пісьменніца.

Пераможцы прэміі Ежы Гедройця Сцяпан Стурэйка, Ганна Кандрацюк і Сяргей Лескець. Гданьск, Польшча. 25 лістапада 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця была заснаваная 28 снежня 2011 года. Яна прысуджаецца за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка». Прэмія была названа ў гонар ураджэнца Менску, польскага публіцыста і палітыка Ежы Гедройця.

Заснавальнікамі прэміі сталі амбасада Польшча ў Беларусі, Польскі Інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў