Перарэгістрацыя як спосаб барацьбы з няўгоднымі


Перарэгістрацыя СМІ, палітычных партыяў, рэлігійных арганізацыяў, аграсядзібаў, экскурсаводаў і інш. Часцей за ўсё пасля гэтай працэдуры колькасць арганізацыяў заўважна скарачаецца.  Мы сабралі прыклады таго, як улады фактычна ліквідуюць тое, што ім недаспадобы, абгортваючы працэс у прыгожую юрыдычную форму «перарэгістрацыі». Таксама спыталі меркаванне юрыстаў, як далёка могуць пайсці чыноўнікі па гэтым шляху і якіх відаў «перарэгістрацыі» яшчэ можна чакаць. 

Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, які прымаў рашэнні аб ліквідацыі палітычных партыяў, якія не прайшлі перарэгістрацыю ў 2023 годзе. Менск, Беларусь. 13 лютага 2021 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Перарэгістрацыя замежных медыяў у Беларусі

2 кастрычніка 2020 года МЗС зрабіла заяву аб правядзенні перарэгістрацыі прадстаўнікоў замежных СМІ, акрэдытаваных у Беларусі, паводле новых правілаў. Дзеянне выдадзеных акрэдытацыяў спынялася ў той жа дзень.

Як паведамлялася, правілы былі абноўленыя «з мэтаю забеспячэння інфармацыйнага суверэнітэту Беларусі».

Перарэгістрацыя стала вынікам той атакі на незалежныя медыі, якую разгарнулі ўлады пасля выбараў. Яшчэ ў жніўні 2020-га Міністэрства інфармацыі заблакавала каля 70 сайтаў розных выданняў і арганізацыяў. У гэты спіс трапілі «Белсат», «Еўрарадыё», радыё «Свабода», «Трыбуна» і шматлікія іншыя. Таксама акрэдытацыі былі пазбаўленыя журналісты замежных выданняў Бі-Бі-Сі, «Настоящего времени», ARD, «France Press», «Reuters» і «Associated Press», «Deutsche Welle», RFI.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Такім чынам, перарэгістрацыя «адным махам» выканала задачу адсейвання ўсіх журналістаў, якія «не так» асвятлялі падзеі ў Беларусі. Як вядома, ужо пасля перарэгістрацыі карэспандэнты радыё «Свабода», «Deutsche Welle», «Настоящего времени» ды іншых медыяў акрэдытацыі для працы ў краіне не атрымалі.

Перарэгістрацыя аграсядзібаў

Яшчэ ў пачатку 2000-х, зрабіўшы стаўку на вясковы турызм у Беларусі, улады запускалі розныя праграмы, каб падтрымаць тых, хто хацеў бы займацца развіццём уласных аграсядзібаў. Для іх прыдумваліся крэдытныя і падатковыя льготы. Усё гэта дало свой вынік, і на дзень 1 студзеня 2023 года колькасць аграсядзібаў у Беларусі склала 3043 адзінкі.

Аднак у верасні 2022 года Лукашэнка даручыў ураду ўпарадкаваць дзейнасць «нядобрасумленных гаспадароў аграсядзібаў». Тады ён наракаў на тое, што пад выглядам аграсядзібаў на сістэмнай аснове працуе гатэльны і рэстаранны бізнес, асабліва паблізу вялікіх гарадоў, а падаткі плацяцца не як з гэтых відаў дзейнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аграсядзіба ў Мядзельскім раёне.
Фота: «Нарачанская зара» / narachanka.by

Пасля гэтага з’явіўся спецыяльны ўказ № 351, згодна з якім уладальнікаў аграсядзібаў чакалі шмат якія змяненні, у тым ліку пераход на падатак на прафесійны даход (10 % ад гадавога даходу, пры сумах ад 60 тысячаў рублёў – 20 %), а таксама перарэгістрацыя, якую яны мусілі прайсці да 1 ліпеня 2023 года.

Вынік перарэгістрацыі быў вельмі паказальны: са сферы аграэкатурызму, якая імкліва развівалася цягам дваццаці гадоў, сышла больш як палова ўдзельнікаў. Гэтак, з больш як 3 тыс. уладальнікаў аграсядзібаў толькі 1,6 тыс. звярнуліся ў мясцовыя выканкамы па дазвол. Прайшлі ж рэгістрацыю ўсяго 1125 аб’ектаў.

Аналітыка
Колькасць аграсядзібаў скарацілася ўдвая. Што адбываецца ў беларускім вясковым турызме?
2023.09.27 17:47

Запіс у рэестр арганізатараў масава-відовішчных мерапрыемстваў

Сярод іншых спосабаў правесці адсеў выкарыстоўваецца таксама такая форма, як «уключэнне ў рэестр», што па сутнасці можна назваць той жа рэгістрацыяй ці перарэгістрацыяй.  Той, хто ў «рэестр» не ўключаны, аўтаматычна пазбаўляецца права на вядзенне той ці іншай дзейнасці.

Менавіта такім чынам улады вырашылі ўрэгуляваць дзейнасць арганізатараў культурных імпрэзаў.

Згодна з пастановай Савету Міністраў, якая набыла моц 19 верасня 2023 года, тыя, хто хацеў бы надалей займацца арганізацыяй канцэртаў, шоу ды іншых відовішчаў, атрымалі роўна месяц на тое, каб падаць дакументы ў спецыяльны рэестр.

Пры гэтым пастанова прадугледжвала шэраг патрабаванняў: стаж працы ў сферы арганізацыі падзеяў, не меншы за тры гады, выпіска аб правапарушэннях з адзінага дзяржаўнага банку звестак аб правапарушэннях, наданне інфармацыі пра імпрэзы, якія праводзіліся цягам трох папярэдніх гадоў, ды іншыя.

Пры гэтым адметна, што дзеянне пастановы датычылася нават тых, хто ўжо ўваходзіў у рэестр. Гэта значыць, улады такім чынам «абнулялі» дазволы ўсіх удзельнікаў сферы.

Hавiны
Арганізатараў культурніцка-відовішчных імпрэзаў ізноў урэгулююць
2023.09.22 14:54

Перарэгістрацыя палітычных партыяў

Нягледзячы на тое, што пра перарэгістрацыю партыяў гаворка вялася даўно, з асаблівым імпэтам улады ўзяліся за гэтую тэму пасля выбараў 2020 года. Бо ў верасні 2020-га 10 з 15 партыяў Беларусі выступілі з супольнаю заяваю супраць гвалту і за новыя прэзідэнцкія выбары. Падпісалі зварот як апазіцыйныя, так і праўладныя партыі.

У тым жа месяцы з вуснаў Лукашэнкі прагучала даручэнне перарэгістраваць партыі, паўтарыў ён яго і ў лютым 2021-га. І толькі 30 студзеня 2023 года Савет Рэспублікі зацвердзіў адпаведныя папраўкі ў законе, а ўжо 14 лютага іх падпісаў сам Лукашэнка.

Сцяг партыі БСДП (Грамада), зліквідаванай 21 верасня 2023 года. Крыніца: BSDP.Hramada / Facebook

Партыям давалася паўгода на тое, каб прайсці перарэгістрацыю. Пры гэтым папраўкі прадугледжвалі павелічэнне мінімальнага парога колькасці сяброў партыяў з адной да пяці тысячаў, партыі абавязвалі мець структуры ва ўсіх вобласцях і Менску, таксама грамадзяне, якія пражывалі за мяжой, не мелі цяпер магчымасці ўваходзіць у партыі і фінансаваць іх, ды інш. Словам, патрабаванні для многіх партыяў станавіліся практычна невыканальнымі.

Аналітыка
Без партыяў, замежных участкаў і з дэ-факта ваенным становішчам. Якімі будуць новыя выбары
2023.10.13 07:44

У выніку праз паўгода, калі Міністэрства юстыцыі абнавіла спіс зарэгістраваных у Беларусі партыяў на сваім сайце, то аказалася, што з 15 засталося ўсяго чатыры: Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі, Камуністычная партыя Беларусі, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і зарэгістраваная ўвесну Беларуская партыя «Белая Русь», створаная на базе былой праўладнай грамадскай арганізацыі.

Самае галоўнае, што ўлады, падобна, ведалі вынік загадзя, бо міністр юстыцыі Сяргей Хаменка яшчэ на пачатку 2023 года заявіў, што пасля працэсу перарэгістрацыі «колькасць партыяў паменшыцца да трох-чатырох».

Рэлігійная зачыстка

На пачатку кастрычніка 2023 года з’явілася інфармацыя аб тым, што ў Палату прадстаўнікоў быў унесены і нават прыняты ў першым чытанні законапраект «Аб зменах законаў у пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацыяў», які можа сведчыць аб рыхтаванні масавай ліквідацыі рэлігійных установаў на ўзор ліквідацыі палітычных партыяў.

Гэтак, у законапраекце прапісана, што прызнаваць рэлігійнымі арганізацыямі збіраюцца толькі тыя, што зарэгістраваныя як юрыдычныя асобы, а таксама маюць свой статут. Паводле законапраекту, усе рэлігійныя ўстановы цягам года будуць абавязаныя прайсці перарэгістрацыю, у адваротным выпадку іх чакае ліквідацыя. Прапісаныя ў дакуменце і падставы для ліквідацыі рэлігійных арганізацыяў: сярод іх такія пункты, як дзейнасць супраць суверэнітэту Беларусі, канстытуцыйнага ладу; дзейнасць, скіраваная на «дыскрэдытацыю» Беларусі, прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай, расавай варожасці ды на  «іншую экстрэмісцкую дзейнасць»; дзейнасць, скіраваная на нанясенне шкоды здароўю і «маральнасці» грамадзянаў; перашкоды для атрымання абавязковай сярэдняй адукацыі ды іншыя.

З улікам беларускага досведу можна сказаць, што прайсці перарэгістрацыю атрымаецца не ва ўсіх.

Аналітыка
Царква імя Лукашэнкі. Якім рэлігійным арганізацыям Беларусі падрыхтавацца да ліквідацыі
2023.10.16 18:52

Перарэгістрацыя замест масавай ліквідацыі

Мы пацікавіліся меркаваннем некалькіх юрыстаў пра тое, які сапраўдны сэнс гэтых перарэгістрацыяў.

Юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк звярнуў увагу на тое, што інструмент перарэгістрацыі выкарыстоўваецца ўладамі, каб не было ўражання масавай ліквідацыі – напрыклад, калі вядзецца гаворка пра партыі.

«Мы ж усе разумеем, што сэнс такога закону ў тым, каб прыбраць няўгодных з поля. І калі, напрыклад, у замежнай і нават беларускай незалежнай прэсе з’явяцца артыкулы, што ўлады зліквідавалі дваццаць цэркваў, ці пятнаццаць партыяў, ці дзесяць прафсаюзаў, то гэта ж гучыць дрэнна. Калі ж, напрыклад, прынялі новы закон і памянялі правілы рэгістрацыі, проста новыя правілы прайшлі не ўсе, то гэта ўжо выглядае не так дрэнна.  Тут ужо можна спрачацца: а можа быць, гэта сапраўды нейкая тэхнічная з’ява ці, можа, сапраўды хтосьці нейкім правілам не адпавядае», – кажа юрыст.

Міхаіл Кірылюк лічыць, што такога роду законы, у якіх прадпісваецца перарэгістрацыя партыяў ці цэркваў, накіраваныя на пэўнае «адбельванне» дзеянняў рэжыму для знішчэння грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

На думку юрыста і праваабаронцы Паўла Левінава, рэгістрацыі і перарэгістрацыі ўводзяцца для таго, каб усіх паставіць у шыхт, каб усіх кантраляваць.

«Калі ты зрабіў крок улева ці крок управа, мы цябе пазбаўляем рэгістрацыі, а пасля ўводзім у Крымінальны кодэкс артыкул за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Такім чынам улады здушаюць актыўнасць грамадства», – лічыць Павел Левінаў.

На думку праваабаронцы, уладам інструмент рэгістрацыяў і перарэгістрацыяў патрэбны для таго, каб мець кантроль над вялікімі аб’яднаннямі беларусаў.

«Улада ўводзіць драконаўскія законы аб рэгістрацыі, пасля яшчэ больш драконаўскія – аб перарэгістрацыі. Фактычна выканаць нормы гэтага заканадаўства немагчыма, і ўлады разумеюць, што па адным людзей лягчэй паставіць, як той казаў, у стойла і вырашыць з імі нейкія пытанні, чым з арганізацыяй, вялікай колькасцю людзей – няхай то палітычная партыя, нейкае грамадскае аб’яднанне ці нават рэлігійнае таварыства», – кажа Павел Левінаў.

Юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч адзначае, што працэсы рэгістрацыі і перарэгістрацыі рэжым заўсёды выкарыстоўваў выключна ў сваіх мэтах, а не дзеля звычайных людзей.

«Каб «кінуць» людзей і не выконваць свае абавязкі, каб сабраць плату за працэдуры, звязаныя з рэгістрацыяй, каб прыбраць нелаяльных, каб вызваліць месца пад сонцам для сваіх. Але афіцыйна, вядома ж, для ўдасканальвання працы і запэўнівання бяспекі ў той ці іншай сферы», – кажа юрыст.

Якія перарэгістрацыі чакаюць беларусаў?

Мы таксама пацікавіліся ў юрыстаў тым, якія яшчэ перарэгістрацыі можна чакаць ад уладаў і ці не пачнуць яны хутка працэс «перарэгістрацыі» саміх беларусаў – напрыклад, праз працэдуру выдачы біяметрычных пашпартоў.

Павел Левінаў адзначыў, што на самай справе ад уладаў можна чакаць чаго заўгодна.

«Спачатку яны скажуць атрымаць біяметрычныя пашпарты, пасля выйдзе чарговы ўказ аб тым, што неабходна перарэгістраваць [маёмасць] на новыя дакументы, а хто ў тэрмін не перарэгіструе, у тых, магчыма, будуць забіраць на карысць дзяржавы або прымуць нейкае іншае новаўвядзенне: тыя, хто адсутнічае больш за тры гады на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пазбаўляюцца рухомай і нерухомай маёмасці… Ну, мне цяжка фантазіраваць за нашыя ўлады, але ад іх можна чакаць усяго, чаго заўгодна», – сказаў юрыст.

На думку Арцёма Праскаловіча, «перарэгістрацыя» беларусаў ужо фактычна адбываецца з увядзеннем указу Лукашэнкі аб даверанасцях і пашпартах.

«З гэтага ж указу могуць вынікаць новыя небяспечныя наступствы: перарэгістрацыя нерухомасці і транспартавых сродкаў, а па яе выніках – экспрапрыяцыя маёмасці, якую не перарэгістравалі», – адзначыў наш суразмоўца.

У сваю чаргу, Міхаіл Кірылюк адзначыў, што рэжым для захавання ўлады гатовы на любыя нязручнасці для беларускага народу:

«Я магу сказаць, калі нешта прыйдзе ў галаву, што, на думку Лукашэнкі, будзе дапамагаць утрымаць уладу, і гэта не будзе звязана з рызыкамі для яго, а звязана з тым, каб зрабіць нейкія нязручнасці беларускаму народу, то, я думаю, ён на гэта пойдзе», – адзначыў юрыст.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў