Мінюст РФ прызнаў «замежным агентам» нашу расейскамоўную рэдакцыю «Вот Так»


Міністэрства юстыцыі РФ папоўніла спіс «замежных агентаў». У яго патрапіў інфармацыйны партал «Вот Так» – онлай-праект «Белсату» на расейскай мове, скіраваны на расейскамоўную аўдыторыю на постсавецкай прасторы.

Рэдакцыя Белсату
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Праект «Вот Так» распаўсюджваў недакладную інфармацыю аб прымаемых органамі публічнай улады Расейскай Федэрацыі рашэннях і праводзімай імі палітыцы, прымаў удзел у стварэнні і распаўсюджванні для неабмежаванага кола асоб паведамленняў і матэрыялаў замежных агентаў. Выступаў супраць спецыяльнай ваеннай аперацыі на Украіне. Заснавальнікам праекту з’яўляецца замежная медыякарпарацыя», – гаворыцца ў паведамленні расейскага Мінюсту.

«Замежнымі агентамі» у Расеі прызнаныя многія незалежныя СМІ. Напрыклад, «Голас Амерыкі», «Радыё Свабода», тэлеканал «Цяперашні час», «Сібір.Рэаліі», «Медуза», «Дождж», «Каўказ. Рэаліі», «Крым.Рэаліі» і іншыя.

Vot-tak.tv – гэта праект нашага тэлеканалу, прыдуманы і рэалізаваны журналістамі з Расеі, Беларусі, Украіны і іншых краін рэгіёну, якія хочуць рабіць якаснае СМІ, інфармаваць чытача, тлумачыць складаныя працэсы простай мовай.

«Мы хочам, каб расейцы, беларусы, украінцы і іншыя нашыя расейскамоўныя чытачы атрымлівалі максімальна дакладную і непрадузятую інфармацыю не толькі пра тое, што адбываецца ў іх у краіне, але і ў суседзяў, і ў цэлым у свеце», – кажуць аўтары праекту.

Канал Vot-tak.tv у Youtube глядзяць ужо больш за 1 мільён чалавек. Асноўныя гледачы ў Расіі, Украіне, Казахстане, а таксама ў Беларусі.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў