ПАРЕ пастанавіла, што Расея і Беларусь будуць адказваць за злачынствы ва Украіне разам


Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю, у якой зацвердзіла свае патрабаванні  да стварэння спецыяльнага трыбуналу ў злачынстве агрэсіі РФ супраць Украіны, паведамляе «Еўрапейская праўда». У рэзалюцыі адзначана, што адказнымі за злачынства агрэсіі мусяць быць прадстаўнікі кіраўніцтва Расеі і Беларусі.

Сцяг Еўразвязу. Фота Аліса Ганчар/ Белсат

У рэзалюцыю ПАРЕ, што стала асноўным дакументам наконт Украіны, прынятым на гэтай сесіі асамблеі, адзначаецца, што значная ўвага цяпер надаецца стварэнню новага міжнародна-прававога механізму пакарання за злачынства агрэсіі.

«Не існуе іншага міжнароднага крымінальнага трыбуналу, кампетэнтнага пераследаваць і караць за злачынства агрэсіі, учыненае супраць Украіны», – заявілі ў ПАРЕ.

Таксама ў рэзалюцыі пазначана, што адказнымі за злачынства агрэсіі мусяць быць прадстаўнікі кіраўніцтва Расеі і Беларусі, якія ў дакуменце згадваюцца на адным узроўні.

«Расейскія і беларускія палітычныя і ваенныя лідары, якія планавалі, рыхтавалі, ініцыявалі або ажыццяўлялі гэтыя дзеянні і мелі магчымасць кантраляваць або кіраваць палітычнымі або ваеннымі дзеяннямі дзяржавы, мусяць быць ідэнтыфікаваныя і прыцягнутыя да адказнасці. Без іхнай пастановы распачаць гэтую агрэсіўную вайну супраць Украіны не адбылося б зверстваў – наступстваў гэтай вайны», – гаворыцца ў дакуменце.

ПАРЕ таксама адзначае неабходнасць расследаваць ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці і абвінавачванні ў генацыдзе, што трапляюць пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда. ПАРЕ некалькі разоў заклікала да стварэння спецтрыбуналу, а таксама падкрэсліла, што Рада Еўропы мусіць выконваць ключавую ролю ў гэтым працэсе.

Таксама ў пачатку тыдня ПАРЕ прызнала, што ваенная агрэсія РФ супраць Украіны пачалася ў 2014 годзе, а не ў 2022-м.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў