Агітацыйны этап на выбарах трэцяга складу Каардынацыйнай рады пачнецца 25 красавіка. Графік выбараў у КР быў апублікаваны 25 сакавіка.
Выбарчая камісія для правядзення выбараў у КР цяпер у працэсе фармавання. Да канца месяца мае адбыцца галасаванне адносна яе складу. А да 15 красавіка павінны адбыцца фармаванне спісаў выбарчых суб’ектаў і падача дакументаў на рэгістрацыю ў выбарчую камісію.
Запланаваны дэдлайн рэгістрацыі кандыдатаў – 22 красавіка.
Агітацыя зойме адзін месяц і пройдзе з 25 красавіка да 25 траўня.
Само ж галасаванне працягнецца тры дні, з 25 да 28 траўня. Першыя вынікі будуць абвешчаныя не пазней за 29 траўня. Падаць скаргі можна будзе да 8 чэрвеня.
Канчатковыя вынікі выбараў у КР абвесцяць 8 чэрвеня, а першае паседжанне Каардынацыйнай рады ІІІ склікання мае адбыцца 15 чэрвеня.
Нагадаем, што на выбарах у КР выбарнікам прапаноўваюць прагаласаваць за закрытыя спісы кандыдатаў. Гэта значыць, што людзі будуць ведаць, хто ёсць у спісе, але мяняцца склад гэтых спісаў не будзе.
Выбары пройдуць паводле прапарцыйнай сістэмы, то бок асобы са спісу, умоўна, партыі будуць атрымліваць месцы ў Каардынацыйнай радзе прапарцыйна галасам, пададзеным за спісы кандыдатаў. Чым больш галасоў атрымае нейкі спіс, тым больш яго прадстаўнікоў трапяць у КР.
У аднаго выбарніка будзе толькі адзін голас, які ён можа аддаць за абраны спіс.
Пасля выбараў трэці склад Каардынацыйнай рады сфармуе кансультатыўную Грамадскую палату для НДА.
Якуб Хруст belsat.eu