Рэжысёр фільму «Белсат. Місія: Свабода»: Мяне не пакідае ўражанне, што размаўляў з людзьмі са сталі


25 сакавіка на «Белсаце» адбудзецца прэм’ера дакументальнага фільму «Белсат. Місія: Свабода», які нядаўна быў адзначаны ўзнагародай «Свабода слова» Асацыяцыі польскіх журналістаў. Пра тое, ці цяжка было працаваць над стужкай і якое месца яна зойме ў багатай фільмаграфіі аўтара, размаўляем з рэжысёрам фільму Марыюшам Пілісам.

Рэжысёр Марыюш Піліс падчас працы над фільмам «Белсат. Місія: Свабода». Скрын відэа: «Белсат»

«Белсат»: – На пачатку віншуем вас з узнагародай і выказваем шчырыя падзякі. Наколькі важна, што гэты фільм пра «Белсат» быў ушанаваны ўзнагародай «Свабода слова»?

Марыюш Піліс: – Я ўжо казаў падчас уручэння ўзнагароды, што гэты фільм – мой знак пашаны і павагі журналістам і ўсім тым людзям, якія датычныя да стварэння «Белсату». Праца, якую яны робяць, прэстыжная і, я б сказаў, – элітарная, зважаючы на тое, які велізарны яе памер быў ужо выкананы і які ўсцяж яшчэ трэба зрабіць. Журналісты займаюцца гэтым з рызыкай для здароўя і жыцця, часта вымушаныя выехаць за межы краіны, якую бязмежна любяць і ў якой хацелі б працаваць.

Пра гэта, на жаль, няшмат гаворыцца апошнім часам. У тым ліку праз тое, што беларуская тэма і тое, што адбываецца ў Беларусі, прыглушыла вайна ва Украіне. Перашкаджае гэтаму і лукашэнкаўскі рэжым. Але я, як і шмат людзей добрай волі, перакананы, што пра гэтую трагедыю, пра тую сапраўдную вайну, абвешчаную беларускаму народу, належыць казаць вельмі гучна – каб ніколі пра гэта не забыцца. Таму і паўстаў гэты фільм. То бок акурат з патрэбы заявіць, што на тле вайны ва Украіне, зверскай і трагічнай, развязваецца іншая вайна: паволі, у ценю ідзе расправа над беларускім народам. І ахвяраў гэтай вайны ўвасабляюць журналісты «Белсату», якіх пераследавалі і кідалі ў турмы на падставе абсурдных абвінавачанняў. Усё гэта трэба памятаць. Нельга забывацца на тое, што беларускі народ б’ецца за сваю свабоду, як б’юцца за свабоду і магчымасць свабоднай працы журналісты «Белсату».

Атрыманая ўзнагарода – гэта важна. Маю надзею, што ні ў Польшчы, ні ва ўсім свеце беларуская тэма не будзе загнаная ў кут і не згасне на самоце. Мяркую, што тая ўзнагарода толькі адкрывае жыццё фільму, і спадзяюся, ён голасна загучыць у многіх месцах на свеце. Фільм збудаваны такім чынам, каб быў даступны для тых, хто штосьці ведае пра беларускія справы, але ведае няшмат. Як аўтар, хацеў бы, каб як мага больш гледачоў дакрануліся да герояў тых трагічных падзеяў, зазірнулі ў вочы журналістам, якія штодзень змагаюцца за свабоду сваёй краіны.

– Дзе менавіта і на якіх фестывалях неўзабаве пакажуць гэты фільм?

– Стужку ўжо заявілі на міжнародны фестываль дакументальных фільмаў у Кошыцах (Славаччына), а таксама на фестываль польскіх фільмаў у Лос-Анджэлесе, які дасць магчымасць паглядзець яго людзям на цэлым свеце, бо фільмы падчас фэсту будуць транслявацца ў інтэрнэце. Таму – першыя крокі ўжо зробленыя. Але маем на мэце ўзяць удзел у цэлым шэрагу фестываляў, прыкладам, у Амстэрдаме, Стакгольму, Барсэлоне, зразумела – у Берліне, паспрабуем – у Афінах і Італіі. Такія нашыя планы.

Калі ж гаворка пра ахоп яшчэ большай аўдыторыі, то фільм будзе паказаны на іншых тэлеканалах. Тут я разлічваю на сам «Белсат», бо ён дэ-факта ёсць уласнікам гэтага фільму і мае правы на тэлевізійную дыстрыбуцыю. Але, відавочна, будзем дапамагаць з кантактамі, каб адкрываліся дзверы на заходнія тэлеканалы, каб фільм стаў даступны гледачам ва ўсёй Еўропе. Што тычыцца ЗША, тут таксама паспрабуем задзейнічаць пэўныя каналы.

«Белсату» пазайздросціць любая рэдакцыя на свеце»

– Прэмʼера на «Белсаце» адбудзецца 25 сакавіка – на Дзень волі, але я меў магчымасць паглядзець яго раней. Уражаны, але прызнаюся: мне было балюча. Ці цяжка і балюча было працаваць над ім вам?

– Ведаеце, я маю гонар і, як творца – прывілей, бо 15 гадоў таму прысутнічаў пры нараджэнні «Белсату», больш за тое – удзельнічаў у гэтым. Першыя, уласна, тры хвіліны жыцця на антэне тэлебачання «Белсат» выйшлі з-пад маёй рукі і рукі Алеся Карніенкі (цяпер аўтар праграмы «Вечаровы шпіль» – заўв. «Белсат»). Менавіта мы стварылі тады самы першы «Абʼектыў» – першую інфармацыйную праграму «Белсату», вельмі кароткую на той момант. Многіх людзей, якія дагэтуль працуюць на «Белсаце», я спаткаў менавіта тады. У той час усё мела вымярэнне, я б сказаў, рамантычнае, але ўсе ведалі, чаго хочуць, як будзе складана працаваць і наколькі рэжым у Беларусі варожы да народу. Аднак ніхто і падумаць не мог, што ўсё пойдзе ў такім экстрэмальным кірунку.

 Калі праз 15 гадоў я прыступіў да рэалізацыі гэтага фільму, прызнаюся, быў уражаны ўзроўнем, якога дасягнуў «Белсат». Гэта ўжо цалкам прафесійная, дужая, вельмі актыўная тэлевізійная станцыя з масай людзей, якія на ёй працуюць.

Быў у рэдакцыі ў дзень, калі ў Польшчу прыехала Даша Чульцова. Уяўляў сабе, з якім багажом досведу яна прыязджае і што пакінула ў Беларусі, каго пакінула.  Тады падумаў, што менавіта ў гэты дзень, у гэты момант мушу распачаць здымкі, пачаць гэтае падарожжа па гісторыі Беларусі. Я не думаў тады, наколькі глыбока ўвайду ў тэму і якая вялікая колькасць людзей носіць у сабе трагічныя гісторыі. Здаецца, амаль кожны, каго бачыў, каму глядзеў у вочы і каго меўся выслухаць – носіць вельмі падобныя гісторыі. Гэта людзі, якіх неаднойчы судзілі і кідалі ў камеры, людзі, якіх безупынна затрымлівалі і якія мусілі ўцякаць, пакідаючы дом, сям’ю і радзіму. Нечуваныя гісторыі!

Сустрэча з Дар’ей Чульцовай у рэдакцыі «Белсату». 22 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Чым глыбей уваходзіў у гэта, тым больш пераконваўся, што маю дачыненні з людзьмі незвычайнымі, абсалютна гераічнымі. У гэтым сэнсе «Белсату» можа пазайздросціць любая рэдакцыя на свеце! Гэта людзі, якія сваім жыццём даказалі, што робяць працу будавання незалежнасці, дэмакратыі, свабоды слова – усяго найважнейшага ў жыцці чалавека, каб ён мог спакойна развівацца сам і паляпшаць прастору вакол сябе.

У ньюсрум «Белсату» разам з аператарамі прыязджаў разоў 8-10. Кожным разам, калі садзіліся браць інтэрвʼю, адчувалі сябе трошкі няёмка, бо намагаліся выцягнуць з чалавека балючую гісторыю. Так, гэта цяжка, і належала быць цвёрдым. Я разумеў, што, нягледзячы ні на што, мы мусім працягваць размаўляць, каб потым гэтыя гісторыі пачулі іншыя людзі. Пачулі і зразумелі, з якімі выбітнымі людзьмі мы камунікавалі падчас здымак.

Вельмі спадзяюся, што нам удалося стварыць гэты вобраз – людзей пакрыўджаных, збітых, часам – пакалечаных, са шнарамі, якія бачыш у іхных вачах і на тварах. Але пры гэтым – з людзьмі нязломнымі, якія прайшлі праз усё. Добра, тут мяне пабілі, тут арыштавалі, тут змусілі ўцякаць, кінулі за краты маіх калегаў, гэта вельмі страшна… але – працягваем рабіць сваё.  Гэта прыдавала нам шмат аптымізму. Мяне не пакідае ўражанне, што мы размаўлялі з людзьмі са сталі.

«Белсат» становіцца акном свабоды»

– Марыюш, эксперты і журналісты ў фільме па-рознаму фармулююць місію «Белсату». У тым ліку кажуць пра яе, як пра працу над стварэннем балтыйска-чарнаморскай нарацыі – у процілегласць да нарацыі так званага «русского мира». Якая візія бліжэйшая асабіста вам?

– На мой погляд, «Белсат» ідзе ў выдатным кірунку. Асабліва – перад абліччам таго выкліку, якім ёсць інфармаванне пра вайну ва Украіне. «Белсат» зрабіў вялізны крок наперад. Аляксандр Лукашэнка быў пэўны, што ў стане задушыць канал затрыманнямі, катаваннямі, запалохваннем журналістаў. Але жорстка памыліўся. Бо «Белсат» імкнецца наперад і вырастае ў найважнейшую крыніцу інфармацыі на постсавецкай прасторы. Ужо з праграмаў тэлевізіі бачна, што рэдакцыя мае такія амбіцыі і становіцца важным медыяльным гульцом акурат на тым абшары, а магчыма – наагул, найважнейшым сёння ў свеце гульцом, які вяшчае са згаданага рэгіёну. Прысутнасць «Белсату» – не толькі ва Украіне і Беларусі, але, напрыклад і на Каўказе і гэтак далей.

«Белсат» становіцца акном свабоды для велізарнай колькасці людзей розных нацыянальнасцяў, чый лёс, можа, не такі трагічны, як беларусаў, але якім таксама патрэбныя такія вокны. У наш час жывыя вобразы з экранаў становяцца больш важнымі, чым друкаваная інфармацыя.  Гэта робіць ролю «Белсату» яшчэ больш фундаментальнай.

Таму трэба крочыць наперад, пашыраць тэрыторыю ўплыву, распавядаць пра тыя рэчы, якія адбываюцца на постсавецкім абшары, бо справы ў гэтым рэгіёне вельмі складаныя – іх трэба абмяркоўваць і паказваць усяму свету.

А перад усім тым, хто жыве ў краінах былога СССР, а нават – і ў Расеі, дзе ўжо немагчыма бывае атрымаць такую комплексную інфармацыю, на падставе якой людзі маглі б сфармаваць праўдзівае ўяўленне пра падзеі.

Дырэктарка «Белсату» Агнешка Рмашэўская-Гузы падчас пікету з патрабаваннем вызвалення журналісткі TVP Ірыны Слаўнікавай, а таксама журналістаў «Белсату» каля прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі. Варшава, Польшча. 2 жніўня 2022 года.
Фота: Уладзімір Яўстаф’еў / Белсат

Тое, што робіць беларускае тэлебачанне «Белсат», ствараючы контрнарацыю расейскім прапагандысцкім медыям, увогуле цяжка пераацаніць. Гэта абсалютна неверагодна. Беларусы расказваюць рэчы, якіх тэарэтычна не павінны былі б расказваць. Бо існуе ж так званы саюз Расеі і Беларусі, бо існуе Лукашэнка, а тут нечакана аказваецца, што камусьці ўдаецца распавядаць пра тое, што цалкам не пасуе да сфармаванага прапагандай вобразу. І гэтага трэба трымацца.

Я перакананы, што гледачы на ўсёй прасторы, якую ахоплівае «Белсат», гэта цэняць. Па словах дырэктаркі «Белсату» Агнешкі Рамашэўскай-Гузы і віцэ-дырэктара Аляксея Дзікавіцкага, колькасць адданых гледачоў канала пастаянна расце. Гэта сведчыць пра тое, што станцыя развіваецца ў слушным кірунку, і што тымі метадамі, якія ўжывае Лукашэнка, «Белсат» не спыніць. Можна, як ён зараз гэта робіць, даводзіць да асабістых трагедыяў людзей, адзінак, але як інстытуцыю «Белсат» ужо не стрымаць. Мне падаецца, лёс каналу відавочны – ён будзе развівацца надалей.

«Белсат. Місія: Свабода» – адзін з найважнейшых фільмаў, якія я стварыў»

– Маеце багатую фільмаграфію. Якое месца ў ёй зойме фільм пра «Белсат»?

– Эмацыйна гэта для мяне адзін з найважнейшых фільмаў, якія я стварыў. Магчыма, з той прычыны, што адчуваю ўзаемаадказнасць за тое, што зараз робіць «Белсат» і якую ролю адыгрывае сёння. Я вельмі ганаруся, што ўсё пайшло менавіта ў гэтым кірунку. Таму «Белсат. Місія: Свабода» ёсць для мяне адным з пяці найважнейшых фільмаў, якія я зняў, а стварыў хіба больш за 30 фільмаў. Вельмі важная для мяне тэма, таму стаўлю яго так высока.

– Ці ў фільме вы выказалі цалкам усё, пра што хацелі сказаць? Ці засталося што па-за кадрам, каб сказаць зараз?

– Ніколі гэтага не раблю. Ёсць такое залатое журналісцкае правіла – раскрываць толькі 10 % таго, пра што ведаеш. І хай так будзе. Відавочна, падобных гісторыяў маю шмат, але яны – па-за фільмам.

– Вялікі дзякуй за працу і за размову!

– Дзякуй «Белсату»! Шмат людзей цяпер з намі, шмат людзей. Вельмі спадзяюся, што гэты фільм прычыніцца да таго, што іх будзе яшчэ больш.

Марыюш Піліс – польскі рэжысёр, дакументаліст, ваенны карэспандэнт, журналіст і прадзюсар. Быў карэспандэнтам TVP ва Украіне. Стваральнік і першы дырэктар «TVP Info». Дэбютаваў у 1995 годзе з фільмам «Алах Акбар азначае Бог ёсць вялікі» (1995). Аўтар стужак «Грузія – забіць прэзідэнта» (2002), «Чачэнія – брудная вайна» (2005), «Выйсці з Афганістану» (2010), «Бунт стадыёнаў» (2013), «Цяпер і ў гадзіну смерці» (2017), «Справядлівасць» (2020) ды іншыя. Многія з іх былі адзначаныя прэстыжнымі прэміямі. Прыз «Свабода слова» ад Асацыяцыі польскіх журналістаў атрымаў у 2020 годзе за фільм «Справядлівасць». У 2023 годзе гэтай жа ўзнагародай быў адзначаны фільм «Белсат. Місія: Свабода». Напрыканцы 2022 года фільм быў паказаны ў Берліне і Бруселі, дзе пасля прагляду адбыліся экспертныя дыскусіі з удзелам еўрапейскіх палітыкаў.

Фільм можна паглядзець на Ютуб-канале «БЕЛСАТ DOC».

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў