Злучаныя Штаты дадуць на дапамогу Украіне $ 45 млрд – Кангрэс ухваліў праект дзяржаўных выдаткаў


Палата прадстаўнікоў Злучаных Штатаў Амерыкі ўхваліла вечарам 23 снежня законапраект аб дзяржаўных выдатках, піша «The Washington Post». Гэты праект прадугледжвае вялікую дапамогу Украіне. 

Капітолій ЗША.
Фота: David Maiolo / Picasa, CC BY-SA 3.0

Днём раней праект ухваліў Сенат ЗША – верхняя палата парламенту. Пасля таго, як за яго прагаласавала Палата прадстаўнікоў – ніжняя палата (225 галасоў «за» і 201 «супраць»), яго мусіць падпісаць прэзідэнт Джо Байдэн. Ён абяцаў падпісаць праект, як толькі яму пакладуць паперы на стол.

Гэткія праекты дзяржаўных выдаткаў на многія мэты ў Штатах называюць лацінскім словам «omnibus» («для кожнага»). Сёлетні прадугледжвае выдаткі на $ 1,7 трлн на самыя розныя мэты, ад $ 1 млрд на даследаванні ў медыцыне да $ 45 млрд дапамогі Украіне і саюзнікам па NATO ў сувязі з вайной ва Украіне. Агулам $ 858 млрд пойдуць Пентагону і звязаным з абаронай праграмам, а $ 772,5 млрд – «унутраным» агенцыям і службам, не звязаным з абаронай. Праект уключае таксама юрыдычную абарону ад зрыву прэзідэнцкіх выбараў, спрашчэнне ашчаджэння на пенсію, забарону выкарыстання кітайскай сацсеткі TikTok на ўрадавых прыладах і іншае.

Законапраект ухвалілі неўзабаве пасля таго, як ЗША наведаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Байдэн пісаў, што законапраект «забяспечыць Украіне дадатковую дапамогу, яшчэ адну дэманстрацыю нашай двухпартыйнай падтрымкі Украіны пасля візіту прэзідэнта Зяленскага».

Праект прынялі, пакуль Дэмакратычная партыя захоўвае бальшыню ў Палаце прадстаўнікоў – ужо са студзеня пачне працу новае скліканне Кангрэсу, дзе ў ніжняй палаце будуць мець бальшыню рэспубліканцы, многія з якіх крытыкавалі цяперашні «omnibus».

Агулам за 2022 год ЗША далі Украіне дапамогу на прыблізна $ 50 млрд. Асобна ад цяперашніх 45 млрд Злучаныя Штаты вырашылі 21 снежня даць Украіне дапамогу на 1,85 млрд долараў, у тым ліку перадаць супрацьракетныя сістэмы «Patriot». Але Украіна чакае ад саюзнікаў і іншыя ўзбраенні.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў