Прэзідэнт ЗША паабяцаў перадаць Украіне ракетныя комплексы Patriot


Прэзідэнт Украіны прыляцеў у ЗША. Гэта першы замежны візіт Уладзіміра Зяленскага ад пачатку вайны. У Белым доме адбыліся перамовы з амерыканскім прэзідэнтам Джо Байдэнам. Ён паабяцаў перадаць Украіне ракетныя комплексы Patriot для супрацьпаветранай абароны, перадае CNN.

Прэзідэнты Украіны і ЗША Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн на сустрэчы ў Белым доме. Вашынгтон, ЗША. 21 снежня 2022 года.
Фота: Leah Millis / Reuters / Forum

У сваім Telegram-канале Уладзімір Зяленскі напісаў, што прыляцеў у ЗША, каб «падзякаваць амерыканскаму народу, прэзідэнту ды Кангрэсу за неабходную падтрымку, а таксама працягнуць супрацу дзеля набліжэння перамогі».

Перамовы прэзідэнтаў ЗША і Украіны адбыліся ў Белым доме. Джо Байдэн сказаў Уладзіміру Зяленскаму, што мае «вялікі гонар быць побач у сумеснай абароне супраць жорсткай вайны, якую вядзе Пуцін».

«Цяжка паверыць, што гэта доўжыцца 300 дзён, і Пуцін вядзе жорсткую атаку на права ўкраінцаў на існаванне як нацыі і напады на нявінных украінцаў без іншай прычыны, акрамя як для запалохвання», – заявіў Байдэн.

Ён згадаў расейскія атакі на энергетычную інфраструктуру і заўважыў, што Уладзімір Пуцін «спрабуе выкарыстаць зіму як зброю».

Байдэн паабяцаў, што ЗША працягнуць «умацоўваць здольнасць Украіны абараняць сябе – асабліва супрацьпаветраную абарону». Размова ішла пра пастаўкі зенітна-ракетных комплексаў Patriot.

Зяленскі, у сваю чаргу, падзякаваў за падтрымку і выказаў удзячнасць амерыканскаму народу. Ён уручыў Байдэну ўзнагароду абаронцы Бахмуту, аператара сістэмы HIMARS. Гэты вайсковец папрасіў перадаць прэзідэнту ЗША свой медаль і асабісты ліст.

Раней сёння дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен абвесціў аб дадатковай дапамозе Украіне ў памеры 1,85 мільярда долараў, уключаючы першую перадачу сістэмы супрацьракетнай абароны Patriot.

Абноўлена
Уладзімір Зяленскі ляціць у Вашынгтон, дзе сустрэнецца з Байдэнам
2022.12.21 08:50

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў