Санкцыі бессэнсоўныя – ці ўсё ж працуюць?

Дэмакратычная грамадскасць ўзрушаная і раззлаваная новым расследаваннем ад Беларускага расследавальніцкага цэнтру. Набліжаны да Лукашэнкі бізнесовец Аляксандр Шакуцін абыходзіць санкцыі – і робіць гэта, асабліва не хаваючыся.

Беларускі бізнесовец Аляксандр Шакуцін.
Фота: tut.by

Метадалогія абыходу простая. Не трэба клікаць ні Шэрлака Голмза, ні Глеба Жэглова, ні Эркюля Пуаро. Еўрапейскія кампаніі, пастаўнікі сельскагаспадарчай тэхнікі і камплектных дэталяў з пачатку вайны ўвялі жорсткія санкцыі і адмовіліся пастаўляць прадукцыю ў Беларусь і Расею. Яны зрабілі справаздачу перад уласнымі грамадзянамі: «Мы малайцы! Вось як мы з тымі, з імі!»

Гэта вельмі жорсткае рашэнне не перашкаджае ім экспартаваць усё тое ж самае, тую ж прадукцыю нямецкаму пасярэдніку, кампаніі, зарэгістраванай тымі ж людзьмі, занесенымі ў санкцыйныя спісы, аж да самога Аляксандра Шакуціна.

Так выглядае еўрапейскае заканадаўства, і так выглядае еўрапейская бюракратыя: санкцыі ўведзеныя, фармальна працуюць, але прыўладныя бізнесоўцы працягваюць зарабляць. Толькі цяпер яны зарабляюць больш.

Той жа «Амкадор» да пачатку вайны фактычна дыхаў на ладан. Генераваў рэгулярныя страты і, калі звярнуць увагу на яго фінансавую справаздачнасць, то быў нібыта «чамадан без ручкі», а ніяк не перспектыўны актыў, які расце. Цяпер жа, дзякуючы тым самым санкцыям і выхаду з Расеі еўрапейскіх і амерыканскіх канкурэнтаў, для яго адкрыўся сапраўдны Кландайк. Рынак вольны, грошай – бяры не хачу! Інвестыцыі? Ды колькі заўгодна! Хочаш – кітайскія, хочаш – інтэграцыйныя, імпартазамяшчальныя, расейскія.

Аляксандр Шакуцін павінен шчыра дзякаваць таварышу Пуціну за вось такое раптоўнае шчасце і паставіць шмат маленькіх помнікаў яму на тэрыторыі ўласных прадпрыемстваў.

Дык, можа, санкцыі бессэнсоўныя? Можа, яны не працуюць? Лічбы кажуць пра адваротнае.

Летась падзенне экспарту беларускага калію склала 60 %. Гэта вынік адмовы порту ў Клайпедзе абслугоўваць прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь. Аналагічная сітуацыя і з беларускай нафтаперапрацоўкай: пастаўкі ва Украіну закрытыя, як закрыты і Еўразвяз. І гэта таксама азначае страту мільярдаў долараў экспартнай выручкі.

Таму – санкцыі працуюць, і калі б не ўдалая кан’юнктура на расейскім рынку, падзенне ВУП у 2022 годзе было б значна больш глыбокім. Працуюць. Менавіта на гэта рэгулярна скардзяцца і Галоўчанка, і сам Лукашэнка.

Але! Ці, дакладней, – і! Пры гэтым, нягледзячы на забарону з боку ЗША на продаж у Беларусі дарагой бытавой тэхнікі, у тым ліку айфонаў, на запыт iPhone 15 на onliner.by можна знайсці не менш за 70 прапановаў на любы густ і колер. І пастаўнікамі будуць не Шакуцін, не Алексін і не Цяцерын. Пастаўнікамі будуць нармальныя беларускія прадпрымальнікі.

Пасля ўвядзення поўнамаштабных санкцыяў у дачыненні беларускіх кампаніяў попыт на рынку нікуды не падзеўся, і прадпрымальнікі, якія засталіся ўнутры, аказаліся менавіта ў такіх умовах. Яны павінны былі альбо закрыць бізнес (што было б балюча як для іх, так і для кліентаў) або шукаць. Іншых пастаўнікоў, іншыя каналы паставак. У тым ліку і варыянты паралельнага імпарту.

Шукалі і знайшлі. Як паказвае кейс Шакуціна, гэта было зусім не цяжка. Папросту стала крыху даўжэй – даражэй для беларускіх пакупнікоў.

Дык што ж далей? Гэта залежыць ад ясна сфармуляванай мэты санкцыяў.

Калі мэтай ёсць змена ўлады ў Беларусі праз давядзенне беларускага народу да галоднага бунту, то яна недасяжная. Зусім. З аднаго боку – няма ў гісторыі прыкладаў, калі такога роду санкцыі прыводзілі б да поспеху. Прыклады Паўночнай Карэі, Кубы або Ірану павінны пераконваць толькі ў тым, што няма простай сувязі паміж жорсткасцю эканамічных санкцыяў і палітычным курсам.

З іншага – сённяшні ўзровень развіцця эканомікі Беларусі і наяўнасць «акна на Усход», партнёры ў выглядзе Расеі і Кітаю дазваляюць сцвярджаць, што крытычнага зніжэння ўзроўню жыцця ў Беларусі не адбудзецца ў агляднай перспектыве.

Але калі разглядаць як мэту не нанясенне максімальнай шкоды эканоміцы краіны, а выразны і недвухсэнсоўны сігнал парушальніку правілаў, то тут ёсць некаторыя перспектывы.

Санкцыі ў дачыненні кампаніі «Белавія» былі ўведзеныя на абсалютна канкрэтных падставах. Гэтая дзяржаўная кампанія была аператарам масавага перакідання мігрантаў з Азіі ў Беларусь для далейшай перапраўкі ў Еўропу. Таксама яна адзначылася суўдзелам у пірацкім захопе судна «Ryanair» беларускім КДБ.

Канкрэтныя дзеянні, канкрэтная кампанія, накіраваныя санкцыі. Ці накіраваныя яны на банкруцтва «Белавія»? Не. Навошта? Ад адсутнасці або наяўнасці гэтага маленькага прадпрыемства на рынку нікому не будзе ні цёпла, ні холадна. Мэтай ёсць спыненне дзеянняў для спрыяння незаконнай міграцыі, прызнанне папярэдніх парушэнняў, расследаванне і пакаранне вінаватых. І ўсё – «Белавія» будзе адноўленая ў правах.

Сувымерныя санкцыі, якія ўводзяцца паводле такой логікі, зразумелыя і прымальныя. Яны – магчымая і адэкватная рэакцыя.

Дык ці трэба змагацца з такімі шакуцінымі? Трэба. Але кропкава, асобна ў кожным выпадку, з захаваннем усіх бюракратычных працэдурных нормаў і аддзяляючы народ Беларусі ад асобных яго прадстаўнікоў, якія здзяйсняюць злачынствы.

P.S. І тэзіс пра тое, што санкцыі наносяць шкоду бюджэту і зніжаюць магчымасці рэпрэсіўнай машыны, слушныя толькі часткова. Калі ў выніку санкцыяў удалося скараціць паступленні ў бюджэт на 13 рублёў, то толькі 1 з іх ішоў на рэпрэсіўны апарат, на міліцыю і суды, ГУБАЗіК і КДБ. Астатнія 12 забралі ў настаўнікаў, дактароў і іншых бюджэтнікаў.

Рэжым Лукашэнкі – паразіт, які моцна прысмактаўся да беларускага народу. І нанесці яму фінансавую шкоду такім чынам, з дапамогай санкцыяў, можна. Але і народу такі спосаб барацьбы з захворваннем дорага каштуе.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў