У ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі назвалі хлуснёю заявы Шайгу пра намер Украіны ўжыць «брудную бомбу»


ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя адрэагавалі на абвінавачанне з боку Расеі ў тым, што Украіна рыхтуецца ўжыць «брудную» ядравую бомбу на сваёй тэрыторыі, і выпусцілі супольную заяву.

«Міністры абароны кожнай з нашых краінаў пагаварылі з міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу на ягоную просьбу. Нашыя краіны ясна далі зразумець, што ўсе мы не прымаем адкрыта ілжывых сцвярджэнняў Расеі пра тое, што Украіна рыхтуецца ўжыць «брудную бомбу» на сваёй тэрыторыі», – гаворыцца ў заяве.

Таксама ў супольнай заяве ведамстваў замежных справаў трох краінаў адзначаецца, што ўва ўсім свеце будуць разглядаць любую спробу выкарыстаць гэтае абвінавачанне як падставу для эскалацыі. Заходнія краіны зняпраўджваюць любыя падставы да эскалацыі з боку Расеі.

Напярэдадні міністр абароны Сяргей Шайгу пагаварыў праз тэлефон з міністрамі абароны Турцыі, Францыі, Брытаніі і ЗША ды распавёў пра пагрозу «бруднай бомбы», якую Украіна нібыта плануе падарваць на сваёй тэрыторыі, каб пасля абвінаваціць Расею.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны заявілі, што такое абвінавачанне ёсць спробаю спыніць ваенную дапамогу Украіне, але эксперты сумняваюцца, што Расея хоча выкарыстоўваць такія абвінавачанні ў якасці прыкрыцця для правакацыі.

Заявы Сяргея Шайгу пракаментаваў дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк – ён назваў іх «фантазіямі» ды «абсалютным і прадказальным абсурдам». Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба  назваў «брахнёю настолькі ж абсурднаю, наколькі небяспечнаю» заявы Расеі пра «брудную бомбу». Украіна не мае і не плануе мець такіх бомбаў, а Расея часта вінаваціць іншых у тым, што збіраецца зрабіць сама, заявіў Кулэба. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце заявіў, што толькі Расея можа выкарыстаць «брудную» ядравую бомбу, і заклікаў свет «максімальна жорстка адрэагаваць».

Абноўлена
Расейскі міністр абароны распавёў тром замежным калегам, што Украіна збіраецца ўжыць «брудную бомбу»
2022.10.23 19:31

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў