Расейскі міністр абароны распавёў тром замежным калегам, што Украіна збіраецца ўжыць «брудную бомбу»


Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу цягам 23 кастрычніка тэлефанаваў турэцкаму, французскаму і брытанскаму міністрам абароны. Усім ім ён казаў, што Украіна нібыта плануе падарваць «брудную» ядравую бомбу і звінаваціць у гэтым Расею. Украіна нагадала Расеі пра «біялабараторыі з баявымі галубамі».

Сяргей Шайгу. 
Фота: Прэс-служба Мінабароны РФ

Сяргей Шайгу, паводле расейскага ТАСС, 23 кастрычніка тэлефанаваў тром замежным міністрам абароны з аднолькавым пасланнем: «аб магчымасці правакацыяў з боку Украіны з ужываннем бруднай бомбы» (то значыць, бомбы з радыяактыўнымі матэрыяламі, выбранай спецыяльна каб забрудзіць больш тэрыторыі). Адкуль такія звесткі і што ў сувязі з гэтым прапанаваў Шайгу, не ўдакладнялі.

Абноўлена. Шайгу патэлефанаваў таксама міністру абароны Злучаных Штатаў, «абмеркавалі сітуацыю ва Украіне».

Але ранкам расейскае «РИА Новости» (частка дзяржаўнай медыягрупы «Россия сегодня») пісала са спасылкай «на крыніцы, якія заслугоўваюць давер», што Украіна рыхтуе «брудную» ядравую бомбу, якую хоча ўзарваць, каб звінаваціць у гэтым Расею. Бомбу нібыта ўжо загадалі рабіць на Усходнім горна-ўзбагачальным камбінаце ў Жоўтых Водах і ў кіеўскім Інстытуце ядравых даследаванняў, а Уладзімір Зяленскі нібыта пытаў у Вялікай Брытаніі наконт паставак кампанентаў ядравай зброі. Гэта ўсё нібыта патрэбна, каб Расею пазбавілі статусу пастаяннага чальца Рады бяспекі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў.

Разбор
Бачу навіны пра пагрозу ядравай вайны. Што зрабіць проста зараз, каб падрыхтавацца?
2022.09.30 10:49

Гэтыя заявы пракаментаваў Liga.net дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк: назваў іх «фантазіямі» і «абсалютным і прадказальным абсурдам», нагадаў пра абстрэлы Расеяй энергетычнай інфраструктуры Украіны, пагрозу разбурэння расейскімі войскамі дамбы Кахоўскай ГЭС, а таксама пра фэйк аб «біялабараторыях з баявымі галубамі», які расейскія дзяржаўныя органы і медыі распаўсюджвалі ў пачатку вайны ва Украіне.

Абноўлена. Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба ў Twitter назваў «брахнёй настолькі ж абсурднай, наколькі небяспечнай» заявы Расеі пра «брудную бомбу». Украіна не мае і не плануе мець такія бомбы, а Расея часта абвінавачвае іншых у тым, што збіраецца зрабіць сама, заявіў Кулэба. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце заявіў, што толькі Расея можа выкарыстаць «брудную» ядравую бомбу, і заклікаў свет «максімальна жорстка адрэагаваць».

Міністр абароны Злучанага каралеўства Бэн Ўоліс заявіў, што адрынуў гэтыя абвінавачванні з боку Расеі і засцярог ад ужывання такіх закідаў дзеля апраўдання будучай эскалацыі. Ён настаяў, што Вялікая Брытанія і міжнародная супольнасць падтрымлівае Украіну і жадае дээскалацыі канфлікту.

Як адрэагавалі Турэччына і Францыя, невядома. Турэцкі бок толькі адзначыў, што гатовы зрабіць унёсак у дасягненне замірэння і забеспячэнне міру. А міністр узброеных сілаў Францыі Сэбаст’ен Лекарню сказаў, што Францыя адмаўляецца «ўцягвацца ў любую форму эскалацыі канфлікту ва Украіне, асабліва ў дачыненні да ядравых варыянтаў».

Навіны пра магчымы падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС на Захадзе ўспрымаюць больш сур’ёзна: напрыклад, нямецкі «Bild» засцерагае, што Украіну можа чакаць катастрофа, буйнейшая за чарнобыльскую, бо тады Дняпро затопіць вялікія часткі Херсонскай вобласці (якую Расея ўжо лічыць «сваёй»).

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў