Палонны найміт-беларус распавёў, што ў разгоне пратэстаў у Беларусі браў удзел расейскі АМАП


Былы баец Сілаў спецыяльных аперацыяў Беларусі Максім Зязюльчык пайшоў ваяваць ва Украіну на баку расейскай прыватнай вайсковай кампаніі – і трапіў у палон. 23 ліпеня ўкраінскі блогер Уладзімір Золкін апублікаваў двухгадзіннае інтэрв’ю з палонным.

Выданне «Зеркало» звярнула ўвагу на адзін з фрагментаў гутаркі. Максім Зязюльчык на пытанне аб тым, хто разганяў беларускія мітынгі пасля выбараў 2020 года, адказаў, што «гэта было Міністэрства абароны, гэта значыць, пераадзетыя салдаты, гэта беларускі АМАП і расейскі АМАП».

Паводле яго, расейскія байцы АМАП прыехалі ў Беларусь, пераадзеліся ў форму беларускага АМАПу, але пакінулі ўласныя берцы, што можна разгледзець на відэа з пратэстаў.

Зязюльчык сцвярджае, што расейскія амапаўцы былі больш жорсткія за беларускіх, ужывалі святлошумавыя і газавыя гранаты, моцна збівалі людзей. Аб гэтым ён заяўляў і раней – год таму ў першым інтэрв’ю пасля траплення ў палон.

Таксама Зязюльчык заяўляе, што ягоная частка Сілаў спецыяльных аперацыяў у 2020 годзе аказвала спрыянне АМАПу, 317-ы і 357-ы батальёны былі накіраваныя ў Менск, атрымалі форму АМАПу, але таксама адрозніваліся абуткам.

Пра гэта таксама было вядома раней, у тым ліку з суда над застрэленым пратэстоўцам Генадзем Шутавым: страляў афіцэр 5-й брыгады спецназу з Мар’інай Горкі Раман Гаўрылаў (але пакаралі не забойцу, а сведку забойства).

Як сцвярджае Служба бяспекі Украіны, Зязюльчык фармальна быў наймітам у ПВК «Рэдут» (дзе яму абяцалі 3600 долараў на месяц), але напраўду на вайне ва Украіне быў у якасці супрацоўніка беларускага Камітэту дзяржаўнай бяспекі і збіраў інфармацыю для выведкі найперш аб замежным узбраенні, што паступае ў Збройныя сілы Украіны, а таксама спрабаваў даведацца аб планах магчымага ўдзелу расейскіх баевікоў у адхіленні ад улады Аляксандра Лукашэнкі.

У палон ён трапіў у Ліманскім раёне Данецкай вобласці ў канцы верасня 2022 года. Ва Украіне яго асудзілі за «найміцтва», прысудзілі 10 гадоў калоніі. Хадзілі чуткі, што палоннага маглі абмяняць, ды яны не спраўдзіліся.

Hавiны
Найміт з Беларусі трапіў у палон ва Украіне. Праваяваў за Расею менш за два месяцы
2022.10.06 18:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў