Чым Лукашэнку пагражае расследаванне дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь


Генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін 23 траўня расказаў, што ва Украіне распачалі расследаванне ролі Беларусі ў прымусовым вывазе ўкраінскіх дзяцей з тэрыторыяў, акупаваных Расеяй. Расследаванне вядуць аб вывазе дзяцей у лагеры адпачынку і санаторыі ў Беларусі.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Данбасу і Запарожжа прыехалі «на аздараўленне» ў Беларусь. 25 красавіка 2023 года.
Фота: Алексей Талай / vk.com

Тое, што ўкраінскіх дзяцей возяць у беларускія санаторыі, прызнае дзяржаўная прапаганда Беларусі. Але беларускія дэмакратычныя сілы маюць падставы меркаваць, што гэта адбываецца незаконна – без згоды на тое бацькоў ці законных прадстаўнікоў. Калі гэта так, то гэта ўжо выкраданне, а менавіта за выкраданне дзяцей з Украіны Міжнародны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна.

Дэпутат Вярхоўнай рады Украіны Аляксей Ганчарэнка ў каментары «Белсату» расказаў, што падымаў пытанне саўдзелу Беларусі ў прымусовым вывазе ўкраінскіх дзяцей. Пачатак справе дала рашэнне Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, у якое на прапанову Ганчарэнкі дадалі згадку Аляксандра Лукашэнкі як адказнага за дэпартацыю дзяцей.

Ганчарэнка падкрэслівае, што прымусовая дэпартацыя людзей – гэта адна з формаў генацыду, што, калі будзе даказана, робіць Лукашэнку адказным за генацыд:

«Таму трэба гэта расследаваць, даць гэтаму прававую ацэнку і назваць рэчы сваімі імёнамі. А менавіта – што Аляксандр Лукашэнка і ягонае атачэнне гэта міжнародныя злачынцы, ваенныя злачынцы».

Паводле дэпутата, Украіна будзе перадаваць звесткі свайго расследавання пракурору Міжнароднага крымінальнага суду. Ганчарэнка спадзяецца, што Міжнародны крымінальны суд выдасць такі ж ордар на арышт Лукашэнкі, які выдаў на Пуціна. Гэта можа пагражаць нават пажыццёвым зняволеннем, бо ёсць цяжкім ваенным злачынствам. Ганчарэнка адзначае, што Лукашэнка, на ягоную думку, заслугоўвае смяротнай кары, але ў цывілізаваных краінах такое пакаранне не ўжываюць.

Ды каб Міжнародны крымінальны суд мог судзіць Лукашэнку, трэба будзе, каб яго затрымала краіна, якая прызнае юрысдыкцыю гэтага суду. Шэраг краінаў, у ліку якіх Злучаныя Штаты, Індыя, Казахстан, Кітай, Саудаўская Аравія, Турэччына і іншыя, не прызнаюць гэтай юрысдыкцыі. Але прызнаюць 123 краіны – ехаць у такія, маючы ордар на свой арышт, небяспечна. Менавіта таму Паўднёвая Афрыка просіць Пуціна не прыязджаць на саміт BRICS, запрашэнне на які выслалі да выдачы ордару. Калі прыедзе, давядзецца арыштаваць.

Hавiны
У Малдове арыштуюць Пуціна, калі ён прыедзе ў краіну
2023.05.23 17:30

Паводле звестак беларускага Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, у лагеры адпачынку ў Беларусь прывозілі 2150 украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Агулам, паводле Генпракуратуры Украіны, з акупаваных тэрыторыяў за час вайны ва Украіне дэпартавалі каля 19 тысяч дзяцей.

Вярнуць іх цяжка. Украіна, падкрэслівае Ганчарэнка, не кантралюе сітуацыю на тэрыторыях Беларусі і Расеі.

«Наколькі мне вядома, парадку 400 дзяцей з тых, што былі вывезеныя, вернутыя за апошні час ва Украіну. То значыць, працэс ідзе, але ідзе, канешне, вельмі-вельмі павольна», – кажа Ганчарэнка.

Вярнуць дзяцей спрабуюць праз звароты да праваабаронцаў, Арганізацыю аб’яднаных нацыяў і Вярхоўнага камісара па правах чалавека.

belsat.eu

Стужка навінаў