Украіна расследуе датычнасць рэжыму Лукашэнкі да дэпартацыі дзяцей


Украіна расследуе меркаваную ролю Беларусі ў гвалтоўным перамяшчэнні дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў. Пра гэта паведаміў «Reuters» генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін, каментуючы адпаведную справаздачу Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Дэпартацыя ўкраінскіх дзяцей у лагер у Беларусі.
Фота: БелТА

Украінскі пракурор адзначыў, што распачалі вядзенне крымінальнай справы паводле факту «прымусовага перавозу / дэпартацыі больш за 19 тысяч дзяцей» з акупаваных Данецкай, Луганскай, Запарожскай, Херсонскай і Харкаўскай вобласцяў, у тым ліку ў Беларусь.

«Факт і абставіны вывазу ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторыяў Украіны ў так званыя «аздараўленчыя лагеры» ў Беларусі цяпер расследуюцца ў межах названага крымінальнага вядення», – сказаў Андрэй Косцін.

Каментар
Латушка ў Страсбургу: Дабіваемся крымінальнай адказнасці Лукашэнкі за ваенныя злачынствы
2023.05.09 00:51

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка дабіваецца прыцягнення Аляксандра Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў да крымінальнай адказнасці за ваенныя злачынствы ў дачыненні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторыяў. Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення падрыхтавала справаздачу на 150 аркушах, у якой дэталёва раскрывае ролю Лукашэнкі, ягоных хаўруснікаў і «Саюзнай дзяржавы» ў прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы 27 красавіка прыняла рэзалюцыю, якая датычыць прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і дарослых у Расею. Рэзалюцыя ПАРЕ ўжо асуджае прымусовую дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей і прызнае Лукашэнку датычным да гэтага.

Hавiны
Дэпутат Ганчарэнка: ПАРЕ прызнала Лукашэнку датычным да генацыду ва Украіне
2023.04.27 20:49

Апроч таго ПАРЕ прыняла адпаведны зварот да Вярхоўнай Рады Украіны, у якім улічаныя дакументы каманды НАУ, падрыхтаваная і справаздача АБСЕ аб фактах дэпартацыі дзяцей.

Пастаянны прадстаўнік Польшчы пры Еўразвязе Анджэй Садась 16 траўня праінфармаваў амбасадараў 26 краінаў Еўразвязу аб датычнасці ўладаў Беларусі да арганізацыі вывазу ўкраінскіх дзяцей і заклікаў увесці санкцыі.

У лісце сказана, што 2000 дзяцей, пераважна з акупаваных тэрыторыяў Украіны, былі дэпартаваныя ў лагеры адпачынку і санаторыі Беларусі. Адна з такіх установаў – лагер «Дубрава», які належыць дзяржаўнай кампаніі «Беларуськалій». Незаконным вывазам дзяцей у Беларусь займаюцца дабрачынны фонд Аляксея Талая супольна з данецкай грамадскай ініцыятывай «Дэльфіны» пад кіраўніцтвам Вольгі Волкавай.

Hавiны
Польшча заклікае ЕЗ увесці санкцыі супраць уладаў Беларусі за ўдзел у вывазе ўкраінскіх дзяцей
2023.05.17 12:21

17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе (ICC) выдаў ордар на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у справе правоў дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай. Міжнародны крымінальны суд тлумачыць сваё рашэнне тым, што Пуцін і Львова-Бялова падазраюцца ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

Адзначаецца, што яны нясуць адказнасць за ваеннае злачынства «незаконнай дэпартацыі насельніцтва (дзяцей) і незаконнага перамяшчэння насельніцтва (дзяцей) з акупаваных тэрыторый Украіны на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі (згодна з артыкуламі 8(2)(a)(vii) і 8(2)(b)(viii) Рымскага статуту). Злачынствы, як мяркуецца, учыняліся на акупаванай тэрыторыі Украіны як мінімум з 24 лютага 2022 года».

Абноўлена
Міжнародны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Пуціна
2023.03.17 19:11

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў