Дэпутат Ганчарэнка: ПАРЕ прызнала Лукашэнку датычным да генацыду ва Украіне


Парламенцкая асамблея Рады Еўропы 27 красавіка прыняла рэзалюцыю, якая датычыць прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і дарослых у Расею. Пра гэта паведаміў украінскі дэпутат, кіраўнік міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» Аляксей Ганчарэнка.

Аляксей Ганчарэнка.
Фота: ГОНЧАРЕНКО / Telegram

Паводле палітыка, у рэзалюцыі адзначаецца, што згодна з нормамі міжнароднага права, прымусовая дэпартацыя – гэта прыкмета генацыду, таму ўсе выпадкі павінны расследавацца, а ўсе датычныя панесці адказнасць. Пры гэтым, адзначыў Аляксей Ганчарэнка, у афіцыйным дакуменце такога ўзроўню тэрмін «генацыд» у дачыненні да дзеянняў РФ згадваецца ўпершыню.

ПАРЕ таксама вітае рашэнне Міжнароднага крымінальнага суда выдаць ордары на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай.

Больш за тое, у дакуменце была прынятая праўка, якую прапанаваў сам Ганчарэнка і якая прызнае Аляксандра Лукашэнку датычным да прымусовай дэпартацыі дзяцей і дарослых з акупаваных тэрыторыяў Украіны.

«Што аўтаматычна робіць Лукашэнка вінаватым у генацыдзе, які чыніць Расея ва Украіне», – сказаў палітык.

Каментар
Як дэмакратычныя сілы Беларусі дапамогуць Украіне ў вяртанні дэпартаваных дзяцей. Расказвае Латушка
2023.04.26 17:32

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка кажа, што дакладнай інфармацыі аб тым, колькі ўкраінскіх дзяцей цяпер на тэрыторыі Беларусі, няма. Але вядома, што летась іх было 1050, чарговая група з 350 дзяцей прыехала 4 красавіка, і самі ўлады кажуць, што ёсць планы дэпартаваць з Украіны яшчэ тысячу дзяцей.

Арганізацыяй прыезду і побыту ў аздараўленчым лагеры «Дубрава» ў Салігорскім раёне займаецца фонд Аляксея Талая пры падтрыманні ААТ «Беларуськалій» і «Саюзнай дзяржавы». Латушка падкрэслівае, што Талай толькі ўдзельнічае ў гэтым, але на чале працэсу стаіць асабіста Лукашэнка, які прымаў і падпісваў адпаведныя рашэнні ў межах «Саюзнай дзяржавы» – ёсць дакументы і шмат іншых сведчанняў, якія гэта пацвярджаюць.

Латушка бачыць у гэтым выразныя прыкметы ваенных злачынстваў на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Hавiны
Павел Латушка: Рашэнне аб дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь прымалася Лукашэнкам і Пуціным сумесна
2023.04.12 23:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў