«Не хачу быць бясконцай ахвярай». Былая палітзняволеная Іна Шырокая – пра лісты дзецям, ёгу і люстэрка ў СІЗА № 1


У камеры на Валадарцы спала на суседняй шконцы з Марынаю Золатаваю, займалася ёгай і пісала пяць лістоў на дзень сваім дзецям. Паразмаўлялі з былою палітзняволенай Інаю Шырокай, якая пасля турэмнай убогасці і трывогі, што пасялілася ў ейным доме ў Беларусі, нанава здабывае спакой, гармонію і цеплыню дзіцячых абдымкаў.

Былая палітзняволеная Іна Шырокая. Беласток, Польшча. 4 красавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Ёсць людзі, якіх загадзя размяшчаеш у сваім уяўленні недзе недалёка ад сябе, прынамсі ў горадзе, у якім жывеш. Тэлефануеш, дамаўляешся на сустрэчу, а ў дзень спаткання аказваецца, што яна/ён – за сотні кіламетраў ад цябе. Ты, напрыклад, у Варшаве, яна – у Беластоку. Але дзіўна: пачуццё блізкасці праз такую памылку нікуды не знікае. Акурат так атрымалася ў нас з Інаю Шырокаю. Не маем улады над уласным уяўленнем. І ніхто не мае. Размаўлялі з ёй у тым ліку і пра гэта.

«Там, у турэмнай камеры, у нас не было нічога. Адзінае, чым можна было займацца, – гэта ўяўнымі рэчамі. І гэта было адзінае, над чым нашыя карнікі не мелі кантролю. Над нашым уяўленнем, розумам і свядомасцю. І мы з гэтага карысталіся», – кажа былая палітзняволеная Іна Шырокая.

«Можам быць вельмі і вельмі блізкімі»

Іна – маці пяцярых дзяцей: Мікіта, Ліза, Мацвей, Дзяніс, Соф’я. На момант затрымання двое з іх (Мікіта і Ліза) былі ўжо поўнагадовыя. Але лісты з турмы маці пісала ўсім дзецям. Пяць лістоў на дзень.

Былая палітзняволеная Іна Шырокая разам з дзецьмі.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Апісваць я нічога не магла – не было ў мяне навінаў. І ўсё, што пісала, было пра мае пачуцці. Абдымаю, цалую ў далонькі, у вочкі і гэтак далей. Такія слінявыя лісты дасылала дзецям – пра свае нерэалізаваныя адчуванні і магчымасці. І цяпер усё, пра што я тады пісала, мы рэалізуем у жыцці. І проста ўвесь час абдымаемся, цалуемся ды можам быць вельмі і вельмі блізкімі…» – у голасе маці гучыць глыбокая пяшчота.

Іну схапілі год таму – 6 красавіка. Яна 145 дзён правяла за кратамі СІЗА № 1 на Валадарскага. Сядзела некаторы час з журналісткамі Марынаю Золатавай і Аленаю Талкачоваю, палітзняволенымі Вольгаю Галубовіч (вызваленая ў снежні 2022-га) і Таццянаю Карповіч («справа «Чёрной книги Беларуси»), перасякалася ў «адстойніках» з праваабаронцаю Марфаю Рабковаю.

«Было страшна. Але найбольш баялася таго, што вось адчыняюцца дзверы – і ў камеру зойдзе мая старэйшая дачка Ліза. Бо людзі там сядзяць сем’ямі», – кажа Іна Шырокая.

Згадвае, што ў камеры была 20-гадовая Яна, маці якой утрымлівалі ў суседняй камеры. Здаецца, руку працягні… Але не: ні перамаўляцца, ні перашэптвацца, ні, барані Божа, пакідаць цыдулкі ў дворыку для шпацыраў! Бо былі «суўдзельніцамі ў адной справе». Яны ўсё адно спрабавалі і былі караныя за кожную спробу кантакту. Лісты адна адной пісалі праз волю. І ў калонію паехалі ў розныя атрады.

«Рэжым спрабаваў такім чынам іх падзяліць і падзяліў. Гэта жудасна насамрэч», – заўважае Іна.

На шчасце, 22-гадовая дачка Ліза ў камеру не ўвайшла: праз тыдзень пасля затрымання мамы яна змагла выехаць у іншую краіну. Але і цяпер, калі Іна ў бяспецы, абняцца фізічна яны не могуць – у іншых краінах цяпер.

Без «вонкавага зашквару»

Пасля вынесенага ў канцы ліпеня 2022 года прысуду (тры гады «хатняй хіміі») Іна Шырокая разам з траімі малодшымі дзецьмі эвакуявалася ў польскі Беласток. Шлях вяртання пакуль адрэзаны. Іна не магла вярнуцца на радзіму, нават каб апошні раз развітацца са сваёй маці…

Інін боль адчуваеш фізічна праз некалькі соцень кіламетраў, якія нас падзялялі падчас размовы.

Сотні балючых кіламетраў раздзяляюць яе і з сынам Мікітам (яму цяпер 20), які першы з сямʼі трапіў у катавальню беларускага МУС, у жніўні 2022-га. Ён, як і Ліза, не побач з мамай. Але гэта іхны выбар, падкрэслівае Іна, і ў ейным голасе, апроч трывогі, з’яўляецца нотка гонару за дарослых дзяцей:

«Для мяне заўсёды было прынцыпова не ціснуць хаця б унутры сямʼі. Адысці ад гэтага фармалізму і крывадушнасці, якія зашкальвалі ў беларускай рэальнасці. Таму ў сямʼі я давала максімальныя паслабленні, каб кампенсаваць троху той вонкавы зашквар».

Адсутнасць «вонкавага зашквару» адчулі ўжо па пераездзе ў Польшчу Мацвей і Соф’я, якія пайшлі ў Беластоку ў сёмы клас. Мацвею ў верасні 2023-га споўніцца 16 гадоў (павінен быў ісці ў дзявяты клас), Софʼі цяпер 14. Ужо не маленькія і ўсё разумеюць. На раптоўныя змены ў жыцці не наракалі, хоць спачатку было зусім не проста. І розніцу паміж «тут» і «там» ужо адчулі.

«Сістэма адукацыі тут пабудаваная на павазе да асобы, і мае дзеці гэта вельмі моцна адчуваюць. Тым больш пасля Беларусі. Яны сказалі: мы б у беларускую школу ўжо не вярнуліся. Параўналі і выбралі», – кажа Іна Шырокая.

Былая палітзняволеная Іна Шырокая з дзецьмі.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Дзяніс жа ў Польшчы сустрэў сваё паўналецце. Пайшоў вучыцца ў каледж на цырульніка, потым перавёўся ў тэхнікум, адначасова скончыў курсы барбэраў і ўжо практыкуе – можна замаўляць стрыжку.

«Я, вядома ж, бачыла яго ў нейкай больш інтэлектуальнай прафесіі, але ён выбраў сам – вось што галоўнае. Гэта я са сваім савецкім мінулым лічыла, што трэба доўга вучыцца і мець у кішэні некалькі дыпломаў. Але таго мінулага больш няма», – разважае маці.

Турэмная ёга і размовы з Золатавай

Іна мае дзве вышэйшыя адукацыі. Прызнаецца, што першую, у Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце, атрымала «з бацькоўскай волі» і паводле спецыяльнасці заатэхніка ніколі не працавала. Пазней, ужо з уласнага выбару, атрымала адукацыю эканаміста-менеджара, у якой мае вялікі практычны досвед, але скарыстацца з якога ў Польшчы пакуль, як прызнаецца, не ўдаецца:

«Са сваім узроўнем польскай мовы я тут пакуль нічога не значу. Для палякаў я проста эмігрант. Некалькі разоў хадзіла на сумоўі, казала, што раней працавала загадчыцаю рэстарану, але разглядалі мяне хіба на пазіцыі кухоннага працаўніка ці памочніка кухара. Ну, было не вельмі прыемна, на той момант. І тады пастанавіла, што трэба нейкім іншым чынам сябе рэалізоўваць».

Іна вярнулася да ёгі, якую да гэтага 7 гадоў выкладала ў Беларусі і якая, як прызнаецца, заўжды давала жыццёвую стабільнасць і «збірала» яе ў крытычныя моманты жыцця, у тым ліку ў турме. Да ёгі, якая ператварае адлегласці ў блізкасць. На Акрэсціна ёга ішла на ўра, расказвае, бо «там не было іншага пункту апоры». На Валадарцы – крыху іншая справа. Бо, як кажа Іна, там кожны меў сваю «зону камфорту, як бы абсурдна гэта ні гучала».

Былая палітзняволеная Іна Шырокая.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Псіхіка ўжо не была гатовая да самазаспакаення, таму ёга вельмі часта ўспрымалася як «ну а навошта?». Абясцэньвалася. Я практыкавала часцей адна ці з пачаткоўцамі. Іншыя людзі ратаваліся нейкімі сваімі метадамі», – адзначае Іна і ўдакладняе, што яе схапілі ў самую ейную практыку выкладання, калі давала 4–5 заняткаў штодзень, таму цела мела звыклае запатрабаванне рабіць гэта і надалей. У СІЗА № 1 даводзілася дамаўляцца з іншымі зняволенымі пра час, бо прэтэндаваць на агульны кавалачак тэрыторыі – паўтара метра – паміж шконкамі было б «уварваннем у чужую прастору».

Часта практыкавала ёгу на ўласнай шконцы. А спала ля акенца, на другім ярусе, каля Марыны Золатавай («Гэта чалавек бязмежнага трывання!»), з якою таксама адчула блізкасць. І не толькі з прычыны «суседства па нарах», але і містычную – іхныя народзіны прыпадаюць амаль на адзін дзень: у Марыны – 6 лістапада, у Іны – 7-га.

«Але мы нядоўга з ёю разам прасядзелі, два ці тры тыдні. Была вялікая камера. Мець нейкія асабістыя стасункі было не тое, што не прынята, а было, па сутнасці, немагчыма, бо не было той самай асабістай прасторы. Але часам мы проста размаўлялі з ёй на агульныя тэмы», – расказвае Іна Шырокая.

Іна мяркуе, што на камунікацыю ў камеры на Валадарцы ўплывала і тое, што ў параўнанні з іншымі зняволенымі яна мела не такі цяжкі артыкул (Шырокай інкрымінавалі «народны» арт. 342 КК).

Кватэра былой палітзняволенай Іны Шырокай.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Гэта ўвесь час вісела ў паветры. Іна, маўляў, вось зараз будзе суд, і ты пойдзеш дадому… І мне заўсёды было за гэта вельмі сорамна, проста жудасна сорамна перад дзяўчатамі. Гэта не мой быў сорам, іспанскі нейкі. Але ён заўсёды быў, і, калі агучылі прысуд, так, вядома, я была шчаслівая, што я выйду, але мне было вельмі сорамна перад аднакамерніцамі. І мы ўсе хавалі вочы…» – прызнаецца былая палітзняволеная.

Лукашэнку ёга не дапаможа

Парадаксальна, але ў турэмнай камеры ёгай і медытацыяй займацца было лягчэй, чымся на волі, прызнаецца жанчына. Там нічога не адцягвала ўвагі – не было тэлефонаў ды іншых спакусаў. Апроч таго, ёга, якая дапамагала ў турме выжыць і стабілізавацца, пачала выклікаць у свабодным жыцці «трывожныя асацыяцыі» – трыгерыць.

«І рашэнне было такое: працягваць рабіць нешта для іншых. Выкладаць і вучыць людзей ёгі, бо тут, у эміграцыі, таксама людзі ў стрэсе. І вось праз гэтае дапамаганне і навучанне іншых – аднавіцца самой. І гэта спрацавала», – расказвае Іна.

Жанчына ладзіла спачатку валанцёрскія заняткі ў арганізацыі «Акно на Усход». Выйшла на рэгулярную практыку і згуртавала ў Беластоку беларуска-ўкраінскую супольнасць ёгаў-практыкаў. А потым удзельнікі прыйшлі да ідэі стварыць фонд «Адраджэнне».

Былая палітзняволеная Іна Шырокая.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Гэта адзін са шляхоў, каб грамадскую энергію пераўтварыць, па сутнасці, у нейкі рэальны прадукт. Ёга, творчасць і пошук сябе новага праз навучанне запатрабаваным прафесіям. Такія тры напрамкі «Адраджэння». Вельмі шырокая мэта, але я спадзяюся, што мы здолеем яе дасягнуць. Мы вельмі натхнёныя», – кажа Іна.

Гаворыць, што пасля неверагоднай хвалі падтрымання, якую адчула пасля эвакуацыі з Беларусі, хоча рабіць свой унёсак у агульную салідарнасць. Гэта будзе правільна, сцвярджае Іна Шырокая.

«Нядаўна яшчэ адна беларуска-эмігрантка Вольга Сцепаненка, якая практыкавала на Акрэсціна ёгу-нідру, пераконвала нас, што медытацыя і ёга ўратуюць свет. Згодныя з ёй? Можа, ёга і Аляксандру Лукашэнку дапамагла б адрадзіцца?» – пытаемся.

«Для мяне гэтая асоба настолькі дэманізаваная, што не ўспрымаецца ўжо як чалавек. Да яго немагчыма дагрукацца, ён ужо не здольны на нейкія стваральная рэчы. Таму, хутчэй за ўсё, не – ёга не дапаможа. Але гэта доля ўсіх такіх асобаў – скончыць свой зямны шлях, каб велізарная колькасць грамадзянаў нарэшце выдыхнула спакойна. І гэты шлях ён выбраў сам, па ім ідзе і за яго трымаецца. Сінімі пальцамі. Але гэта ягоны свядомы выбар», – адказвае Іна Шырокая.

Каб вызваліць вязняў, дамаўляцца хоць з дʼяблам

Былая палітзняволеная мяркуе, што размаўляць з Лукашэнкам не мае сэнсу, але, калі гаворка пра вызваленне палітычных вязняў, дамаўляцца неабходна хоць з самім дʼяблам.

«Я вельмі добра памятаю гэтае адчуванне, калі ты хапаешся за любую надзею. Любую! Мы ў камеры на поўным сурʼёзе маглі разважаць пра тое, што, маўляў, дзяўчаткі, глядзіце, ідзе вайна, сюды трапляе снарад і разбурае нашыя сцены, і вось мы яе разбіраем і бяжым…

Там людзям патрэбная любая дапамога, любая надзея. Трэба нешта рабіць, нават калі перамовы будуць адбывацца не найлепшым, дыпламатычным, шляхам. Яны проста чакаюць і спадзяюцца… Зыходзячы з уласных адчуванняў, як яно там, я ішла б на любыя захады, аж нават да нейкага бруднага гандлю. Гэта, вядома, жудасна, але на кон у нашым выпадку пастаўленыя жыцці і здароўі выбітных людзей. Цвет нашай нацыі, па сутнасці, павольна памірае ў турмах…» – дадае жанчына, са скепсісам заўважаючы, што для чалавека, які пазбаўлены хоць якой спагады і эмпатыі, гэта зусім не аргумент.

Іншы дом Іны

У Польшчы Іна Шырокая знайшла другі дом. Утульны, светлы і бяспечны. А ў доме, які пакінула ў Беларусі, пасяліліся страх і трывога. У гарадзенскай кватэры пасля турмы проста не засынала. А калі ўдавалася – снілася, што «прыходзіць ГУБАЗіК, прачыналася і думала: дзякуй Богу, што яшчэ адзін дзень – на волі».

«А тут добра, спакойна, я тут нанава пачала жыць. У мяне вельмі шмат нейкіх рэсурсных станаў у гэтай прасторы бяспекі, эстэтыкі і прыгажосці. Там быў сюр і абсурд. А тут як бы ўсё вельмі гарманічна. І мне добра ў гэтай гармоніі пасля турэмнай убогасці казённага бетону і жоўтых пракураных сценаў», – кажа Іна Шырокая.

Адзначае, што новы дом, можа, не такі і прасторны, як у Беларусі, але ў ім шмат люстэркаў, якія адбіваюць паверхню і праз гэта пашыраюць прастору і ўтульнасць.

Былая палітзняволеная Іна Шырокая.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«На Акрэсціна люстэрка зусім не было. А на Валадарцы – так, невялікае. Але там вельмі высокія столі і ўвесь час гарыць штучнае святло, таму, дзякуй Богу, я ў ім нічога асабліва і не бачыла. Дый глядзець асабліва не было на што. Як мы там ні прыхарошваліся, усе былі, ой, занядбаныя і недагледжаныя. Таму мы не вельмі любілі глядзецца ў яго», – успамінае Іна.

«А цяпер, – пытаемся, – любіце глядзець у люстэрка?»

«Цяпер – зусім іншае жыццё. Жыццё з уласнай волі. Я лічу, што гэты маньяк пазбаўляе нас у Беларусі галоўнага – магчымасці выбару і свабоды дзеянняў. Вельмі жорсткая і помслівая мера. Таму так, цяпер я люблю глядзець на сябе ў люстэрка. Гэта мой выбар. Цяпер кожны дзень магу рабіць свой асабісты выбар. У межах любой прасторы. У Беларусі ў мяне гэта адабралі», – адказвае былая палітзняволеная.

Іна выказвае велізарную падзяку беларусам, якія ўзялі ўдзел у зборы, абвешчаным фондам «BYSOL», каб ейная сямʼя працягвала жыць ва ўтульнай кватэры ў Беластоку. Неабходныя сродкі (3 тысячы еўраў) былі сабраныя за тыдзень:

«У мяне ўвесь час камяк у горле ад падзякі, радасці і гонару, што мы такія людзі. Гэтая сума не закрывае нейкіх сурʼёзных фінансавых праблемаў – толькі тры месяцы арэнды. Але рэч нават не ў грошах. Найважней – падтрыманне людзі і разуменне таго, што ўсё было недарэмна.

Я не хачу быць бясконцай ахвярай, хоць цяпер я ахвяра абставінаў. Але яны, я ведаю, скончацца, і я таксама буду працягваць руку дапамогі. Бо, на жаль, гэты круг пакуль што не завяршыўся. Мы не перамаглі. Але гэта частка шляху, і я цешуся, што праходжу яго разам з іншымі».

Калі працягваеш чалавеку руку дапамогі, адлегласці знікаюць. Калі раскідваеш рукі для абдымкаў, адбываецца, па сутнасці, тое ж. Эфект блізкасці. Акурат таму тыя 250 км, што нас раздзялялі, ператварыліся праз тыдзень пасля размовы ў цёплыя сяброўскія абдымкі. І мы зазірнулі з Інаю Шырокай у адно з люстэркаў у ейным новым доме…

Гісторыі
«Скачок у іншую рэальнасць». Гутарым з беларускай, якой вырвала частку пальца падчас амапаўскага налёту на клуб
2023.03.11 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў