ЗСУ атакавалі Севастопаль. Імаверна, пашкоджаны галоўны вузел сувязі Чарнаморскага флоту


Некалькі дзясяткаў выбухаў чулі жыхары Севастопаля вечарам 23 сакавіка. Кіраўнік акупаванага гораду Міхаіл Развазжаеў заявіў, што гэта была самая масіраваная атака за апошні час. Telegram-канал «Крымский ветер» сцвярджае, што адзін з удараў нанесены па галоўным вузлу спецсувязі Чарнаморскага флоту.

Расейскі губернатар Міхаіл Развазжаеў адсправаздачыўся, што «вайскоўцы адбілі атаку на Севастопаль». Паводле яго, адна ракета трапіла ў офісны будынак, «узровень пашкоджанняў удакладняецца», акрамя таго, абломкамі пашкоджаныя некалькі жылых дамоў. У выніку, як паведаміў чыноўнік, загінуў адзін мужчына, чатыры асобы пацярпелі.

Развазжаеў таксама прыгразіў крымінальнымі справамі мясцовым жыхарам, якія здымалі на відэа абстрэлы і працу СПА: «Тых, хто выкладаў відэа, ужо шукаюць органы».

Паводле непацверджаных звестак, у цэнтры Севастопаля быў атакаваны галоўны вузел спецсувязі Чарнаморскага флоту крылатымі ракетамі «Storm Shadow». Выбухі таксама пралуналі ў раёне лётнішча Бельбек. Акрамя таго, паведамляецца пра ўдар па нафтабазе ў паселішчы Гвардзейскае бліз Севастопаля.

У ЗСУ сцвярджаюць, што паспяхова паразілі ў анексаваным Крыме дэсантныя караблі «Азоў» і «Ямал», цэнтр сувязі, а таксама некалькі аб’ектаў інфраструктуры Чарнаморскага флоту.

Ананімны расейскі Telegram-канал «Кремлевская табакерка» піша, што, паводле крыніцаў у Мінабароны Расеі, у выніку ўдараў «вораг паразіў добра замаскаваны камандны пункт, дзе знаходзіліся больш за два дзясяткі афіцэраў». Акрамя таго, абломкі збітых ракетаў пашкодзілі тры самалёты Су-27 на Бельбеку, адзін узнаўленню не падлягае. Таксама было атакаванае «месца дыслакацыі марпехаў, там сур’ёзныя ахвяры»:

«Агулам у выніку атакі, на жаль, загінулі 34 вайскоўцы, 11 з іх – афіцэры. Яшчэ каля 40 вайскоўцаў параненыя».

Hавiны
Расея ўчыніла трэцюю за тыдзень масіраваную атаку на Украіну. Адна ракета парушыла мяжу Польшчы
2024.03.24 09:19

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў