news
Агляд
Як бяспечна і небяспечна падтрымліваць пацярпелых ад рэпрэсіяў
Магчыма, сілавікі скарысталіся базамі «Е-дастаўкі». Або проста пайшлі па ўжо вядомых адрасах.
24.01.202418:14

У Беларусі 23 студзеня прайшла чарговая хваля ператрусаў і допытаў, пад пераслед сілавікоў трапілі прынамсі 84 асобы, не менш за 37 чалавек затрымалі. Хваля працягнулася і 24 студзеня. Выглядае, што прынамсі частка тых, да каго прыйшлі сілавікі, атрымлівалі дапамогу ад фондаў салідарнасці, праваабаронцаў і простых беларусаў. «Белсат» распытаў экспертаў, як цяпер дапамагаць людзям, каб было бяспечна тым, хто дае і атрымлівае дапамогу.

Што варта ведаць, сцісла

• Па Беларусі другі дзень – хваля ператрусаў, допытаў і затрыманняў. Імаверна, яна звязаная з дапамогай рэпрэсаваным. Сярод пацярпелых – сваякі палітвязняў і тыя, хто ўжо адбыў палітычна матываванае зняволенне.

• Не вядома дакладна, як менавіта сілавікі выбралі ахвяраў, ёсць толькі здагадкі. Магчыма, пайшлі па ўжо вядомых адрасах. Магчыма, скарысталіся базамі звестак «Е-дастаўкі». Магчыма, атрымалі доступ да звестак нейкай ініцыятывы дапамогі. Але сумнеўна, што спісы людзей, якія паказвалі сілавікі ў ананімных Telegram-каналах, гэта базы звестак буйных фондаў.

• Цяпер небяспечна ахвяраваць грошы на дапамогу рэпрэсаваным з беларускіх і расейскіх банкаўскіх картак, праз беларускія і расейскія плацежныя інструменты і крыптабіржы (у меншай ступені, але ўсё роўна небяспечна, з картак і інструментаў краінаў АДКБ).

• Абсалютна бяспечных шляхоў атрымання ці надання дапамогі ў Беларусі не можа быць, але варта мінімізаваць рызыкі.

• Каб дапамагаць рэпрэсаваным з тэрыторыі Беларусі, лепей шукаць непасрэднага кантакту са сваякамі зняволеных і асабіста перадаваць дапамогу або прасіць знаёмых за мяжой ахвяраваць грошы і шукаць бяспечны спосаб узаемных разлікаў. Пасылкі, перадачы і нават лісты палітвязням цяпер перадаюць найчасцей толькі ад блізкіх сваякоў.

• Для атрымання ці надання дапамогі рэпрэсаваным з тэрыторыі Беларусі трэба прытрымлівацца лічбавай гігіены: карыстацца VPN і «Партызанскім тэлеграмам», выконваць рэкамендацыі «Кіберпартызанаў», чысціць перапіскі, гісторыю пошуку і наведвання старонак, і г.д. Свежыя парады «Кіберпартызанаў» з нагоды хвалі ператрусаў тут.

• Варта звяртацца толькі да правераных ініцыятываў і фондаў дапамогі рэпрэсаваным, не кантактаваць з тымі, у кім няма поўнай упэўненасці.

Разбор
Як бяспечна тэлефанаваць праз інтэрнэт, каб не праслухалі сілавікі?
2023.10.03 15:41

Стрыжак: пад пагрозай тыя, хто ахвяраваў грошы з беларускіх картак

Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак у эфіры «Белсату» заявіў, што базы звестак «BYSOL» недасяжныя сілавікам, а ўкіды пра «здабытыя базы» – гэта проста «мары сілавікоў» атрымаць тыя звесткі. Але сілавікам дасяжная інфармацыя пра грошы, якія ішлі праз беларускія банкі або крыптабіржы, беларускія карткі, прывязаныя да «Paypal». Звесткі, што здабылі сілавікі, ад беларускіх арганізацыяў, а табліцы, якія паказваюць у ананімных каналах сілавікоў, «злепленыя на каленцы» і не маюць нічога агульнага са звесткамі «BYSOL».

«Людзі, якія робяць данаты, павінны памятаць, што выкарыстанне беларускіх і расейскіх сродкаў для ахвяраванняў вельмі небяспечнае, яно можа прывесці да таго, што вашыя звесткі трапяць у рукі беларускіх сілавікоў», – нагадвае Стрыжак.

Тым, хто ахвяраваў грошы з замежных картак, у бяспецы, запэўнівае ён. Але ў небяспецы і тыя, хто ўжо даўно, некалькі гадоў таму рабіў ахвяраванні з беларускіх картак, і нават тыя, хто ахвяраваў грошы з дасяжных сілавікам сродкаў аплаты нават не фондам салідарнасці, а на нейкую дабрачыннасць праз Facebook.

Стрыжак нагадвае, што некалі беларусы ахвяравалі фондам салідарнасці шмат грошай менавіта праз зборы на Facebook, таму сілавікі лічаць любыя пераводы на Facebook за пэўны перыяд «злачынствам», нават калі ахвяраванне было, напрыклад, на прытулак для бадзяжных сабак.

А цяпер, кажа Стрыжак, сілавікі патрабуюць новых «выкупаў» нават з тых, каго ўжо каралі і з каго бралі «выкупы». Таму Стрыжак лічыць, што «адкупіцца і супакоіцца» – кепскі варыянт, бо будуць зноў і зноў патрабаваць грошы. Выходзіць, што нават пасля сплаты «выкупу» лепш пакінуць Беларусь.

Ён дадае: вельмі небяспечна думаць, што рэпрэсіі «выйшлі на плато», што палітычны пераслед будзе змяншацца. Сістэма скіраваная на тое, каб пастаянна мець новых ахвяраў, нават калі тыя не «правініліся» ні ў чым.

Каментар
Чаму КДБ зладзіла рэйды менавіта цяпер – рыхтуюцца да чагосьці кепскага? Разважае Алег Кулеша
2024.01.23 23:01

Сілавікі атрымалі доступ да базаў «Еўраопту»?

Розныя крыніцы кажуць, што сілавікі маглі атрымаць доступ да базаў звестак гандлёвай сеткі «Еўраопт» і сэрвісу «Е-дастаўка», а таксама, паводле некаторых звестак, да базаў дастаўкі «Гіпа». Справа ў тым, што ініцыятыва «INeedHelpBy», што дапамагае беларусам, падтырмлівала больш чым 16 тысячам сем’яў, якія пацярпелі падчас пратэстаў і далейшых рэпрэсіяў, прадуктамі праз «Е-дастаўку».

Аб гэтым расказваў «Белсату» Андрэй Стрыжак. Аб гэтым жа пісала «Наша ніва» са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Таксама пра гэта «Белсату» напісаў ананімны чытач, які сказаў, што чуў ад актывістаў у Беларусі, што КДБ пры ператрусах і допытах пытала, ці атрымліваў чалавек дастаўку ад «INeedHelpBy» праз «Еўраопт», і да прынамсі некаторых з тых, па каго ўчора прыходзілі, такія дастаўкі сапраўды былі. Абяцаюць адміністратыўнае пакаранне за прызнанне, крымінальнае – за непрызнанне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Непасрэднае пацверджанне ад людзей, якія чулі такое ад сілавікоў, на момант публікацыі «Белсат» не атрымаў. Чытач адзначыў, што сумняецца ў тым, што людзі аб такім раскажуць наўпрост: тых ужо запужалі крымінальнымі справамі, выдалі позвы і абяцалі наступныя допыты.

Атрыманне прадуктаў з «Е-дастаўкі» само па сабе не злачынства, як і ў прынцыпе атрыманне дапамогі ад іншых. Але сілавікі ў Беларусі неаднаразова паказвалі сваімі дзеяннямі, што караюць не паводле законаў.

Каментар
Сілавікі атрымалі доступ да базаў «Еўраопту». Кіраўнік «BYSOL» – пра атаку на сваякоў палітвязняў
2024.01.24 12:55

Лявончык: маглі суаднесці адрасы палітвязняў і адрасы «Е-дастаўкі»

Паводле звестак сузаснавальніка фондаў «BYSOL» і «By_help» Аляксея Лявончыка, прыходзілі не «па спісах „INeedHelpBy“» – ініцыятыва базуецца за мяжой і проста зводзіць надаўцу і атрымальніка дапамогі, як «Uber» зводзіць пасажыра і кіроўцу.

Лявончык тлумачыць «Белсату»: сілавікі маглі звязаць плацяжы «Е-дастаўцы», адрасы даставак самой «Е-дастаўцы» (якая магла выдаць звесткі пад ціскам сілавікоў) і адрасы палітзняволеных і іх сваякоў. З таго, што вядома яму, з ператрусамі і допытамі прыходзілі не да ўсіх, хто атрымліваў дапамогу праз «Е-дастаўку», і не да тых, хто адбыў арышт у 2020-м годзе і не быў пад крымінальнай справай.

Ход думкі сілавікоў, як лічыць Лявончык, можа быць такі: раз чалавек звяртаўся па дапамогу ў «INeedHelpBy», то мог звяртацца і ў іншыя ініцыятывы – а значыць, калі перавярнуць кватэру, можна адшукаць сляды каналаў дапамогі іншых фондаў. Ён чуў, што сілавікі сапраўды шукалі інфармацыю пра «BYSOL», «By_help» і іншыя арганізацыі, таму мэтай рэйдаў магло быць не толькі застрашванне, але і «наезд» на ўсю інфраструктуру дапамогі.

«Мы не збіраемся нічога спыняць, – запэўнівае Лявончык адносна дапамогі рэпрэсаваным. – Мы наадварот разумеем, што мы мелі рацыю ў тым, што засталіся працаваць у Беларусі, таму што гэта ім як цвік у адным месцы. Мы будзем працягваць, проста мы будзем яшчэ больш кантраляваць небяспечныя моманты».

Ён дадае, што ініцыятывы дапамогі рэпрэсаваным каардынуюцца між сабой, абменьваецца інфармацыяй і аб тым, каму як дапамагаць, і аб тым, якія ёсць небяспекі падпольнай працы.

Чат-бот «By_help», адзначыў Лявончык, не маглі ўзламаць, бо фонд не карыстаецца чат-ботамі. «BYSOL» цяпер таксама не ўжывае чат-боты. За іншыя арганізацыі Лявончык не можа адказаць. Але дадае, што «By_help» пераправерыў доступ да сваіх базаў і раздзяленне правоў чальцоў каманды – інцыдэнтаў не было.

Нават калі б базы «By_help» ці «BYSOL» звестак уцяклі, яны былі б у такім пазнавальным спецыфічным выглядзе, які немагчыма падрабіць, расказвае Лявончык. А прозвішчы са скрыншотаў Telegram-каналаў сілавікоў даюць падставы падазраваць, што сілавікі маглі паказаць нейкую расейскую базу звестак.

Лявончык заклікае людзей у Беларусі ні ў якім выглядзе не выкарыстоўваць для ахвяраванняў на дапамогу рэпрэсаваным беларускія ці расейскія плацежныя інструменты, заўсёды выкарыстоўваць VPN, заўсёды чысціць перапіскі, гісторыю пошуку ў мэсэнджарах і гісторыю наведвання старонак у браўзеры, карыстацца «Партызанскім тэлеграмам». А лепш – прасіць тых, хто за мяжой, данаціць замест сябе, прапаноўваць нейкую бяспечную форму ўзаемаразлікаў. Тым, хто сістэмна займаецца дапамогай сістэмна, ён рэкамендуе завесці другі тэлефон з замежнай sim-карткай і прывязанымі да замежнага нумару акаўнтамі – але быць гатовымі тлумачыць сілавікам наяўнасць другога тэлефона.

Разбор
Што рабіць, калі ў Беларусі заблакуюць YouTube, Facebook ці Telegram – і як паставіць VPN
2024.01.12 10:36

Таксама Лявончык раіць звязвацца з праверанымі ініцыятывамі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі і займаюцца падтрымкай асабіста, «чалавек-да-чалавека». Як прыклады такіх ініцыятываў ён прыводзіць не толькі свае, але і фонд «Краіна для жыцця», і ініцыятывы «DissidentBy» і «Палітвязынка».

Пакуль Лявончык не чуў пра масавы пераслед тых, хто робіць грашовыя пераводы ці перадачы палітычным зняволеным, якія не прыходзяцца ім сваякамі. Але адзінкавыя выпадкі такога пераследу былі, таму трэба мець на ўвазе такія рызыкі. Лявончык кажа, што будзь ён цяпер у Беларусі, шукаў бы менавіта сваякоў зняволеных, каб дапамагаць ім рабіць перадачы.

Кабанаў: сілавікі маглі здабыць перапіску з ботамі праваабаронцаў

Прэс-сакратар аб’яднання былых сілавікоў «BELPOL» і блогер «Народны рэпарцёр» Аляксандр Кабанаў кажа «Белсату»: тое, што было ў апошнія дні, не «было», а будзе працягвацца, гэта толькі пачатак. Людзям у Беларусі трэба быць вельмі асцярожнымі.

Паводле звестак Кабанава, прынамсі некаторым людзям паказвалі скрыншоты іхнай перапіскі з чат-ботамі арганізацыяў, якім аказвалі дапамогу, яшчэ да таго, як адбіралі іхную тэхніку. Кабанаў не мае пэўнасці ў тым, перапіскі з якімі менавіта ініцыятывамі ў руках сілавікоў, і ў тым, як гэта адбылося. Ён можа толькі выказаць здагадкі: або нейкім чынам узламалі чат-боты, або «крот» у самой арганізацыі здаў перапіскі сілавікам.

Таксама, як кажа Кабанаў, прыходзілі да людзей, якія адпраўлялі пасылкі і перадачы палітвязням у СІЗА. Ён адзначае, што ў калоніях палітвязні могуць атрымліваць дапамогу і нават лісты толькі ад блізкіх сваякоў – для іншых ён не бачыць сэнсу нешта прысылаць палітвязням, бо перадачу ці ліст не аддадуць.

«Арганізацыям, якія займаюцца дапамогай палітвязням і сем’ям палітвязняў, трэба сур’ёзна задумацца аб бяспецы захавання сваіх звестак, аб бяспецы сваіх чат-ботаў, – кажа Кабанаў. – Ёсць тыя ж „Кіберпартызаны“, да якіх варта звярнуцца, каб яны праверылі бяспеку».

Таксама Кабанаў заклікае абмежаваць кола асобаў, якія маюць доступ да інфармацыі ў ініцыятыве. Пажадана, каб гэта былі правераныя людзі, па магчымасці – каб прайшлі паліграф. Тады будзе адносна бяспечна.

Але цалкам бяспечна не будзе, лічыць Кабанаў, і сітуацыя «накаляецца». Асаблівая праблема будзе з пенсіянерамі, якія не разбіраюцца ў гаджэтах, не карыстаюцца VPN і не ўмеюць чысціць тэлефон. А такія людзі ёсць у ліку сваякоў палітвязняў, якім патрэбная дапамога.

«Мы з вамі абмяркоўваем маразматычную сітуацыю, – адзначае ён. – Не адбываецца нейкіх злачынных дзеянняў, супрацьзаконных дзеянняў, калі ідзе звычайная дапамога людзям. Гэта абсалютна нармальная з’ява ва ўсім свеце… атрымліваецца, акрамя Беларусі».

Кабанаў заклікае надаваць і атрымліваць дапамогу ад правераных арганізацыяў, у якіх не было збояў. Многія ініцыятывы, нагадвае ён, маюць «сваіх людзей» у Беларусі, кантактуюць не праз інтэрнэт, а ўжывую. Ды нават за такімі тэарэтычна могуць арганізаваць сачэнне.

Ці могуць дэмакратычныя сілы або іншыя краіны зрабіць нешта для дапамогі палітвязням, чаго яшчэ не спрабавалі? Кабанаў падкрэслівае, што не ведае, як гэта рэалізаваць, бо не мае стасункаў з палітыкамі ў «высокіх кабінетах», але мае ідэю. Калі цалкам перакрыць межы Беларусі з Еўразвязам, і для чыгункі, і для машынаў, то нешта можа змяніцца – на Лукашэнку будзе моцны ціск ад Расеі і Кітаю. Але ці пойдуць на такое іншыя краіны, суразмоўца не ведае.

Hавiны
Ціханоўская заклікае партнёраў адрэагаваць на масавыя затрыманні ў Беларусі
2024.01.24 11:39

Алесь Наваборскі belsat.eu