500 дзён трывае паслявыбарчы крызіс у Беларусі. «Белсат» пераказвае галоўныя падзеі 23 снежня.
За адзін дзень адразу тры кепскія навіны пра беларускую службу радыё «Свабода». Раніцай стала вядома, што супраць зняволенага журналіста-фрылансера «Свабоды» Андрэя Кузнечыка распачалі крымінальную справу, днём – што інтэрнэт-рэсурсы выдання назвалі «экстрэмісцкім фармаваннем», вечарам – што затрымалі журналіста «Свабоды» Алега Груздзіловіча, кінулі ў «Валадарку» праз крымінальную справу за «масавыя беспарадкі».
Палітычныя затрыманні, арышты і суды ў Беларусі не спыняюцца ні на дзень. За 23 снежня плюс восем чалавек, прызнаных палітвязнямі, і мінус адзін палітвязень – праз сканчэнне тэрміну зняволення. Але часам бывае і «агонь па сваіх»: ДАІ затрымала п’янага кіроўцу і зрабіла з ім «пакаяннае відэа», а той быў у майцы фанатаў Лукашэнкі – аказалася, гэта кантрабасіст, які сапраўды такія майкі любіць. А бывае і так, што на рэжым Лукашэнкі падаюць заяву ў пракуратуру (праўда, польскую).
«Белсат» зноў палічыў «Індэкс аліўе». Навіны кепскія: інфляцыя ў Беларусі б’е па найбольш бедных. А па рэжыме Лукашэнкі новымі санкцыямі ад сёння б’юць яшчэ 7 еўрапейскіх краінаў, у ліку якіх Сербія.
У справах «паглыблення інтэграцыі» ці то адбываецца спроба змагання з зацягваннем працэсу, ці то паспяховае паглыбленне зацягвання. Пуцін заклікаў «сінхранізаваць» эканамічнае заканадаўства Беларусі і Расеі і ўхваліў «цяжкавіка» на пасаду амбасадара. Але каб выканаць праграмы «паглыблення інтэграцыі», трэба будзе прыняць 300-400 законаў, а на гэта можа сысці яшчэ дзесяцігоддзе. Беларускія ўлады анансавалі, што пакажуць праект зменаў у Канстытуцыю, але Лукашэнка адклаў гэта яшчэ на пару дзён.
У Беларусі тым часам выпусцілі вопытную серыю расейскіх вакцын «Спутник V» і «Спутник Лайт» і атрымалі яшчэ мільён кітайскіх вакцынаў. Пра ўжыванне заходніх пакуль толькі ходзяць чуткі.
АА belsat.eu