Борыс Джонсан пастанавіў не выстаўляць сваёй кандыдатуры на прэм’ера


Экс-прэм’ера Борыса Джонсана называлі адным з фаварытаў выбараў новага лідара Кансерватыўнай партыі Вялікай Брытаніі і, адпаведна, наступнага прэм’ера пасля сыходу Ліз Трас. Але вечарам 23 кастрычніка Джонсан абвясціў, што не будзе балатавацца, піша Бі-Бі-Сі.

Архіўнае фота. Борыс Джонсан на пасадзе прэм’ер-міністра.
Фота: Boris Johnson / Twitter

Борыс Джонсан сказаў, што «было б проста няправільна» балатавацца ў такія часы, калі «немагчыма эфектыўна кіраваць, пакуль маеш раз’яднаную партыю ў парламенце». Ён паабяцаў прынесці кансерватарам перамогу на парламенцкіх выбарах 2024 года – і тады ўжо вярнуцца ў дом № 10 на Даўнінг-стрыт.

Ён таксама заявіў, што заручыўся падтрыманнем 102 дэпутатаў-кансерватараў пры неабходных для вылучэння 100. Але Бі-Бі-Сі ўдалося пацвердзіць толькі 57 дэпутатаў, якія падтрымалі б Джонсана.

Прэм’ер-міністарка Злучанага Каралеўства Ліз Трас падала ў адстаўку 20 лістапада, прабыўшы на пасадзе рэкордна кароткі тэрмін: 44 дні. Яна анансавала новыя выбары цягам тыдня з гэтай заявы. Выбары будуць ненаўпроставымі і ўсеагульнымі: Кансерватыўная партыя, якая цяпер ва ўладзе ў Вялікай Брытаніі, будзе выбіраць сабе новага лідара, які і зробіцца наступным прэм’ерам.

З сыходам Джонсана з гонкі застаюцца, імаверна, толькі два кандыдаты: лідарка Палаты грамадаў і лорд-старшыня Рады Пэні Мордант і былы міністр фінансаў Рышы Сунак. Іншыя асобы могуць выставіць кандыдатуры да 14:00 24 кастрычніка. Цягам тыдня шараговыя чальцы Кансерватыўнай партыі (іх звыш 172 тысяч) выбіраюць між двума кандыдатамі на онлайн-галасаванні.

Кандыдатура Джонсана была спрэчнаю: ён сышоў з пасады прэм’ера праз скандалы з вечарынамі ў часе локдаўну і аднапартыйцам, якога абвінавацілі ў сексуальных дамаганнях да мужчынаў. Да таго ж ён быў вельмі папулярны сярод чальцоў сваёй партыі, але непапулярны сярод астатніх брытанцаў. Ягонае перавыбранне прэм’ерам і лідарам партыі магло прынесці раскол у Кансерватыўную партыю.

У момант, калі ні ён, ні Сунак яшчэ не заявіў пра свой удзел ці няўдзел у выбарах, пайшлі чуткі, што яны дамовіліся на такую схему: Сунак ідзе на прэм’ера і прапануе Джонсану пасаду міністра замежных справаў.

Hавiны
У Брытаніі прыдумалі, як вярнуць Джонсана ва ўладу і не раскалоць кансерватараў
2022.10.23 21:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў