Містычная Купальская ноч. Афіша падзеяў


Адно з найбольш старажытных шанаваных і ўлюбёных святаў беларусаў. Нашыя продкі верылі, што ў гэтую ноч можна было пры дапамозе варажбы вызначыць сваю будучыню, а самае галоўнае – знайсці папараць-кветку, якая даруе яе ўладальніку звышнатуральныя здольнасці.

Хлопец з дзяўчынай скочуць цераз вогнішча падчас святкавання Купалля. Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2021 года.
Фота: «Белсат»

У ноч на 24 чэрвеня ці на 7 ліпеня?

«Купала – палавіну дня атарвала», – казалі нашыя продкі, адзначаючы свята летняга сонцавароту (21–22 чэрвеня), якое, паводле народнага календара, прыпадала на ноч з 23 на 24 чэрвеня. Але ж найбольш пашыранае ў Беларусі святкаванне Купалля – у ноч з 6 на 7 ліпеня, што ўзнікла праз яго прывязку да хрысціянскага свята Яна Хрысціцеля (Прадцечы) і змены календара з юліянскага на грыгарыянскі. Таму не здзіўляйцеся, што Купалле, як і шэраг іншых святаў у Беларусі, могуць адзначаць двойчы.

Што такое Купалле?

Купалле – традыцыйнае для ўсіх індаеўрапейскіх народаў свята, ад Брытанскіх астравоў і да Расеі ўключна. Толькі назва яго на пераважнай частцы Еўропы звязаная з наступным за Купаллем хрысціянскім святам – у гонар святога Яна Хрысціцеля (Прадцечы).

Hавiны
Купалле. 10 пытанняў, адказаў на якія вы маглі не ведаць
2022.07.06 13:50

Гэтае свята часта згадвалася ў летапісах, напрыклад у 1262 годзе ў Іпацьеўскім летапісе, дзе яно названае ў адным шэрагу з Літвой і вялікім князем Міндоўгам.

Назву «Купалле» выводзяць то ад слова «куп» (грамада людзей), то ад перакладу старажытнагрэцкага слова «бапцістос» як «купель», але найперш ад старажытнаславянскага слова «купа» ці «купець», што значыла гарэць, а магчыма, усё значна прасцей: Купалле – ад купацца.

Нягледзячы на тое, што з прыходам хрысціянства Купалле дапасавалі да свята святога Яна Прадцечы, гэта бадай адзінае нашае свята, якое захавала свой паганскі змест.

Вянкі на вадзе падчас святкавання старажытнага народнага свята Купалле. Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2021 года.
Фота: «Белсат»

Купалле 200 гадоў таму

Вось як у 1807 годзе Купалле ладзілася ў вёсцы Губіншчына (сёння ў Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці): «Напярэдадні свята Святога Яна, якое ладзіцца 24 чэрвеня, вечарам пасля захаду сонца ў абраным для гэтага месцы ўкопваюць у зямлю вялікі кол, які абкладаюць вакол галлём і саломаю ды даверху кола раўнамерна прывязваюць вялікі пук саломы. Гэты касцёр называецца купала. Увечары запальваюць яго, і ў гэты час з’яўляецца шмат сялянаў абодвух палоў, упрыгожаных вянкамі ды якія маюць у руках бярозавыя галінкі, якія яны кідаюць у вогнішча, прыгаворваючы: «Каб мой лён быў так вялікі, як гэтая фарасшына».

Калі вогнішча згарала да паловы, нежанатыя мужчыны пачыналі дзыгаць праз агонь, а таксама ладзіліся разнастайныя варожбы, а беларусы верылі, што разнастайныя абрады дапамагаюць у змаганні з нячыстай сілаю. Пры гэтым аўтарка апісання М. Чарноўская заўважала, што «не толькі сяляне, але і многія жыхары Беларусі вышэйшага стану вераць гэтым бязглуздасцям».

Hавiны
Як беларусы праганялі нячыстую сілу і святкавалі Купалле ў Вільні
2022.07.03 00:32

Святочнае вогнішча

Купалле суправаджалася раскладваннем вогнішчаў, звычайна побач з азёрамі або рэкамі, але здараліся і выключэнні, як у вёсцы Гаране Гарадоцкага раёну, дзе вогнішча разводзілі пасля захаду сонца на скрыжаванні дарог – месцы збору нячысцікаў. Акурат нячыстую сілу і павінен быў адагнаць ад паселішча купальскі агонь.

Тут ставілі на вялікім калу прымацаванае кола, якое падпальвалі, каб было далёка відаць святло ад яго, ды пачыналі спальваць старыя непатрэбныя ці зламаныя рэчы, якія назбіраліся цягам года.

На Віцебшчыне, напрыклад, быў папулярны абрад спалення старызны, калі маладыя хлопцы на стары занядбаны «злыднеўскі воз» збіралі ўсю непатрэбшчыну, якая назапасілася ў вёсцы ды яе ваколіцах. У воз запрагалі самую нямоглую кабылу. Яна цягнула воз у мясцовасць, якую рэдка наведвалі вяскоўцы. Тут сабранае смецце падпальвалася разам з конскай збруяй, а вось кабылу, якая цягнула воз, вельмі добра намагаліся пакарміць. Такім чынам вяскоўцы быццам бы спальвалі «вясковую галечу» і яе галоўных вінаватых – ведзьмакоў ды чарадзеяў.

Побач з галоўным вогнішчам на беразе вадаёмаў ладзілася агульная вячэра, пасля якой спяваліся купальскія песні, вадзіліся карагоды, ладзіліся гульні, дзыганне праз вогнішча. На вогнішчы ж палілі чучала, насаджанае на палку, а пасля шукалі папараць-кветку, якая зацвітае ў купальскую ноч.

Беларусы Варшавы адсвяткавалі Купалле. Арганізатарамі падзеі былі Беларускі хор у Варшаве і Інстытут беларускай культуры. Адзначыць свята на беразе Віслы прыйшлі дзясяткі беларусаў самых розных узростаў. Варшава, Польшча. 26 чэрвеня 2021 года.
Фота: Саша Альтэр / «Белсат»

Варажба

Купалле – гэта свята моцы, калі нават зёлкі набіраюць сваю лекавую сілу і таму іх варта збіраць менавіта ў гэты дзень. Апроч таго, у гэты дзень выкарыстоўвалі розныя варожбы, накіраваныя на пошук суджанага і суджанай. Варажылі як пры дапамозе вянкоў, так і нават ранішняй расы, якой умываліся і прыгаворвалі: «Сасніся той, хто мне суджаны».

Дзяўчаты ў гэты дзень плялі вянкі з кветак і варажылі з імі на вадзе, каб знайсці будучага партнёра. Напрыклад, дзяўчына пляла некалькі вянкоў, якія пазначаліся як розныя хлопцы, якія цікавілі яе ці цікавіліся дзяўчынай. Адзін жа вяночак увасабляў саму дзяўчыну. Усе яны клаліся на ваду, прычым вянок-дзяўчына – у цэнтр, а вянкі-хлопцы – па кутах. А затым дзяўчына глядзела, які з вянкоў «сплывецца» з яе вяночкам.

Сёлета ў Варшаве ладзяцца два Купаллі – 24 чэрвеня і 1 ліпеня

«Беларускі вянок»

Калі: 24 чэрвеня, пачатак а 17:00

Дзе: Praska Plaża Miejska, Warszawa (уваход – з боку вуліцы Ратушовай)

Арганізатары: «Купалінка» і Цэнтр беларускай салідарнасці

Што будзе: канцэрт, танцы, пляценне вянкоў і пошук папараць-кветкі (ды новых сяброў), латарэя, фотасесія, конкурсы (у тым ліку на найлепшы нацыянальны строй). Абяцаюць нават вялікую ладдзю!

Арганізатары заклікаюць прыносіць з сабою лісце папараці і палявыя кветкі, а таксама захапіць пледы і зручны абутак.

Беларусы Варшавы адсвяткавалі Купалле. Варшава, Польшча. 26 чэрвеня 2021 года.
Фота: Саша Альтэр / «Белсат»

Такога яшчэ не было! 30 музыкаў на трох сцэнах

«Такога Купалля яшчэ дакладна не было: на музычным фэсце зможа пабавіцца і дзіцёнак, і начны госць тэхнасцэны. Агулам болей за 30 музыкаў зайграюць на Купаллі на трох сцэнах», – абяцае «Варушняк». І прапаноўвае насычаную праграму, у тым ліку з начным рэйвам.

«Купалле – гэта самая моцная сімвал-традыцыя беларускага грамадства і паганства. Гэта сімвал ачышчальнага агню. Усе мы стомленыя ад таго, што адбываецца. Заўсёды ёсць надзея, што вось яшчэ адзін цыкл скончыцца – і нешта новае адбудзецца. «Палі агонь усё, што баліць», – падзялілася адна з арганізатарак падзеі ўласным стаўленнем да свята.

Калі: 1 ліпеня, 18:00

Дзе: «Rejs Club», Piotra Bardowskiego 2A, Warszawa (вадасховішча ў Варшаве)

Што будзе: 30 музыкаў на трох канцэртавых сцэнах, у тым ліку начны рэйв. Купальскае вянчанне з Пятром Клюевым, свята агню і вады, тэрапія гукам, вялікі канцэрт гурта «Šuma», майстар-класы, дзіцячая пляцоўка, маркет.

Удзень будзе працаваць інтэрактыўная пляцоўка, дзе можна будзе згуляць у кўіз, схадзіць на піва з гісторыкам альбо на адкрыты занятак па польскім слэнгу. Руся будзе вучыць усіх ахвочых спяваць адну купальскую песню, якую ўдзельнікі пасля змогуць заспяваць разам з гуртом «Šuma» на канцэрце.

Малым дзецям намалююць на тварах розныя дызайны – аквагрым з беларускімі сімваламі. Праз гэтыя малюнкі дзетак хочуць пазнаёміць з традыцыйнымі для беларускай культуры і ідэнтычнасці ўзорамі ды з папараць-кветкай.

Старэйшыя дзеці змогуць далучыцца да вакальна-тэатральных дзеяў ад беларуска-грузінскай спявачкі Кетэван.

Мастачка Міла Котка будзе праводзіць жывы экалагічны майстар-клас з кветкамі ды лісцем – з усім, што дае нам прырода. Гэта будуць жывыя сімвалы, якія будзе разбураць вецер, а ўдзельнікі будуць збіраць іх наноў. Нібыта такая жывая маляванка.

Беларуская мастачка Kanva, якая працуе з саломкай, будзе рабіць майстар-клас для падлеткаў і дарослых.

Для малых гасцей таксама пакажуць «Прыгоды козачкі Зефіркі», дзеці змогуць таксама выразаць з паперы персанажаў і зрабіць хатні тэатрык.

Уваход за ахвяраванні ад 20 злотых: сродкі пойдуць на дапамогу рэпрэсаваным беларускім дзеячам культуры.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў