У Расеі затрымалі намесніка міністра абароны. Пра яго карупцыю раней распавядаў ФБК


Следчы камітэт Расеі паведаміў пра затрыманне намесніка міністра абароны РФ Цімура Іванова. Яго падазраюць у атрыманні хабару. Справа заведзеная паводле ч. 6 арт. 290 КК РФ.

Цімур Іваноў.
Фота: cska.ru

«Праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні», – адзначылі ў СК.

Паводле ТАСС, намеснік міністра абароны падазраецца ў атрыманні хабару не менш за 1 млн расейскіх рублёў (больш як 10 500 долараў). Яму пагражае да 15 гадоў калоніі.

Цімур Іваноў знаходзіўся на пасадзе намесніка міністра абароны РФ з траўня 2016 года. У Мінабароны ён адказваў за пытанні, звязаныя з будаўніцтвам. Іванаў сярод іншага быў адказны за будаўніцтва 16 шматфункцыянальных медычных цэнтраў Мінабароны для лячэння пацыентаў з COVID-19, курыраваў будаўніцтва храму ўзброеных сіл, пры гэтым захапляючыся формай і фуражкай Адольфа Гітлера. У прыватнасці, намеснік міністра абароны РФ называў іх «сапраўднымі рэліквіямі».

У 2019 годзе Іваноў узначаліў спіс найбагацейшых расейскіх сілавікоў паводле версіі «Forbes».

У снежні 2022 года апазіцыйны Фонд барацьбы з карупцыяй апублікаваў расследаванне пра шыкоўнае жыццё Іванова і ягонай жонкі. У тым ліку нерухомасць, арэнду яхт, куплю дарагога адзення і аксесуараў.

На фоне вайны ва Украіне Іваноў адказваў за аднаўленне акупаванага Марыупалю. Расследавальніцкі цэнтр «Досье» сцвярджаў, што чыноўнік нажывае асабісты капітал, у разы завышаючы каштарысы на дзяржаўныя будаўнічыя падрады для гораду.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў