«Улады хапаюць паветра перад утапленнем». Ці моцна ўдараць новыя санкцыі па «несяброўскіх» інвестарах?


Беларускі ўрад абмежаваў выплату прыбыткаў і дывідэндаў інвестарам з «несяброўскіх» краінаў. Гэта не першая такая захада супраць бізнесоўцаў, якія некалі рызыкнулі ўкласці грошы ў нашую эканоміку. Эксперты, з якімі паразмаўляў «Белсат», адзначаюць, што ўлады ў Менску дзеяць паводле прынцыпу «дзень прастаяць і ноч пратрымацца»: на кароткі час абмежаванні сапраўды могуць даць ім нейкі плён, аднак стратэгічна гэта шлях да тупіка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Чарговы «сюрпрыз» для інвестараў з «несяброўскіх» краінаў з’явіўся на Нацыянальным прававым партале. Пастанова ўрада забараняе выплату прыбыткаў і дывідэндаў без дазволу абласных выканкамаў або Менскага гарвыканкаму. І гэты дазвол можна атрымаць пры выкананні ўсіх гэтых умоваў:

  • дывідэнды не мусяць быць большымі за 50% ад сумы інвестыцыяў за апошнія пяць гадоў (не датычыць рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогіяў);
  • скарачэнне работнікаў не больш як на 30% год да года;
  • адсутнасць стратаў у папярэднім і бягучым годзе;
  • адсутнасць падатковай запазычанасці, пратэрмінаванай крэдытнай запазычанасці, любых бюджэтных запазычанасцяў;
  • своечасовая выплата заробкаў у кампаніі;
  • узровень намінальных заробкаў у кампаніі ў 3,5 разу вышэй за вызначаны мінімальны заробак у Беларусі (цяпер – не ніжэй за 2191 рубля), а ў кампаніях-рэзідэнтах ПВТ – у 11,5 разу вышэй (цяпер – не ніжэй за 7199 рублёў).

Дывідэнды або прыбытак, што не перавышаюць 80 тысячаў базавых велічыняў цягам года (цяпер гэта 3,2 млн рублёў), пад новае абмежаванне не трапляюць.

Паводле зацверджанай працэдуры, прыбытак, які не дазволяць аддаць інвестару, будзе пералічвацца на адмысловы банкаўскі рахунак і захоўвацца там да тае пары, пакуль абмежаванне не скасуюць. Пакуль вызначана, што гэтая захада будзе дзеяць да канца 2025 года.

Даведка

Несяброўскімі краінамі беларускія ўлады лічаць:

  • усе дзяржавы-чальцы ЕЗ,
  • Албанію,
  • Аўстралію,
  • Вялікую Брытанію,
  • ЗША,
  • Ісландыю,
  • Канаду,
  • Ліхтэнштэйн,
  • Нарвегію,
  • Новую Зеландыю,
  • Паўночную Македонію,
  • Чарнагорыю,
  • Швейцарыю.

Раней урад Беларусі павысіў падатак на прыбытак замежных кампаніяў з «несяброўскіх» краінаў, часткова прыпыніў удзел у пагадненнях аб падвойным падаткаабкладанні з шэрагам дзяржаваў, зацвердзіў спіс юрыдычных асобаў з замежным капіталам, якія нельга прадаваць.

«Новыя абмежаванні – своеасаблівы лагічны працяг», – канстатаваў у размове з «Белсатам» эканаміст і фінансіст Віталь Алейнік.

Эксперт прызнаў, што нейкі час контрсанкцыі сапраўды могуць працаваць на карысць уладаў і эканомікі. Кампаніі гвалтоўна прымушаюць рэінвеставаць у Беларусі замест вываду капіталу за мяжу, і гэтыя сумы ідуць у статыстыку інвестыцыяў, робячы лічбу прыгожай.

«Нейкія грошы інвестараў сапраўды вы захаваеце ў Беларусі, але такая сітуацыя накладвае такі адбітак, што тыя, хто нават і не ведаў пра рэпрэсіі, пра 2020 год, што Беларусь была фактычна ўцягнутая ў вайну ва Украіне, будуць бачыць: якія грошы можна заводзіць у краіну, калі ніякія прыбыткі адтуль нельга будзе атрымаць?» – заўважыў эканаміст.

Разбор
Контрсанкцыі і помста. Каму давядзецца плаціць болей праз змены ў падвойным падаткаабкладанні
2024.03.13 18:36

Ён параўнаў дзеянні ўлады з тапельцам, які спрабуе набраць паболей паветра ў лёгкія:

«Калі вы ныраеце ў ваду, як мага больш паветра хочаце ўтрымаць унутры сябе. Зразумела, што з цягам часу гэтае паветра ў вас папросту скончыцца, вам усё адно давядзецца вынырваць і прымаць нейкія іншыя захады. Пераседзець дзень, пратрымацца ноч – такім чынам будуецца і палітыка, і эканоміка ў Беларусі. Зразумела, што гэта не стратэгічны падыход для развіцця эканомікі».

Віталь Алейнік упэўнены, што шмат якія замежныя бізнесоўцы хочуць сабраць рэчы – і на выхад, і ў любых умовах паспрабуюць знайсці шчыліну, каб забраць з сабою заробленыя грошы:

«Калі вы будзеце працаваць фактычна ў такіх прыгонніцкіх умовах, то эфектыўнасць вашай працы будзе вельмі сумнеўнаю. Шмат які бізнес хацеў бы сысці. Калі глядзець у перспектыву, гэтыя бізнесы будуць шукаць нейкага выйсця: або закрывацца, або прадаваць долю, або нейкім чынам усё роўна выводзіць капітал».

Каментар
За вывад бізнесу з Беларусі могуць узяць да 100 % маёмасці. Кныровіч пра новую пастанову
2024.01.17 13:18

Іншы эканаміст, які паразмаўляў з «Белсатам» на ўмовах ананімнасці, адзначыў, што яшчэ адной мэтаю ўсіх абмежаванняў супраць «несяброўскіх» інвестараў можа быць прымус прадаваць бізнес «сябрам».

«Стымулюецца перадзел рынку: хочуць забраць актывы за нішто або прымусіць прадаць па кошце, значна ніжэйшым за рынкавы. Цяпер багата расейскіх пакупнікоў. Мяркую, гэта ў іхных інтарэсах», – сказаў эксперт.

Пры гэтым замежныя бізнесоўцы не гараць жаданнем губляць свае грошы, таму абіраюць тактыку «схавацца ў бульбу» і перачакаць.

«Інвестары не хочуць аддаваць актывы за нішто і сыходзіць. Імаверна, чакаюць нейкіх зменаў у палітыцы. Пастанова не дае забраць свае сумленна заробленыя грошы і стымулюе заганяць іх назад у эканоміку і такім чынам працягваць інвестыцыйны цыкл. Аднак гэта тактыка, але не стратэгія – гэта ўсё, што трэба ведаць пра дзеянні нашага ўрада», – падсумаваў суразмоўца «Белсату».

Бізнесовец, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце Аляксандр Кныровіч растлумачыў, што абмежавальная пастанова ўрада не закране вялікай колькасці фірмаў:

«Гэта датычыць вельмі невялікай колькасці кампаніяў, бо прыбытковых кампаніяў, якія маюць магчымасць пералічыць на дывідэнды каля $1 млн не так шмат».

Паводле нашага суразмоўцы, беларускія ўлады ў сваіх памкненнях прыціснуць «несяброўскі» бізнес, мусілі б адразу з забаронаю на продаж актываў абмяжоўваць і вывад дывідэндаў. Інвестары – не дурні, і ўжо ўсё, што маглі, вывелі:

«Было зразумела, што людзі, разумнейшыя за іх, будуць выводзіць грошы – праз дывідэнды, праз пазыкі, праз усе механізмы, пра якія добра ведаюць прадпрымальнікі. Тыя, хто ўсё зразумеў два гады таму, хто пастанавіў сыходзіць з Беларусі, ужо ўсё, што патрэбна, зрабілі».

Кныровіч таксама падкрэсліў, што ўрад закрыў не ўсе дзіркі, праз якія ўцякае капітал, і гульня ў кошкі-мышкі працягнецца.

«Засталося яшчэ багата магчымасцяў, і гэтая гульня працягваецца. Агулам гэта не ўплывае істотна на рынак, аднак робіць інвестклімат у Беларусі ўсё больш і больш небяспечным», – падсумаваў бізнесовец.

Аналітыка
«Спроба сілаю схіліць да кахання». Забарона інвестарам прадаваць свае акцыі – што гэта дасць Беларусі?
2022.07.05 17:35

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў