Паўторныя затрыманні і медычныя абмежаванні для зняволеных. Рэпрэсіі 23 красавіка


«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў у дачыненні да беларусаў з боку ўладаў, якія баяцца любой крытыкі ў свой бок і пераследуюць нават тых, хто ўжо стаў іх ахвярай раней.

СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. Менск, Беларусь.
Фота: Яндекс

У Берасці зноў судзяць за так званыя беспарадкі і ў межах «карагоднай справы», паведамляюць крыніцы «Белсату». Сілавікі не столькі шукаюць новых «злачынцаў», колькі затрымліваюць тых, хто ўжо адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю. Праваабаронцы папярэджваюць былых вязняў пра небяспеку.

Былога інспектара мытні Яўгена Гурыновіча з прычыны стану здароўя судзілі на «Валадарцы». Яго пачалі судзіць з былымі калегамі Уладзімірам Журомскім і Віктарам Новікам яшчэ ў кастрычніку 2023 года ў Менскім гарадскім судзе. Іх абвінавачвалі адразу па 11 складах злачынстваў, у ліку за «здраду дзяржаве». Пазней справу Гурыновіча вылучылі асобна, яе вялі ў СІЗА-1. Паводле праваабаронцаў, гэта звязана з праблемамі са здароўем палітвязня.

Крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК) у парадку спецыяльнага вядзення супраць былога палітзняволенага і праваабаронцы Леаніда Судаленкі накіравалі ў Гомельскі абласны суд для завочнага разгляду. Сутнасць абвінавачвання самому праваабаронцу да гэтага часу невядомая.

Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына пазбавілі перадач, паведаміла ягоная жонка Вольга. Таксама яна адзначыла, што цяпер, каб даслаць вітаміны ў турму ці калонію, неабходна атрымаць спецыяльны дазвол ад лекара медычнай часткі ўстановы. Раней такое правіла распаўсюджвалася толькі на неабходныя лекі: «Цяпер нават вітамін С нельга даслаць вязню без «рэкамендацыі медыка»».

Сілавікі затрымалі мужчыну, які ў жніўні 2020-га атрымаў раненне падчас акцыі ў Менску. Паводле якога артыкулу затрыманы мужчына і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.

Былога палітвязня Рамуальда Улана зноў судзілі за «распаўсюд экстрэмізму». Судовы працэс адбыўся 23 красавіка ў судзе Смаргонскага раёну. Ягоны вынік невядомы. Былы заснавальнік і выдавец «Новай газеты Смаргоні» ў студзені 2021 года быў асуджаны да 2,5 гадоў «хіміі». Пасля выхаду на волю Улана ўжо двойчы затрымлівалі.

Сілавікі затрымалі жыхара Гомля за каментары пра смерць берасцейскага міліцыянта Дзмітрыя Каравякоўскага. Таксама яго вінавацяць у тым, што ён распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы» у сацсетках.

Улады прызналі «экстрэмісцкай» буйную суполку ва «Укантакце» «АВТОРЫНОК БЕЛАРУСЬ», дзе прадаюць аўтамабілі. На суполку падпісана больш як 70 тысяч асобаў. У суполцы публікуюцца аб’явы людзей аб продажах аўтамабіляў. На аватарцы суполкі змешчаны фрагмент беларускіх аўтамабільных нумароў узору пачатку 1990-х гадоў з гербам «Пагоня».

Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі Telegram-каналы і чаты «Пацаны», «Общество воли и дела», Instagram старонкі «belarusdaily_org», «international_male_choir_unia», TikTok-старонкі «ПРЕССА», «SovsemBespalevaTV», «Паняверка», «Нашы Навiны», «практикующий врач», «Tatjana», «Папа Карло», «Пра Вiцебск\Вясна», «Ирина».

Інтэрв’ю
«За кратамі не дазваляюць пісаць, знішчаюць рукапісы». Таццяна Нядбай – пра лёс беларускай кнігі
2024.04.23 18:35

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў