Адзінагалосна! Абраны новы старшыня Беларускай федэрацыі футболу

Шэра, празаічна, ды яшчэ і дастаткова закрыта – 22 сакавіка адбылася падзея, якая мела б выглядаць больш святочна. Але ў цяперашняй сістэме стабільнага палітычнага кіравання выбары новых асобаў-выканаўцаў інтрыгі не вымагаюць. Шмат гадоў кандыдаты на тую ці іншую пасаду, якія маюць негалосны статус прызначэнцаў зверху, абавязкова перамагаюць. Тады як сярод выбарнікаў – суцэльныя бязвольнасць, бесхарактарнасць, беспрынцыповасць, абыякавасць і агульнае «одобрям-с».

Падчас галасавання наконт новага старшыні Беларускай федэрацыі футболу. Крыніца: abff.by
Даведка

Айчынная федэрацыя футболу, заснаваная ў 1989-м, у 1992 годзе прынятая ў ФІФА (Міжнародная федэрацыя футболу), а ў 1993-м – ва УЕФА (Звяз еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў). У чэрвені 2021 года УЕФА адхіліў Беларускую федэрацыю футболу ад правядзення любых мерапрыемстваў пад сваёй эгідай на тэрыторыі краіны. Пры гэтым беларускую зборную, у адрозненне ад расейскай, дапусцілі да кваліфікацыйнага турніру чэмпіянату Еўропы, што пройдзе ўлетку 2024 года ў Нямеччыне.

За ўвесь час яе існавання Беларускую федэрацыю футболу ачольваў усяго адзін абраны кіраўнік – Яўген Шунтаў быў старшынём арганізацыі з 1989 да 1999 года. Ён фактычна і адзіны, хто раней гуляў у футбол на сталай аснове. Шунтаў меў разрады не толькі ў футболе, але таксама ў лёгкай атлетыцы і лыжах, працаваў трэнерам юнацкіх камандаў, а пазней і настаўнікам зборных СССР і Беларусі.

Далей федэрацыяй кіравалі толькі прызначэнцы Аляксандра Лукашэнкі: Грыгорый Фёдараў (1999–2003), Генадзь Нявыглас (2003–2011), Сяргей Румас (2011–2019), Уладзімір Базанаў (2019–2023).

Дарэчы, Базанаў таксама ўдзельнічаў у цяперашніх выбарах. Ён быў вылучаны кандыдатам ад Менскай гарадской федэрацыі футболу.

Калі Базанаў, абіраючыся на пасаду кіраўніка федэрацыі ў 2019 годзе, меў хаця б непасрэдны кантакт з футболам (амаль два з паловай гады працаваў старшынём праўлення ФК «Дынама» (Берасце), то ягоны пераемнік надта далёкі ад гэтага.

Разбор
Зборная Беларусі па футболе – праблема для УЕФА
2022.12.25 18:42

«Гіравік-жывёлагадовец»

Новы кіраўнік Беларускай федэрацыі футболу Мікалай Шарснёў, абраны на гэтую пасаду 22 сакавіка,  – аграрый, дакладней, як заўважыла Tribuna – «гіравік-жывёлагадовец». Апошні раз ён гуляў у футбол яшчэ студэнтам напрыканцы 1970-х – на пачатку 1980-х гадоў, калі вучыўся на зааінжынерным факультэце Віцебскай дзяржаўнай Акадэміі ветэрынарнай медыцыны на спецыяльнасці «Заатэхніка».

Новы кіраўнік Беларускай федэрацыі футболу Мікалай Шарснёў. Крыніца: abff.by

Што да працы, то пасля заканчэння ВНУ ў розныя гады працаваў на роднай Аршаншчыне старшынём калгасу, галоўным заатэхнікам, кіраўніком вытворча-гаспадарчай фірмы. Быў нават двойчы пераможцам «Дажынак», а пазней пайшоў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Менскага райвыканкаму, потым – дырэктарам прыватнага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства ў сталічным раёне, затым яго некалькі разоў кідалі на птушкагадоўлю (быў генеральным дырэктарам «Белптушкапрам», «Менскаблптушкапрам», «1-й Менскай птушкафабрыкі»).

У верасні 2014 года Лукашэнка вярнуў яго на Віцебшчыну, прызначыўшы галоўным інспектарам у вобласці, а напрыканцы 2014-га Мікалай Шарснёў быў прызначаны старшынём Віцебскага аблвыканкаму. На гэтай пасадзе адпрацаваў даволі шмат часу, але амаль праз сем гадоў усё ж быў выпраўлены ў адстаўку. Таксама ў гэты перыяд быў прызначаны чальцом Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Далей «чалавеку сістэмы» знайшлі пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення інвестыцыйна-вытворчай дзейнасці і адміністрацыйна-гаспадарчых пытанняў Нацыянальнай Акадэміі навук.

Дык а спорт пры чым, запытаецеся вы. А я вам адкажу, як любіў у рэпартажах размаўляць з уяўнымі гледачамі спартовы каментатар Уладзімір Навіцкі. Мікалай Шарснёў рэгулярна ўдзельнічае ў спаборніцтвах выціску штангі ў пазіцыі лежачы і ў падыманні гіраў. Быў рэкардсменам Беларусі і нават пераможцам гарадзенскага чэмпіянату свету ў сферы масавага гіравога спорту. Тут ён паказаў найлепшы вынік, штурхаючы 32-кілаграмовую гіру падчас выступу ў камандавай эстафеце.

Дык а футбол пры чым, зноў запытаецеся вы. Тут я ўжо вам не адкажу. 62-гадовы Мікалай Шарснёў называе сябе «футбольным абывацелем», а сама гульня для яго – усяго толькі «ўспаміны пра дзяцінства, калі ганялі мяч у школе і ў двары, а будучы студэнтам – і за роднае сельгаспрадпрыемства».

Усе 88 дэлегатаў «за»

Традыцыйна, цывілізаваныя выбары – гэта прадстаўленне ўсіх кандыдатаў з іхнымі праграмамі. Загадзя, каб быў час на абмеркаванне. Паводле Статуту Беларускай федэрацыі футболу, падаць дакументы на вылучэнне кандыдатам на пасаду старшыні федэрацыі трэба не пазней як за 20 дзён да справаздачна-выбарчай канферэнцыі. Зыходзячы з шчыраванняў спадара Шарснёва ў размовах з прадстаўнікамі праўладных сродкаў масавай інфармацыі, яго без яго ажанілі. Як, у якой форме, калі і ад каго канкрэтна кандыдат атрымаў прапанову вылучыцца на пасаду старшыні Беларускай федэрацыі футболу, застаецца таямніцай нават для прарэжымных СМІ.

З інтэрв’ю Мікалая Шарснёва вынікае, што ён сам аніякай ініцыятывы ў гэтым кірунку не прадпрымаў, але калі прапанавалі, прыйшлося пагадзіцца. Адрасам вылучэння была прызначаная Віцебская абласная федэрацыя футболу. Не вядома таксама, хто пісаў за Шарснёва праграму. Абсалютна відавочна, што не ён сам, бо, як прызнаецца ў адным з інтэрв’ю, называць яго футбольным экспертам «вядома, не зусім правільна».

Недахопы ў футболе ён бачыць як «звычайны абывацель» (заўважце, нават не як заўзятар). Але ці патрэбная тая праграма? Ці так ужо важна камусьці яе выслухоўваць, абмяркоўваць, раіцца наконт таго ці іншага кандыдата? Аказваецца – не. Нават тады, калі вырашаецца пытанне пра кіраўніка федэрацыі ў самым папулярным у свеце, але вельмі адсталым у Беларусі відзе спорту.

Гэтым разам ўсё было класічна, як і чатыры гады таму, калі абіралі Уладзіміра Базанава. Тады таксама было ўсяго два кандыдаты. Канкурэнцыю Базанаву складаў да гэтага генеральны сакратар федэрацыі Юрый Вяргейчык. Ён, праўда, зняў уласную кандыдатуру на карысць суперніка за два тыдні да выбараў. Урэшце за безальтэрнатыўнага пераможцу прагаласавалі 80 з 83 дэлегатаў.

На сёлетніх выбарах Базанаў адмовіўся ад удзелу ў выбарах соднямі раней, і Мікалай Шарснёў урачыста ўзышоў на трон адзінагалосным рашэннем. Усе 88 дэлегатаў «за».

Ягоным першым намеснікам стаў старшыня футбольнага клубу «Менск» 36-гадовы Андрэй Васілевіч, намеснікамі – былы сілавік Міхаіл Ботнікаў, які захаваў гэтую пасаду,  і цяпер ужо экс-старшыня Федэрацыі Уладзімір Базанаў.

Дарма што за гэтым цыркам назіралі бывалыя наменклатурнікі – міністр спорту Сяргей Кавальчук (які, уласна, і кіруе футболам апошні час, і менавіта з яго за гэты від спорту патрабуе тлумачэнняў галоўны Лукашэнка), а таксама непрызнаны прэзідэнт заблакаванага Нацыянальнага Алімпійскага камітэту Віктар Лукашэнка.

На гэтай імпрэзе прысутнічалі прадстаўнікі УЕФА і ФІФА. Якім чынам ім патлумачылі, што адбываецца (калі іх гэта напраўду цікавіла), засталося ў кулуарах.

Крыніца: abff.by

«Незалежныя» кіраўнікі і незразумелыя перспектывы

Чаму ў нас так лёгка ставяцца да такіх сур’ёзных пытанняў? Бо ад таго ці іншага «абранага» ў любой галіне кіраўніка абсалютна нічога не залежыць. Гэта значыць, не важна, адкуль той прыйшоў і ці ён хоць трохі ў тэме. Тым больш, у спорце, дзе Беларусь разам з Расеяй забаненая амаль усюды. Ды і беларускі футбол на мяжы развітання з міжнароднай супольнасцю. Адрозна ад Расеі, нашых прадстаўнікоў яшчэ пакінулі сярод удзельнікаў адборачнага турніру да чэмпіянату Еўропы, а клубы пакуль маюць магчымасць спадзявацца на ўдзел у еўракубкавых турнірах. Хіба што, нас пазбавілі магчымасці праводзіць гульні на сваёй тэрыторыі. Але ёсць вялікая верагоднасць, што зборная краіны не адгуляе ўсяго кваліфікацыйнага турніру, і членства Беларусі, як і Расейскага футбольнага звязу ва УЕФА і ФІФА, будзе прыпыненае.

Нагадаю, што ў Міжнародным спартовым арбітражным судзе надалей пыліцца справа апеляцыі Беларускага фонду спартовай салідарнасці да УЕФА, які не прыняў аніякіх мераў на выкладзеныя ў адмысловай справаздачы факты шматлікіх парушэнняў у Беларускай федэрацыі футболу і грубага ўмяшання дзяржавы ў справы гэтага віду спорту.

Рашэнне мае быць прынятае да 31 сакавіка, а тыдзень таму 104 дэпутаты Еўрапарламенту заклікалі прэзідэнта УЕФА Александэра Чэфэрына адхіліць зборную Беларусі ад удзелу ў кваліфікацыйных гульнях чэмпіянату Еўропы-2024 і выключыць яе з адборачнай групы I з-за жахлівай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне і з-за ўдзелу яе ў ганебнай вайне ва Украіне.

Яшчэ ў мінулым годзе спачатку футбольны клуб «Кёльн» у ліпені выказаў незадаволенасць тым, што разам з ім у Еўракубках удзельнічаюць клубы з Беларусі, якая стала суагрэсарам Расеі ў гэтай вайне, а ў верасні міністарка унутраных справаў Нямеччыны Нэнсі Фэзэр, якая адказвае і за развіццё спорту ў краіне, заявіла, што не жадае, каб у адборачным турніры да чэмпіянату Еўропы, які пройдзе ў ейнай краіне, удзельнічала зборная Беларусі, краіны-хаўрусніцы Расеі ўва ўсіх яе брудных справах.

Такім чынам, абсалютна не важна, хто ачоліў Беларускую федэрацыю футболу, альбо хто кіруе Міністэрствам спорту. Гэтым чарговым і абсалютна бессаромным спектаклем-фарсам сістэма загнала сябе яшчэ далей у кут, і гэта ніколі не зменіцца, пакуль у краіне таталітарны рэжым, які падпарадкаваў сабе ўсё, што толькі магчыма.

Інтэрв’ю
Аляксандр Апейкін: Беларускую каманду на Алімпіяду, магчыма, будзе збіраць Фонд спартовай салідарнасці
2023.02.28 11:15

belsat.eu

 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў